Дабрыня і любоў на крылах анёла

- 11:36Навіны рэгіёнаў

“Крылы анёла” агарнулі цеплыней і дабрынёй выхаванцаў Крывіцкага дзяржаўнага спецыяльнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 3 закрытага тыпу. Дабрачынная акцыя “Надзея” ў рамках фестывалю-марафону “Крылы анёла” падарыла радасць і сардэчнасць 76 хлопчыкам, якія выхоўваюцца ў вучылішчы.

Абласны дабрачынны фестываль-марафон “Крылы анёла” праводзіцца на Міншчыне на працягу двух гадоў. Гэта сумесны праект упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама і Беларускай Праваслаўнай Царквы. Галоўная мэта фестывалю — звярнуць увагу грамадства на праблемы маральнасці, а таксама актывізаваць сумесную дзейнасць устаноў адукацыі, сям’і і грамадскасці па прыцягненні дзяцей і дарослых да сацыяльна значных спраў, развіваць і ўмацоўваць традыцыі міласэрных і клапатлівых адносін адно да аднаго і да навакольнага асяроддзя. “У гэтым навучальным годзе мерапрыемствы ў рамках фестывалю-марафону адбыліся ў 10 раёнах вобласці, — расказвае Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.— Яны былі адрасаваны тым катэгорыям грамадзян, якім патрэбна падтрымка: дзецям-сіротам, дзецям-інвалідам, адзінокім, пажылым людзям, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Выязныя канцэрты, творчыя сустрэчы, мастацкія выставы і майстар-класы членаў Беларускага саюза мастакоў для адораных дзяцей і педагогаў вобласці, духоўна-асветніцкія мерапрыемствы з удзелам святароў Беларускай Праваслаўнай Царквы — усё гэта праходзіла ў рамках фестывалю. Было вырашана правесці сустрэчу і ў Крывіцкім дзяржаўным спецыяльным прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 3 закрытага тыпу. Сёння тут знаходзяцца дзеці, якія аднойчы спатыкнуліся. Праграма, якую мы ім прапануем, заклікана закрануць патаемныя струны іх душ, каб хлопцы інакш паглядзелі на жыццёвыя каштоўнасці, а таксама падтрымаць іх, каб яны адчулі, што яны не адзінокія ў гэтым свеце”.
І сапраўды для дзяцей, якія знаходзяцца далёка ад дома, ад сваіх родных і блізкіх, такія важныя чалавечая дабрыня і сардэчнасць. Менавіта такім — добрым і цёплым — атрымалася мерапрыемства. Пачалося яно з дэманстрацыі адукацыйнай выставы-праекта “Мы малюем свет сям’і” і выставы дзіцячых фотаздымкаў “4383 дні дзяцінства”. Потым дзеці сабраліся разам у актавай зале, дзе да іх звярнуліся настаяцель Свята-Троіцкага прыхода Мядзела протаіерэй Ігар Шалуха і благачынны Вілейскай акругі, кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Маладзечанскай епархіі, протаіерэй Аляксандр Шмырко. Дзеці пачулі ад іх не пропаведзі і не наказы, а словы падтрымкі і заклік падумаць і паразважаць над сур’ёзнымі і важнымі рэчамі, такімі як сэнс жыцця, дабро і зло. “Тое, што вы трапілі сюды, не катастрофа. Якасць чалавечага жыцця вызначаецца не абставінамі, у якія чалавек трапіў, а яго адносінамі да абставін, яго думкамі. Калі ўспрымаць сітуацыю як канец жыцця, то пакоцішся па нахіленай уніз. А калі прыняць іх як часовыя цяжкасці на шляху да лепшага, то адкрываюцца новыя перспектывы”, — сказаў хлопцам айцец Ігар.
Працягам мерапрыемства стаў канцэрт “У гэтым доме будзе любоў”. Шчырыя творы пра самае галоўнае падарылі хлопцам творчая група фестывалю “Благавест”, Вікторыя Раманоўская, гурт “Вівальдзі” з Мядзела. Песні пра матулю і дзяцей, сям’ю і шчасце, калыханкі і жартоўныя песні з задавальненнем падпявалі прысутныя ў зале. Усе выканаўцы пастараліся зрабіць мерапрыемства максімальна нефармальным. Асаблівую даверлівую атмасферу ўдалося стварыць аўтару праекта Вячаславу Рыгоравічу Бабкову, які вёў канцэрт, а таксама выступаў у ролі выканаўцы і аўтара песень. Дарэчы, такая форма правядзення мерапрыемства — неназойлівая, не павучальная, а добразычлівая і сяброўская — адметная рыса “Крылаў анёла”. “У сваіх выступленнях мы прыбіраем казённыя ноткі і вядзём размову як з роднымі, да якіх прыйшлі пасля работы, зняўшы мундзіры і абуўшы любімыя тапачкі. Мы стараемся праз творчасць абудзіць тое, што спіць у чалавечай душы, каб свет стаў лепшым, — расказвае Вячаслаў Рыгоравіч Бабкоў. — На жаль, сёння страчваецца аўтарытэт сям’і, дамінантай становяцца дывідэнды, а героем нашага часу — долар. Мы ж прапаноўваем альтэрнатыву гэтым эфемерным каштоўнасцям — любоў, радасць, міласэрнасць, спачуванне, дабрыню. Мы не прыдумваем нічога новага, бо ўсё гэта ўжо ёсць у чалавеку, трэба толькі знайсці ключык і выпусціць гэта на волю”.
Таксама для выхаванцаў вучылішча былі арганізаваны майстар-класы, дзе ім паказалі, як можна цікава і карысна бавіць вольны час. Так, на майстар-класе “Вышэй за вясёлку” хлопцы выраблялі простую мадэль планера, на занятках “Ключ на старт” стваралі мадэль ракеты, у “Чароўнай майстэрні” навучыліся рабіць паштоўкі ў тэхніцы гратаж, а самыя малодшыя дзеці разам стварылі святочнае пано, выкарыстоўваючы тэхніку квілінг, распісалі гліняныя свістулькі і вырабілі сімвал фестывалю-марафону анёла-захавальніка.
У навучэнцаў Крывіцкага ДСПТВ, безумоўна, застануцца прыемныя ўспаміны аб выставе, канцэрце, размовах з гасцямі. Значыць, задача дабрачыннай акцыі “Надзея” выканана. А калі ў іх душах узрушыцца нешта добрае, а ў галаве з’явяцца новыя светлыя думкі — значыць, работа і старанне стваральнікаў акцыі і фестывалю-марафону “Крылы анёла” не дарэмныя. Яны і далей будуць рабіць сваю добрую справу і панясуць на крылах сваіх душ любоў, міласэрнасць, спачуванне.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.