Да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

15 лютага ў нашай школе прайшла сустрэча, прысвечаная Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Мы вечна будзем памятаць пра ўсіх, хто загінуў на гэтай вайне, і з павагай адносіцца да герояў, якія перажылі тыя страшныя падзеі.
На нашай сустрэчы прысутнічалі Рыгор Аляксандравіч Русы, Мікалай Іванавіч Сулкоўскі, Марыя Паўлаўна Санец — матуля нашага аднавяскоўца, які загінуў у Афганістане. Гучалі словы падзякі і ў гонар Пятра Мікалаевіча Пашэвіча. Яны кожны год у гэты дзень наведваюць нашу школу, а настаўнікі і дзеці з задавальненнем чакаюць іх, ахвотна і старанна рыхтуючыся да сустрэчы.
Для нашых гасцей была падрыхтавана невялікая праграма. Гучалі песні, вершы, прысвечаныя гэтаму святу. А потым усе дружна сабраліся за сталом, каб пачаставацца гарбатай. Афганцы ўспаміналі сваіх таварышаў па службе, а матуля Сяргея Санца згадвала пра свайго сына.
Дзякуючы ўсім прысутным, сустрэча адбылася цёплай і душэўнай. Яна зноў напомніла нам, хто мы, дзеля чаго жывем, якімі якасцямі павінны валодаць, каб Людзьмі звацца.

Анжаліка СЕРГЕЕВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
педагог-арганізатар Верасніцкай сярэдняй школы.