Чарговыя дасягненні 49-й школы

- 16:52Навіны рэгіёнаў, Рознае

Калі б я была настаўніцай нямецкай мовы, я хацела б працаваць у гомельскай школе № 49. Калі б я яшчэ была вучаніцай, я хацела б вучыцца таксама ў гэтай школе. Тут створаны нейкі асаблівы настрой і існуе незвычайная сувязь паміж кіраўніцтвам, настаўнікамі і вучнямі. Ці не таму скарбонка дасягненняў школы няспынна папаўняецца?
На старонках нашай газеты ўжо расказвалася пра тое, што сярэдняя школа № 49 Гомеля ўключана ў прапанаваны нямецкім бокам Міжнародны праект пад назвай “Школы: партнёры будучыні”, а гэта значыць, што самыя старанныя вучні могуць здаць міжнародны экзамен на веданне нямецкай мовы і атрымаць дыпломы I ступені ўзроўняў А2 і В1. З таго часу, як установа адукацыі ўлілася ў міжнародны праект (а адбылося гэта два гады назад), 26 дзяцей атрымалі такія дыпломы. Нядаўна яшчэ 18 вучняў спрабавалі свае веды ў першым — пісьмовым — этапе міжнароднага экзамену на атрыманне дыплома.

Удалы эксперымент

Для авалодання навучэнцамі размоўнай нямецкай мовай у школе створаны ўсе ўмовы: ёсць шмат напрацовак, спецыяльная літаратура і аўдыязапісы, дасланыя ўстанове ў рамках праграмы, лінгафонны кабінет, настаўнікі, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку ў Інстытуце Гётэ ў Мінску, а таксама ў Германіі. Такім чынам, справа толькі за вучнямі, іх жаданнем вучыцца і пастаянна павышаць свой узровень.
З пачатку першага веснавога месяца жыццё ў школе стала яшчэ больш цікавым і разнастайным. Сюды завітала настаўнік-валанцёр з Германіі Марына Папоў, якая працуе пад эгідай ЮНЕ СКА. Маладая, пазітыўна настроеная, цікаўная, таленавітая і з мноствам ідэй, яна не дае школьнікам сумаваць. Знаёмячы дзяцей з нямецкай культурай, расказваючы ім пра інтарэсы нямецкіх равеснікаў і ўвогуле сучаснае жыццё жыхароў Германіі, Марына патрабуе зваротнай сувязі — хоча як мага больш даведацца ад школьнікаў пра беларускую культуру і беларусаў. Зразумела, размовы вядуцца выключна на нямецкай мове.
— Спачатку адчувалася нейкая скаванасць, дзеці спрабавалі гаварыць з Марынай па-руску, — расказвае настаўнік нямецкай мовы сярэдняй школы № 49 Дзяніс Ігаравіч Шынкевіч. — Але яна змагла абудзіць у нашых дзецях непадробны інтарэс, зацікавіць іх, і хутка яны прывыклі, цяпер з лёгкасцю пераходзяць на нямецкую мову.
Настаўніца-валанцёр працуе на ўроках у пары са школьным настаўнікам. Разам яны абмяркоўваюць, аб чым пойдзе гаворка на занятках, і 45 хвілін прысвячаюць выбранай тэме. Аповеды, прэзентацыі, пытанні і адказы — вось на чым будуюцца заняткі. Марына — нядаўняя выпускніца ўніверсітэта, і яе падыходы да выкладання нямецкай мовы вельмі сугучныя з падыходамі маладога настаўніка Д.І.Шынкевіча. Напрыклад, абодва шырока выкарыстоўваюць інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку skype, як магчымасць мець зносіны з носьбітамі мовы. Фільмы і прэзентацыі — таксама важная частка іх методыкі. Але, як лічыць Дзяніс Ігаравіч, новы выкладчык заўсёды прымушае вучняў страпянуцца, дастаць з хованкі нейкія забытыя словы і веды і дае магчымасць чуць іншы голас, інтанацыі, што мае вялікае значэнне для ўспрымання мовы на слых.
— Калі адзін выкладчык на працягу доўгага часу выкладае замежную мову, дзеці прывыкаюць да яго голасу і рэагуюць толькі на яго голас, што аказвае дрэнны ўплыў у сэнсе гутарковай мовы, — лічыць настаўнік.
Валанцёрская дзейнасць Марыны Папоў у Беларусі працягнецца 6 месяцаў. За гэты час яна мае намер здзейсніць мноства ідэй — канечне, разам з настаўнікамі і вучнямі школы. У найбліжэйшай перспектыве, напрыклад, пастаноўка мюзікла з вучнямі 8—10 класаў. Зразумела, на нямецкай мове.
— Я была прыемна здзіўлена тым узроўнем ведаў нямецкай мовы, які маюць дзеці гэтай школы, — прызнаецца настаўніца-валанцёр. — І я адразу зразумела, што знахо-джуся ў правільным месцы. Мы размаўляем па-нямецку, абмяркоўваем розныя праблемы і тэмы, я бачу непадробны інтарэс у вачах вучняў.

