“Чамучкі” і мільён пытанняў

- 15:24Навіны рэгіёнаў

— Мы ў дзіцячым садку пайшлі на прагулку і ляпілі снегавіка. Я заўважыла, што ў рукавічках ручкам цёпла, а без іх — вельмі халодна. Я запытала ў выхавальніцы, адкуль у рукавічцы цяпло. А яна прапанавала разам знайсці адказ на гэтае пытанне, — так апісвае гісторыю стварэння свайго даследавання Аляксандра Сівакова, выхаванка ясляў-сада № 3 Любані. Прапанову выхавальніцы Аляксандра прыняла, і ў выніку атрымалася даследчая работа, якую дзяўчынка прадставіла ў фінале конкурсу “Я — даследчык”, як і яшчэ каля сотні маленькіх “чамучак”.

У гэтым годзе конкурс “Я — даследчык” святкуе юбілей —  мерапрыемства прайшло на Міншчыне дзясяты раз.

— Конкурс накіраваны на раскрыццё творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу дзяцей, падтрымку дзіцячай адоранасці, — расказвае дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі кадраў МАІРА Таццяна Міхайлаўна Нядвецкая. — Конкурсныя работы — гэта сумесныя дзіцяча-баць­коўскія даследаванні. Такая дзейнасць аб’яд­ноўвае сем’і. Таксама гэта вопыт абагульнення зробленай работы, прэзентацыі сябе. 

Спачатку юныя даследчыкі прадставілі свае работы на раённым этапе, потым лепшыя 169 даследванняў прайшлі завочны адбор абласнога этапу. У фінал трапілі 41 дашкольнік і 45 малодшых школьнікаў з розных куткоў Міншчыны. Таксама ўдзел у мерапрыемстве бралі ў якасці ганаровых гасцей дашкольнікі і малодшыя школьнікі з Латвіі.

Фінал абласнога конкурсу праводзіўся ў форме стэндавай абароны. Самыя маленькія ўдзельнікі — дашкольнікі — выступалі ў намінацыях  “Бюро знаходак”, “Мая Радзiма — Беларусь”, “Незвычайнае ў звычайным”, “Дзіця і прырода”. Школьнікі ж прадэманстравалі свае дасягненні ў намінацыях “Гуманітарныя веды”, “Прыродазнаўства (нежывая прырода)”, “Прыродазнаў­ства (жывая прырода)”, “Матэматыка, фізіка, тэхніка, робататэхніка”.

Работы ацэньвалі прафесары, дактары і кандыдаты навук з НІА, БДУ, БДПУ імя М.Танка, МАІРА. Кампетэнтнае журы маленькія вучоныя, як і штогод, здзіўлялі і радавалі не толькі сваёй дзіцячай непасрэднасцю, але і нестандартнасцю мыслення, выбарам тэмы, паглыбленнем у яе, уменнем весці дыялог. Яны цікавіліся, навошта сабаку хвост, чаму ў бонсцікаў такія імёны, чаму дзеці падаюць з каруселі, як нараджаюцца мультфільмы і чаму ў хакеі замарожваюць шайбу. Даследавалі камяні ў нырках, фітанцыды, няньютанаўскую вадкасць. Самі стваралі фарбы, цацкі, ядомы пластылін, робатаў, варылі незвычайнае варэнне, гатавалі ласункі для Снежнай Каралевы і рабілі яшчэ мноства неверагодных рэчаў.  

Уладальнікамі дыпломаў I ступені ў розных намінацыях сярод дашкольнікаў сталі: Кацярына Монід, выхаванка ясляў-сада № 35  Маладзечна; Васіль Каланчук, выхаванец Прылуцкага ясляў-сада Мінскага раёна; Кліменцій Басай, выхаванец Навасёлкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дзяржынскага раёна; Святлана Ніколенка, выхаванка ДЦРД “Расток” Мар’інай Горкі Пухавіцкага раёна.

Сярод малодшых школьнікаў у чатырох намінацыях журы прызнала пераможцамі Арцёма Валабуева, навучэнца гімназіі № 1 Любані; Ілью Лютарэвіча, навучэнца Прывольненскай СШ Мінскага раёна;  Дар’ю Цішчанка, вучаніцу сярэдняй школы № 3 Капыля; Максіма Сачука, які вучыцца ў сярэдняй школы № 3 Нясвіжа.

Нягледзячы на юны ўзрост канкурсантаў, работы, прадстаўленыя імі, даволі сур’ёзныя. У гэтым заслуга педагогаў, якія працуюць з маленькімі даследчыкамі. Многія вопытныя выхавальнікі і настаўнікі кажуць, што, аднойчы паспрабаваўшы займацца даследчай дзейнасцю з дзецьмі, спыніцца ўжо складана. Так, у ДЦРД пасёлка Энергетыкаў Дзяржынскага раёна даследчая дзейнасць ахапіла ўсю ўстанову, не займаюцца гэтым толькі дзеці ў яслях. Дарэчы, прадстаўнік менавіта згаданай установы стаў пераможцам першага абласнога конкурсу “Я — даследчык”. І выхаванцы цэнтра ніводнага конкурсу за 10 гадоў не прапусцілі. 

— У кожнай групе ў нашым цэнтры развіцця дзіцяці ёсць спецыяльны стэнд для даследаванняў. Тэмы для іх нараджаюцца кожны дзень у бясконцых дзіцячых пытаннях. Прыйшлі з вуліцы, знялі шапку, валасы падняліся ўгару, як антэны. Чаму? Мыем рукі, выслізнула мыла. Чаму? І такіх пытанняў безліч. Адказы на самыя цікавыя з іх шукаем усёй групай. А дапамагае нам у гэтым стэнд: знойдзеную ў розных крыніцах інфармацыю раскладваем па спецыяльных кішэнях, праводзім назіранні, калі трэба, доследы і эксперыменты. Праз пэўны час дастаём усё, што знайшлі, згадваем інфармацыю, абагульняем, аналізуем, робім высновы. Потым перахо­дзім да наступнай тэмы, — расказвае пра арганізацыю даследчай работы ў выхаванцаў ДЦРД пасёлка Энергетыкаў выхавальніца Ілона Леанідаўна Лапатко.

Зразумела, каб у дзяцей усё атрымалася, неабходна дапамога педагогаў. Ім трэба правільна накіраваць работу дзіцяці, каб яно авалодала неабходным інструментарыем і тэрмінамі, навучылася праводзіць эсперыменты, вылучаць гіпотэзы і рабіць высновы. Але ўсё гэта варта намаганняў, таму што для дзяцей такая работа не толькі цікавая, але і карысная. І яшчэ адзін немалаважны станоўчы вынік, які дае даследчая дзейнасць, — усталяванне больш цесных і даверлівых адносін з бацькамі як у дзяцей, так і ў педагогаў.

Дзіцячае даследаванне — гэта магчымасць спазнаваць свет. Гэта цікаў­насць, якая закладзена ў дзіцяці ад прыроды, накіраваная ў карыснае рэчышча. Маленькія “чамучкі” ўжо знайшлі адказы на мільён пытанняў. І яшчэ больш пытанняў паўстане перад імі. Так што наперадзе — мноства чароўных адкрыццяў. 

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.