Да якасці адукацыі — са здаровымі дзецьмі

- 11:31Планёрка ў рэгіёне

З году ў год ва ўстановах адукацыі Століншчыны ўдасканальваецца кіраўніцкая дзейнасць, накіраваная на павышэнне выніковасці адукацыйнага працэсу, расце прафесійнае майстэрства педагогаў, навучэнцы радуюць сваімі дасягненнямі. Пра гэта расказаў начальнік аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Вячорка.

— Сёлета ў раёне закончылі навучанне на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі 776 навучэнцаў, у тым ліку ўзнагароджаны залатымі (сярэбранымі) медалямі 54 выпускнікі, 123 атрымалі пахвальныя лісты за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў. Завяршылі навучанне і выхаванне на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі 975 навучэнцаў, з іх 59 — з адзнакай.

Па выніках трэцяга этапу рэспублікан­скай алімпіяды навучэнцамі раёна было заваявана 7 дыпломаў. У заключным этапе Павел Флар’яновіч, навучэнец 11 класа Аздаміцкай сярэдняй школы, атрымаў дыплом ІІ ступені і ўключаны ў склад кандыдатаў у каманду нашай краіны для ўдзелу ў 50-й Міжнароднай фізічнай алімпіядзе, прычым ён адзіны з сельскай школы. Годна выступілі нашы навучэнцы на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі: даследчая работа па рускай літаратуры Настассі Домніч, навучэнкі 11 класа сярэдняй школы № 2 Століна, была адзначана дыпломам ІІ ступені, а работа па інфарматыцы Яўгена Рудзецкага, васьмікласніка Церабліцкага ясляў-сада — сярэдняй школы — пахвальным водзывам. Настасся са сваёй работай прыняла ўдзел у ХХVІ Усерасійскіх юнацкіх чытаннях імя У.І.Вярнадскага, дзе ўзнагароджана дыпломам І ступені.

Па выніках 2018 года Фядорская сярэдняя школа прызнана лепшай установай агульнай сярэдняй адукацыі сельскай мясцовасці ў Брэсцкай вобласці.

У 2018/2019 навучальным годзе ў 7 установах рэалізоўваліся інавацыйныя праекты, у Столінскай гімназіі, сярэдняй школе № 2 Століна і Белавушскай сярэдняй школе праекты сёлета завершаны. Але ўстановы адукацыі не стаяць на месцы, і ўжо пададзена 7 заявак на ўключэнне ў загад Міністэрства адукацыі па інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці на наступны навучальны год.

У апошнія гады ў раёне павялічваецца попыт на профільнае навучанне, якім ахоплены 534 навучэнцы 10—11 класаў (36%) у 24 установах адукацыі (у 2017/2018 годзе — 463 (29%) у 21 установе). З мінулага года 131 навучэнец 8-х класаў у 8 установах адукацыі пачаў выву­чаць асобныя прадметы на павышаным узроўні. У сярэдніх школах №№2 і 3 Століна, Рубельскай сярэдняй школе дзейнічала 5 груп педагагічнай накіраванасці для 51 навучэнца 10—11 класаў, упершыню ў альшанскіх школах №№1 і 2, Рамельскай і Вялікамалешаўскай сярэдніх школах былі арганізаваны групы аграрнай накіраванасці для 31 навучэнца 10-х класаў.

Карыстаюцца попытам міжшкольныя факультатывы па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, якія сталі ўжо традыцыйнымі, з мінулага года пашырана сетка рэсурсных цэнтраў па вучэбных прадметах для падрыхтоўкі навучэнцаў да алімпіяд.

— Аляксандр Мікалаевіч, як навучэнцы адпачываюць на летніх канікулах?

— Улічваючы тое, што раён знаходзіцца на тэрыторыі, пацярпелай ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, летняя аздараўленчая кампанія ў нас мае некалькі складнікаў. Так, у чэрвені ў раёне працавалі лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей у 45 установах адукацыі, дзе аздаравіліся 1810 навучэнцаў, яшчэ 1680 дашкольнікаў на працягу 3 летніх месяцаў пройдуць аздараўленне ў дзіцячых садках, 40 навучэнцаў былі задзейнічаны ў дзвюх зменах палатачнага перасовачнага лагера “Рабінзоны”. Дарэчы, у мінулым годзе лагер “Рабінзоны” стаў пераможцам у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэйшым”.

За межамі раёна ў дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтрах у чэрвені ўжо аздаравіліся 320 навучэнцаў, якія пражываюць у Чарнобыльскай зоне, яшчэ 940 плануецца аздаравіць у ліпені — жніўні. Акрамя таго, у краіны далёкага замежжа ў летні перыяд выяз­джае каля 100 дзяцей.

