Чароўны свет сенсорнага пакоя

- 23:00Навіны рэгіёнаў

Нараджэнне дзіцяці — вялікая радасць у сям’і, а калі нараджаецца асаблівае дзіця — выпрабаванне даўжынёй у жыццё. Няўхільнае павелічэнне колькасці такіх дзяцей прымушае шукаць новыя падыходы да работы з імі.

У рамках сацыяльнага праекта “Свет без абмежаванняў: бачу, чую, адчуваю” ў нашым цэнтры быў створаны сенсорны пакой для стымулявання адчувальнасці ў дзяцей з аўтызмам, парушэннямі апорна-рухальнага апарату, сіндромам Даўна, маўленчымі парушэннямі і інш. Сенсорны пакой — гэта арганізаваная прастора, якая ўздзейнічае на органы пачуццяў: зрок, слых, дотык, нюх. Дзякуючы спе­цыяльным умовам, дзеці прыслухоўваюцца да сваіх адчуванняў, вучацца кантраляваць іх, пазнаюць навакольны свет.

У пакоі праводзяцца гульнявыя заняткі па развіцці адчувальнасці з выкарыстаннем спецыяльнага абсталявання. Тут дзеці адчуваюць сябе абароненымі, тут пануе станоўчы эмацыянальны фон, зніжаюцца трывожнасць і агрэсіўнасць, знімаюцца нервовая ўзбуджанасць і трывожнасць. У рабоце з дзецьмі педагогі ўлічваюць іх індывідуальныя асаблівасці, жаданне і гатоўнасць выконваць заданні.

У спецыяльна арганізаваным шматфункцыянальным асяроддзі выхаванцы атрымліваюць неабходныя светлавыя, колеравыя, гукавыя і тактыльныя стымулы. Пакой складаецца з інтэрактыўных зон. Так, тактыльнае асяроддзе дазваляе асвоіць новыя адчуванні і развіць тактыльную адчувальнасць, вучыць адрозніваць уласцівасці прадметаў і паляпшае зрокава-маторную каардынацыю. Манатонныя дзеянні на тактыльна-акустычнай панэлі заспакойваюць, вучаць успрымаць свае тактыльныя рухі зрокава ў адлюстраванай прасторы.

Хадзьба па сенсорнай дарожцы карысная для развіцця тактыльнага ўспрымання, каардынацыі рухаў і прафілактыкі плоскаступнёвасці. Гульнявы сухі басейн прызначаны для рэлаксацыі і актыўных гульняў. Так, лежачы ў ім, дзеці прымаюць індывідуальную позу, якая адпавядае стану мышачнага тонусу тулава і канечнасцей, і расслабляюцца.

Зрокавае і гукавое асяроддзе ўключае спакойную музыку і марудна зменлівыя расплывістыя светлавыя эфекты, якія таксама заспакойваюць і расслабляюць. Яркія і святлоаптычныя эфекты прыцягваюць і падтрымліваюць увагу.

Люстэркавы куток з бурбалкавай калонай аснашчаны мяккай платформай для зручнага сядзення. Бяспечнае вуглавое люстэрка стварае непаўторны аптычны эфект пашырэння прасторы.

Мяккае асяроддзе забяспечвае ўтульнасць, камфорт і бяспеку. Яго мэта — стварэнне ўмоў для рэлаксацыі і спакойнага стану.

Пуфік-крэсла з грануламі ў выглядзе грушы — ідэальная апора для тых, хто сядзіць, бо яна прымае форму ў адпаведнасці з выгінамі цела. Дзеці могуць легчы на жывот, падмяўшы пуфік пад сябе, абняць яго і расслабіць мышцы спіны. Паверхня пуфіка садзейнічае тактыльнай стымуляцыі частак цела, якія з ім судакранаюцца. Лёгкія полістырольныя гранулы, што напаўняюць пуфік, аказваюць прыемнае ўздзеянне, дапамагаюць расслабіцца за кошт лёгкага кропкавага масажу. Акрамя таго, паветраная прастора паміж грануламі забяспечвае вентыляцыю і сухое цяпло, прыемнае для цела.

Бязмежнымі магчымасцямі для адукацыйнай дзейнасці валодае пясочніца, якая свеціцца. У ёй можна маляваць, пісаць, хаваць што-небудзь і шукаць. Напрыклад, пакідаць сляды сваіх далоней, звяроў ці дзіўных істот. Тут можна проста адпачываць, перасыпаючы пясок з далоні ў далонь, што супакойвае і настройвае на пазітыўнае светаадчуванне. 

У незвычайным пакоі дзеці бачац­ь звыклыя свет і рэчы іншымі, чароўнымі. На занятках у гэтым пакоі педагогі выкарыстоўваюць элементы колеравай, пясочнай, музычнай, гульнявой і казачнай тэрапіі. Тут зручна право­дзіць практыкаванні на адрозненне эмацыянальных станаў, развіццё мімічных рухаў, навыкаў зносін, самарэгуляцыі, расслабленне, зняцце напружання, дыханне і інш.

Інеса АМЯЛЯШЧЫК,
дырэктар Пінскага раённага ЦКРНіР.