Да прафесійнага майстэрства — праз дыялог, творчасць, конкурс

- 12:22Навіны рэгіёнаў

Лепшыя арганізатары вольнага часу навучэнцаў Віцебшчыны сустрэліся ў фінале абласнога конкурсу сярод работнікаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

— Конкурс, арганізатарам якога выступае наш палац, праводзіцца з мэтай павышэння прафесійнага майстэрства і прэстыжу працы арганізатараў вольнага часу дзяцей і моладзі, выяўлення і распаўсюджвання лепшага педагагічнага вопыту, пошуку новых творчых ініцыятыў, пашырэння творчага дыяпазону педагогаў і садзейнічання развіццю творчага падыходу культарганізатараў да прафесійнай дзейнасці ў сістэме дадатковай адукацыі, — паведаміла загадчык аддзела сацыяльна-мастацкіх форм Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Вольга Бельчанкова. — Да ўдзелу былі запрошаны метадысты, культарганізатары, педагогі-арганізатары, педагогі дадатковай адукацыі незалежна ад стажу работы і кваліфікацыйнай катэгорыі. Адбор праходзіў у два этапы. Спачатку ўдзельнікам прапанавалі прадставіць сістэматызаваныя метадычныя сцэнарныя распрацоўкі мерапрыемстваў па такіх напрамках, як грамадзянска-патрыятычнае, маральна-духоўнае, сямейна-бытавое, этнакультурнае выхаванне, прапаганда каштоўнасці здаровага ладу жыцця, прафілактыка злачыннасці і шкодных залежнасцей для розных узроставых катэгорый, а таксама рэкламныя матэрыялы, што адлюстроўваюць асноўныя напрамкі работы арганізатара вольнага часу як ва ўстанове дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, так і ў агульнай культурна-адукацыйнай прасторы рэгіёна. Усяго на конкурс было прадстаўлена 22 работы з 16 устаноў дадатковай адукацыі Бешанковіцкага, Браслаўскага, Віцебскага, Гарадоцкага, Докшыцкага, Мёрскага, Аршанскага, Полацкага, Пастаўскага, Сенненскага, Ушацкага, Шаркаўшчынскага раёнаў, а таксама Наваполацка і Віцебска. 11 фіналістаў прэзентавалі гледачам і журы сваю праграму паводле ўласнага арыгінальнага сцэнарыя. Трэба сказаць, што практычна ўсе выступленні вылучаліся пазітыўным эмацыянальным настроем, яркай сцэнаграфіяй, разнастайнасцю гульнявога матэрыялу.
Узровень канкурэнцыі сапраўды быў вельмі высокі. У выніку конкурснае спаборніцтва ператварылася ў захапляльную феерыю, незабыўнае свята — і пажаданне было толькі адно: каб як мага большая колькасць дзяцей і падлеткаў змаглі паўдзельнічаць у мерапрыемствах, арганізаваных такімі выдатнымі прафесіяналамі. Тым не менш першых сярод роўных журы выбрала аднадушна. У намінацыі “Лепшая работа вядучага” перамагла педагог-арганізатар Пастаўскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Хрысціна Рубель, 2-е месца — у культарганізатара Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Алены Свідуновіч, 3-е падзялілі культарганізатар Аршанскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Мяжуева і метадыст Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка Настасся Павераная. У намінацыі “Лепшая рэклама арганізацыі адпачынкавай дзейнасці культарганізатараў” у лідарскую тройку ўвайшлі педагог-арганізатар Цэнтра дзяцей і моладзі Віцебскага раёна Алеся Сіўцова, культарганізатар Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Алена Свідуновіч і культарганізатар Аршанскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Мяжуева (адпаведна 1-е, 2-е і 3-е месцы). “Лепшую сцэнарную распрацоўку” прадставіла педагог-арганізатар Сенненскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Вольга Берашэвіч. На 2-м месцы ў гэтай намінацыі — метадыст Бешанковіцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Любоў Грыгаровіч, на 3-м — культарганізатар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Кастрычніцкага раёна Віцебска Алена Фаміна і педагог дадатковай адукацыі Гарадоцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Анатоль Войлакаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.