Перамогі ў Полацку і Оршы

Усяго ў школе працуе чатырнаццаць настаўнікаў-замежнікаў, і кожны з іх уносіць свой уклад у дасягненні навучальнай установы і яе вучняў. Сёлета на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды вучні сярэдняй школы № 49 паказалі, як можна палепшыць вынікі, калі старанна працаваць на працягу года. Дзяўчынкі прывезлі з Полацка, дзе праходзіў заключны этап алімпіяды па замежных мовах, тры перамогі. Дыпломы І ступені атрымалі адзінаццацікласніца Алена Варламава і вучаніца 9 класа Настасся Жыльнікава, якая, дарэчы, выступала на спаборніцтвах за 10 клас. Акрамя таго, Насця ўзнагароджана дыпломам “За высокі ўзровень валодання вуснай мовай”. Яшчэ адна навучэнка 11 класа — Злата Ганчарова — атрымала дыплом ІІІ ступені. У мінулы раз у Златы і Насці былі толькі пахвальныя водзывы, а ў Алены — дыплом ІІ ступені.
Дзяўчынкі прызнаюцца, што сапраўды шмат працавалі і вельмі сур’ёзна рыхтаваліся да алімпіяды.
— Вельмі добра, што Марына Папоў прыйшла да нас у сакавіку. Яна таксама паспела крыху з намі папрацаваць над падрыхтоўкай да ўдзелу ў алімпіядзе, — гавораць дзяўчынкі.
Добрыя вынікі ў школьнікаў і ў навукова-даследчай рабоце. Напрыклад, вучаніца 11 класа Дар’я Цалянчук проста “захварэла” даследаваннем нямецкіх прозвішчаў на Гомельшчыне. І калі першая яе работа была прысвечана непасрэдна іх паходжанню, то апошнія даследаванні накіраваны на вывучэнне гісторыі сем’яў з прозвішчамі нямецкага паходжання. На рэспубліканскім конкурсе ў Оршы сярод дваццаці іншых даследаванняў работа Дашы была адзначана дыпломам І ступені.
Дыплом ІІІ ступені атрымала навучэнка 10 класа Таццяна Чырык за работу “Англіцызмы ў рускай і нямецкай мовах”. Яна правяла цікавае параўнальнае даследаванне і высветліла, што англіцызмы сёння цесна ўкараняюцца не толькі ў рускую мову. Тое ж адбываецца і з нямецкай мовай.
— Вельмі радуюць дасягненні нашых вучняў, іх стараннасць і мэтанакіраванасць, — дзеліцца настаўніца нямецкай мовы Аксана Васільеўна Бадунова. — Адзначу, што з таго часу, як школа ўключылася ў міжнародны праект, у дзяцей абудзіўся інтарэс да вывучэння замежнай мовы. Яны бачаць рэальныя магчымасці для сябе, і гэта вельмі стымулюе. Я прыемна адзначаю для сябе, што многа дзяцей, якія раней былі слабыя ў нямецкай мове, за апошні час значна павысіла свой узровень.
Кіраўніцтва школы не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Ідэі нараджаюцца адна за адной, і тут жа пачынаецца работа па іх рэалізацыі.

 

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.