У назве конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія” галоўным і вызначальным словам з’яўляецца, безумоўна, фантазія. Бо толькі яна, бясконцая, дзівосная, неверагодная, здольна дапамагчы чалавеку стварыць тыя цуды, якія можна ўбачыць на конкурснай выставе.
Здаецца, што палёт фантазіі павінны стрымліваць умовы конкурсу, які прадугледжвае выкарыстанне прыродных матэрыялаў. Але, на дзіва, такое абмежаванне, быццам наадварот, дае стымул для творчасці і развівае ў чалавеку ўменне бачыць прыгажосць у звычайных рэчах. Аказваецца, цудоўны сімвал года — сабачка — можа атрымацца з калючак лопуху, навагодняе дрэва можна зрабіць з пер’я, а цацку — з круп. А таленавітыя дзеці здольны прыдумаць такое і многае іншае. Пераканацца ў гэтым можна было на выставе абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу-выставы “Лёд. Кветкі. Фантазія”, што прайшоў на базе Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінскага раёна.
На абласны этап конкурсу было прадстаўлена 213 работ навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах з устаноў агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўсіх раёнаў Міншчыны. Канкурсанты стваралі вырабы ў розных намінацыях: арт-аб’екты “І вот она нарядная…” і “Час танцуючых агеньчыкаў”, інтэр’ерныя работы “Фларыстычная калекцыя” і “Ламаючы стэрэатыпы”, фларыстычныя цацкі “Сімвал года”.
Конкурс праводзіцца ўжо даўно, і сёння гэта не проста творчае спаборніцтва, а сапраўдная развіццёвая творчая прастора.
— Мы ўжо шмат гадоў удзельнічаем у конкурсе, і кожны год ён дае нам новыя задачы і выклікі, — расказвае Тамара Анатольеўна Каляда, дырэктар слуцкага эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў. — Вельмі рады, што конкурс пашырае свае межы, і сёння ў ім актыўна ўдзельнічаюць не толькі выхаванцы эколага-біялагічных цэнтраў, але і навучэнцы агульнаадукацыйных устаноў. Гэта важна, таму што разам з гэтым распаўсюджваецца і экалагічная культура, фарміраванне якой і з’яўляецца галоўнай мэтай конкурсу. Хочацца адзначыць, што выставай конкурс не завяршаецца. Напрыклад, у нашым раёне па выніках конкурсу будуць праведзены вучэбныя семінары для педагогаў, чые выхаванцы ўдзельнічаюць у творчым спаборніцтве. Пасля падвядзення вынікаў заключнага этапу мы пазнаёмім педагогаў раёна з актуальнымі тэндэнцыямі, разбяром памылкі і абмяркуем новыя ідэі.
У хуткім часе лепшыя работы навучэнцаў Міншчыны будуць дапамагаць ствараць сапраўдную казачную атмасферу на заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу-выставы “Лёд. Кветкі. Фантазія”.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.