Да міжнароднай дружбы праз фестываль

У Беларуска-Расійскім універсітэце адбыўся чарговы фестываль творчасці замежных студэнтаў “Дружба народаў”.

Вось ужо на працягу дзевяці гадоў гэты фэст спрыяе пашырэнню міжнародных маладзёжных сувязей, умацаванню ідэй міру, дружбы, узаемаразумення і культурна-духоўнага супрацоўніцтва паміж беларускімі і замежнымі студэнтамі. Зносіны ў нефармальнай абстаноўцы дазваляюць моладзі лепш спазнаць культуру і звычаі сяброўскіх краін. Не дзіўна, што цікавасць да фестывалю з кожным годам толькі ўзрастае.
Сёлета фэст сабраў разам больш за сто дваццаць таленавітых маладых людзей з 11 УВА Мінска, Магілёва, Віцебска, Гомеля і Горак. Удзельнікі прадстаўлялі чатырнаццаць краін: Туркменістан, Кітай, Гану, Ірак, Іран, Ліван, Марока, Манголію, Нігерыю, Расію, Шры-Ланку, Сірыю, Таджыкістан, Азербайджан.Свае творчыя таленты канкурсанты дэманстравалі на працягу двух дзён. Спачатку было наладжана нешта накшталт праслухоўвання, на якім магчымасць прадэманстраваць падрыхтаваны нумар атрымалі ўсе. Па выніках гэтага кастынгу былі вызначаны студэнты, якія атрымалі права стаць удзельнікамі гала-канцэрта. Дарэчы, ён атрымаўся выдатным. Гэтаму шмат у чым паспрыяла разнастайнасць прадстаўленых нумароў. Кожны ўдзельнік фэсту змог праявіць сябе. Адны палымяна танцавалі, другія душэўна спявалі, трэція віртуозна ігралі на нацыянальных інструментах, а некаторыя здзівілі прысутных выдатным веданнем беларускай мовы.
Падчас цырымоніі ўзнагароджання начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Уладзімір Шапуроў адзначыў, што сёння ў беларускіх УВА навучаецца каля 20 тысяч замежных студэнтаў з амаль ста краін свету.
— Падобныя мерапрыемствы даюць магчымасць студэнтам-замежнікам не толькі прадэманстраваць веды, але і паказаць свае творчыя таленты, — падкрэсліў Уладзімір Леанідавіч, выказваючы падзяку Беларуска-Расійскаму ўніверсітэту за такі патрэбны фестываль.
Што ж датычыцца пераможцаў, то ў намінацыі “Эстрадны вакал. Саліст-вакаліст” першага месца ўдастоены прадстаўнік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Нань Нань. Лепшымі сярод чытальнікаў сталі студэнт Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі Фарух Мухтараў і студэнтка Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Агултыла Джумаева. У намінацыі “Інструментальная творчасць” не было роўных групе туркменскіх народных інструментаў “Маргуш” з Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Пераможныя дыпломы ў намінацыі “Акадэмічны вакал. Сола” атрымалі прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Берэфаха Майкл Перэкемэ і Тулаха Тамара Унбібі. Перамогу сярод рэпераў атрымаў студэнт Віцебскай дзяржаўнай ордэна “Знак пашаны” акадэміі ветэрынарнай медыцыны Гуванч Мырадаў. У намінацыі “Народны танец” пераможцамі прызнаны група студэнтаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і студэнт Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта Марзука Махамеда Мубашыра. Лепшыя сучасныя танцавальныя праграмы таксама прадэманстравалі прадстаўнікі Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта: група Mixfeeds і саліст Эбінум Чуквудзі Эмануэл. Сярод каманд КВЗ не было роўных студэнтам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. А вось уладальнікамі гран-пры фестывалю стала група “Галасы свету” з Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.