Cтудэнцкія пуцёўкі

- 9:00Актуально, Апошнія запісы

Рэспубліканскае адкрыццё трэцяга працоўнага семестра 2021 года адбылося ў Мінску на плошчы Дзяржаўнага сцяга і стала адным з цэнтральных мерапрыемстваў Тыдня моладзі. Тут сабралася больш за 700 байцоў студэнцкіх атрадаў БРСМ з усіх рэгіёнаў краіны. Асноўнай падзеяй урачыстасці стала ўручэнне працоўных пуцёвак кіраўнікам атрадаў розных праектаў.

Хлопцаў і дзяўчат вітаў намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь кі­раўнік рабочай групы па разглядзе пытанняў арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Беларусі Ігар Петрышэнка.

— Тое, што кожны ваш атрад носіць імя Героя Савецкага Саюза або ўдзельніка вайны, з’яўляецца сведчаннем памяці і павагі да тых, хто адстаяў свабоду і незалежнасць нашай роднай краіны, даў нам магчымасць жыць і працаваць пад мірным небам, — сказаў Ігар Віктаравіч. — Гэта таксама адказнасць для кожнага з вас — сваёй добрасумленнай працай рабіць нашу краіну яшчэ больш прыгожай і лепшай. Студатрадаўскі рух налічвае ў сваёй гісторыі больш за 55 гадоў. За  гэты час ён стаў часткай жыцця соцень тысяч хлопцаў і дзяўчат. Гэта добрая жыццёвая школа для кожнага студэнта і навучэнца, бясцэнны прафесійны вопыт, а таксама незабыўныя ўражанні, новыя знаёмствы, падарожжы.

І.В.Петрышэнка нагадаў, што старт працоўнаму семестру дадзены напярэдадні Дня моладзі і студэнцтва, які сёлета ўпершыню адзначаецца менавіта ў такім фармаце — і як Дзень моладзі, і як Дзень студэнцтва.

Першымі пуцёўкі атрымалі байцы зводнага студэнцкага атрада працоўнага праекта “Усебеларуская маладзёжная будоўля” “Горад маладосці” (будаўніцтва інфраструктуры Астраўца, работа на аб’ектах БелАЭС), зводнага студатрада маладзёжнага вытворчага праекта “Атлант-2021”. Зрэшты, любы праект, над якім працу­юць і яшчэ будуць працаваць студэнты, мае важнае значэнне. Так, педагагічныя атрады працуюць па месцах сваёй дыс­лакацыі ўжо амаль месяц.

— Разам з тым, сёння вельмі сімвалічны дзень, калі да работы масава падключаюцца студэнцкія атрады розных кірункаў: будаўнічыя, сельска­гаспадарчыя, сэрвісныя, медыцынскія, — патлумачыў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка, які ўручаў пуцёўку камандзіру аднаго з атрадаў. — Калі я вучыўся ў ВНУ, таксама былі студэнцкія атрады розных кірункаў, рух быў масавы. Напэўна, на постсавецкай прасторы мы адна з нямногіх краін, дзе не проста адра­дзілі студатрадаўскі рух, а надалі яму новае гучанне, новы фармат. Вы бачыце, што маладыя людзі ўспрымаюць гэта пазітыўна. Прынцыпова важна, што сёння мы выбудоўваем адносіны з нашымі найбліжэйшымі суседзямі — у прыватнасці, адзін са зводных атрадаў паедзе ў Расійскую Федэрацыю, дарэчы, на маю малую радзіму — у Кемераўскую вобласць. Хачу пажадаць усім поспехаў і, канечне, добрых уражанняў.

Святочная праграма таксама падарыла студэнтам нямала яркіх эмоцый, бо ўключала спартыўныя, канцэртныя праграмы, нават чэмпіянат па зборы пазлаў.

Бягучы год, прынамсі, стаў рэкордным па колькасці жадаючых працаўладкавацца ў студатрады: заяўкі на работу ў атрады розных профіляў падалі больш за 29 тысяч чалавек. Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ заключыў больш за 1100 дагавораў на працаўладкаванне 17 400 з лішкам чалавек. У рамках круглагадовай працоўнай занятасці са студзеня 2021 года ў скла­дзе 403 атрадаў працаўладкавана больш чым 5500 чалавек.

З пачатку чэрвеня на базе Усерасійскага дзіцячага цэнтра “Арляня” працуе расійска-беларускі студэнцкі атрад, у склад якога ўваходзяць педагагічны атрад з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава і два зводныя сэрвісныя атрады з Віцебскай і Гомельскай абласцей. У рамках пагаднення паміж БРСМ і Агульнарасійскай маладзёжнай грамадскай арганізацыяй “Мабільныя кадры Расіі” рэалізуецца працоўны праект па рэканструкцыі аўтамагістралей М1 і М12 на тэрыторыі Расіі. Таксама згодна з пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж БРСМ і “Беллегпрамам” на прадпрыемствах канцэрна будуць працаваць 200 студатрадаўцаў, як і на мностве іншых аб’ектаў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота БЕЛТА.