Сёлета на базе лагера з дзённым знахо­джаннем столінскай гімназіі былі арганізаваны профільныя групы па 7 вучэбных прадметах для  54 навучэнцаў з розных устаноў адукацыі раёна па падрыхтоўцы да алімпіяд і інтэлектуальных конкурсаў. Работа гэтых груп атрымала высокую ацэнку і ў педагогаў, і ў навучэнцаў.

— Як праходзіць падрыхтоўка школ да новага навучальнага года?

— За кошт сродкаў Сусветнага банка па праекце “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады” завяршаецца капітальны рамонт Фядорскай сярэдняй школы. За кошт мясцовага бюджэту праведзены рамонтныя работы ў Альманскай сярэдняй школе, адрамантаваны спартзала, санвузлы і раздзявалкі ў Сямігосціцкай сярэдняй школе. Вядуцца планавыя замены катлоў у кацельнях, аконных блокаў, унутраныя аддзелачныя работы, праводзяцца рэвізія і рамонт інжынерных сетак і інш. Дзякуючы спонсарскім сродкам СВК “Фядорскі” ў адной установе рамантуецца спартзала, у другой — мяккі дах.

Да новага навучальнага года ва ўсіх уста­новах адукацыі будзе зроблены касметычны рамонт з прыцягненнем пазабюджэтных сродкаў і сродкаў папячыцельскага савета. Сумесна з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне раёна падчас другаснай занятасці ў 14 установах адукацыі плануецца правядзенне работ па добраўпарадкаванні, бягучым рамонце памяшканняў, мэблі і на­дворнага спартыўнага абсталявання, у якіх будуць задзейнічаны 124 навучэнцы.

Плануецца набыццё школьнага аўтобуса, двух камп’ютарных класаў, мікрапрэпаратаў па біялогіі, вучэбнага, тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання, спартыўнага інвентару.

— Якія формы работы раённага вучэбна-метадычнага кабінета найбольш запатрабаваны сёння?

— На працягу апошніх гадоў карыстаюцца попытам, вынікова працуюць пастаянна дзеючыя семінары: “Актыўная ацэнка — новая стратэгія адукацыі” (кіраўнік С.І. Белавус, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Століна); па медыяадукацыі, які праводзіцца А.М.Лазіцкай, настаўнікам-метадыстам, дырэктарам сярэдняй школы № 2  Століна; па складанні электронных вучэбных курсаў у сістэме дыстанцыйнага навучання Мооdlе пад кіраўніцтвам Н.М.Базар, настаўніцы пачатковых класаў Каладнянскага ясляў-сада — базавай школы; па выкарыстанні сэрвісаў Web 2.0 у прафесійнай дзейнасці педагога (кіраўнік В.М.Палхоўскі, настаўнік інфарматыкі Столінскай гімназіі).

Нашы педагогі прымаюць актыўны ўдзел у рэгіянальным этапе Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый, які право­дзіцца Іванаўскім аддзелам па адукацыі. Удзе­л у кірмашы дазваляе не толькі трансліра­ваць свой вопыт, але і пераймаць вопыт калег з іншых рэгіёнаў нашай краіны, а таксама Расійскай Федэрацыі. Другі год мы ўкараняем гэтую практыку ў сваім раёне і запрашаем калег з суседніх раёнаў,у тым ліку Жыткавіцкага Гомельскай вобласці і Дубровіцкага раёна Роўненскай вобласці Украіны.

— Якія праблемы хвалююць вас як кіраўніка зараз? Якія планы на новы навучальны год?

— Як начальніка аддзела па адукацыі мяне турбуюць пытанні бяспекі дзяцей у летні перыяд і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы напярэдадні новага навучальнага года. Вельмі хочацца, каб нашы выпускнікі пацвердзілі свае веды на ЦТ і працягнулі адукацыю. Хочацца, каб усе дзеці былі здаровымі, добра і з карысцю адпачылі і з радасцю 1 верасня селі за парты.

Мы вызначаем прыярытэтнымі два напрамкі: якасць адукацыі і здароўе дзяцей. Будзем працаваць над стварэннем умоў для развіцця і ўдасканалення інтэлектуальных і творчых здольнасцей кожнага дзіцяці, для выхавання годных грамадзян нашай краіны. У раёне працуюць творчыя і ініцыятыўныя педагогі, і гэта дазваляе верыць, што ў нас усё атрымаецца.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.