Да поспеху — сістэмнай падрыхтоўкай

- 10:45Якасць адукацыі

Адораныя навучэнцы Магілёўшчыны на гэтым тыдні атрымалі магчымасць на справе прадэманстраваць свае веды і таленты. У вобласці адбыўся трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Пераможцы абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы.

Сёлета ў абласным этапе алімпіяды прымалі ўдзел больш за 900 школьнікаў, навучэнцаў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія сталі пераможцамі раённых этапаў. Навучэнцы спаборнічалі за званне лепшага па васямнаццаці вучэбных дысцыплінах: матэматыцы, рускай і беларускай мовах і літаратурах, хіміі, фізіцы і астраноміі, працоўным навучанні, геаграфіі, гісторыі, грамадазнаўстве, біялогіі, замежных мовах і інфарматыцы.

Як адзначыў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама І.Г.Лашкевіч, навучэнцы рэгіёна праяўляюць належную стараннасць у вучобе. Пра гэта найлепш сведчыць станоўчая тэндэнцыя заваявання імі пераможных дыпломаў, коль­касць якіх дазваляе вобласці з году ў год займаць годныя пазіцыі ў алімпіядным рэйтынгу.

— У нас ёсць добры адукацыйны патэнцыял. У Прыдняпроўскім краі шмат як таленавітых педагогаў, так і таленавітых вучняў. Менавіта гэты стратэгічны запас, а таксама эфектыўна выбудаваная сістэма падрыхтоўкі дазваляе стабільна дэманстраваць добрыя вынікі ў рэспубліканскай алімпіядзе, — паведаміў Ігар Генадзевіч.

Па вобласці сапраўды склалася станоўчая сістэма работы па выяўленні і развіцці здольнасцей навучэнцаў. Прычым асаблівы ўпор у ёй зроблены менавіта на развіццё алімпіяднага руху.

— Сёння гэтая сістэма ўяўляе сабой прапрацаваны на ўсіх узроўнях механізм, у аснове якога — настаўнік і акцэнт на асобу дзіцяці. Праца пачынаецца з выяўлення педагогамі здольных навучэнцаў. Яны ўдзельнічаюць у малышковых алімпіядах, якія арганізуе абласны інстытут развіцця адукацыі, унутрыўстановачных алімпіядах, якія праводзяць абласныя ліцэі. Непасрэдна ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе таксама папярэднічае істотная падрыхтоўчая работа, якая першасна ажыццяўляецца канкрэтнымі настаўнікамі на месцах. Пасля дадатковая падрыхтоўка вядзецца на базе апорных устаноў адукацыі. Там з адоранымі вучнямі працуюць лепшыя педагогі вобласці, — падкрэсліў І.Г.Лашкевіч.

Паводле яго слоў, да падрыхтоўчай работы далучаны і прафесарска-выкладчыцкі склад устаноў вышэйшай адукацыі. Дарэчы, зараз узаемадзеянне з УВА ў гэтым кірунку выйшла на новы ўзровень. На базе вышэйшых навучальных устаноў адбыліся практычныя туры па шэрагу вучэбных прадметаў.

— Навучэнцы рашалі алімпіядныя заданні з выкарыстаннем самага сучаснага абсталявання. Такое супрацоўніцтва з УВА но­сіць яшчэ і прафарыентацыйны характар. Пасля заканчэння тураў падлеткі знаёміліся з перспектывамі навучання ў рэгіянальных універсітэтах, — заўважыў Ігар Генадзевіч.

Адметна, што ўдзельнікаў алімпіяды чакала не толькі інтэ­лектуальная барацьба. Для іх таксама была распрацавана разнастайная праграма правядзення вольнага часу. Для адпачынку яны наведвалі спартыўныя залы, бібліятэкі, камп’ютарныя класы навучальных устаноў.

Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды прызавыя дыпломы атрымалі звыш 400 навучэнцаў. Некаторыя пераможцы прадэманстравалі адметныя вынікі. Напрыклад, уладальнік дыплома І ступені алімпіяды па хіміі навучэнец 10 класа гімназіі № 2 Бабруйска Глеб Баравой набраў 97 балаў са 100 магчымых. Да максімуму магчымых балаў наблізіўся і вучань 8 класа сярэдняй школы № 11 Магілёва Генры Кухарэнка, які выступаў на алімпіядзе па французскай мове.

На алімпіядзе па геаграфіі вызначылася вучаніца 7 класа сярэдняй школы № 37 Магілёва Вольга Казанцава. Дзяўчынка заваявала дыплом ІІ ступені, але за перамогу спаборнічала з дзевяцікласнікамі і для свайго ўзросту паказала ўнікальны вынік. Значны вынік прадэманстраваў таксама пераможца алімпіяды па астраноміі навучэнец 10 класа Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Уладзімір Грамыка. Хлопец узяў дыплом І ступені, пры тым што спаборнічаў з адзінаццацікласнікамі. Бліскуча праявілі сябе ўдзельнікі алімпіяд па фізічнай культуры — навучэнка гімназіі Асіповіч Наталля Ганчарова і вучань сярэдняй школы № 2 Круглага Максім Кароўкін. Дарэчы, магілёўскія школьнікі — пастаянныя лідары алімпіяды па фізкультуры. На заключных этапах яны заўсёды выходзяць у лік пераможцаў.

Калі гаварыць пра астатнія вучэбныя прадметы, то на алімпіядзе па біялогіі самыя высокія балы паказалі вучні сярэдняй школы № 45 Магілёва Ксенія Сімукова і Уладзіслаў Бегуноў, па гісторыі — навучэнец Макранскага ВПК Быхаўскага раёна Рыгор Бублікаў, па грамадазнаўстве — вучаніца Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Вольга Гаціла, па фізіцы — навучэнка сярэдняй школы № 11 Магілёва Аліна Палонская, па рускай мове і літаратуры — вучаніца сярэдняй школы № 43 Магілёва Ксенія Касякова, па інфарматыцы — навучэнец гімназіі № 2 Магілёва Дзмітрый Анташкевіч, па матэматыцы — вучань гімназіі Шклова Яўген Мартынкевіч, па працоўным навучанні — вучаніца сярэдняй школы № 1 Кіраўска Настасся Бялянава і вучань Бацэвіцкага ВПК Клічаўскага раёна Раман Клімовіч, па беларускай мове і літаратуры — навучэнка Тупічанскага ВПК Касцюковіцкага раёна Яўгенія Сталярова.

Усе гэтыя навучэнцы, а таксама шэраг іншых лепшых юных інтэлектуалаў у хуткім часе прадставяць Магілёўшчыну на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.