Далучае да фізкультуры і спорту

- 11:50Навіны рэгіёнаў

На ўроках у настаўніка фізічнай культуры і здароўя Абідавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна Уладзіміра Пазнякова ніколі няма незацікаўленых вучняў. А ўсё таму, што Уладзімір Сямёнавіч кожнаму дзіцяці дапамагае па-сапраўднаму палюбіць заняткі фізкультурай і спортам.

—Менавіта такі падыход да дзяцей прымяняла мая школьная настаўніца фізкультуры Ніна Васільеўна Груздова. Дзякуючы ёй, я палюбіў спорт, школьнікам паспяхова ўдзельнічаў у розных спаборніцтвах і турнірах. Напэўна, таму выбар прафесіі перада мной не стаяў. Я выразна ведаў, што стану настаўнікам-фізкультурнікам, прычым такім жа захопленым сваёй справай і навучэнцамі, як і мая настаўніца, — расказаў У.С.Пазнякоў.

Сваё юнацкае імкненне ён ажыццявіў. Скончыў факультэт фізічнага выхавання цяперашняга МДУ імя А.А.Куляшова і маладым педагогам вярнуўся на малую радзіму — у Быхаўскі раён.

— Першапачаткова працаваў у першай школе райцэнтра. Там і адбыўся як педагог. Пасля быў невялікі перыяд грамадскай дзейнасці, а потым мая настаўніца Ніна Васіль­еўна выйшла на заслужаны адпачынак, і я без роз­думаў пайшоў выкладаць у родную абідавіцкую школу, — прыгадаў Уладзімір Сямёнавіч.

Навучэнцаў абідавіцкай школы У.С.Пазнякоў далучае да фізкультуры і спорту ўжо больш за 20 гадоў. За гэты час педагог выпрацаваў сваю эфектыўную сістэму навучання.

— Раней у вучняў было значна больш цікавасці да фізкультуры. На жаль, сёння часта ў дзяцей няма той іскры, жадання займацца. У іх свае забавы: мабільныя тэлефоны, камп’ютарныя гульні, інтэрнэт. Каб зацікавіць, матываваць, шукаю да кожнага навучэнца індывідуальны падыход. Мэтанакіравана працую ў звязку з бацькамі. Пераконваю іх у тым, што мамы і таты павінны падштурхоўваць дзяцей да заняткаў фізкультурай, але, канечне, больш важны тут прыклад педагога. Калі настаўніку самому цікава працаваць, то ён можа зарадзіць дзяцей сваёй энергіяй, запаліць у іх любоў да спорту, — упэўнены Ула­дзімір Сямёнавіч.

На яго думку, адным з найважнейшых складнікаў фізічнага выхавання школьнікаў з’яўляецца рухальная актыўнасць, таму на ўсіх этапах урока У.С.Пазнякоў выкарыстоўвае гульні ці гульнявыя заданні. Не менш важным педагог лічыць здароўезберажэнне дзяцей. Пры вывучэнні таго або іншага практыкавання настаўнік расказвае, на якую групу мышцаў яно накіравана, якую ­якасць арганізма развівае, дзе ў штодзённым жыцці можна выкарыстоўваць атрыманыя ўменні і навыкі. Уладзімір Сямёнавіч матывуе навучэнцаў клапаціцца пра сваё здароўе сродкамі фізічнай культуры, асабістым прыкладам дэманструе практычную жыццёвую карысць ад заняткаў спортам.

Пры дзяленні класа на падгрупы У.С.Пазнякоў заўсёды ўлічвае фізіялагічныя, псіхалагічныя і фізічныя асаблівасці дзяцей. Пры выкананні парных практыкаванняў у адпаведнасці з методыкай ставіць у пару дзяцей прыкладна аднаго росту, вагі і ўзроўню падрыхтаванасці. Прыцягвае вызваленых ад фізкультуры навучэнцаў у якасці памочнікаў, што нясе для іх станоўчы эмацыянальны зарад. У выніку яго ўрокі кожны школьнік наведвае з задавальненнем.

— Як паказвае мой вопыт работы, нават пры не самых добрых матэрыяльна-тэхнічных умовах, але правільна арганізаванай сістэме навучання і падрыхтоўкі любое дзіця можа дасягнуць нядрэнных спартыўных вынікаў. Наша школа — малакамплектная. У нас няма басейна. Больш за тое, па праекце будынак школы ўзведзены такім чынам, што ў ім няма паўнавартаснай спартыўнай залы. Затое ў нашай установе ёсць трэнажорная зала, шматлікія вулічныя спартыўныя пляцоўкі, якасны і сучасны спартыўны інвентар. У сукупнасці з зацікаўленасцю навучэнцаў гэтага цалкам дастаткова для дасягнення значных вынікаў, — адзначыў Уладзімір Сямёнавіч.

Сапраўды, вучні сельскай школы Абідавіч пастаянна становяцца прызёрамі прэстыжных спартыўных спаборніцтваў. Яны перамагаюць у вядомым турніры “Снежны снайпер”, рэспубліканскіх спаборніцтвах “Абаронца Айчыны”, мнагаборстве “Здароўе” і шэрагу іншых. На працягу апошніх 10 гадоў каманда навучэнцаў вучэбна-педагагічнага комплексу займае 1-е месца ў раённай круглагадовай спартакіядзе школьнікаў сярод сельскіх устаноў Быхаўскага раёна. Высокія дасягненні вучні У.С.Пазнякова маюць і ў алімпіядным руху. У 2019 годзе яго навучэнец Уладзіслаў Шапель стаў прызёрам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”.

— Летась мая вучаніца Хрысціна Лапчанка ўзяла дыплом на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды. А ў гэтым навучальным годзе ўжо новая змена навучэнцаў бліскуча выступіла на раённай малышковай алімпіядзе па фізкультуры. Тры вучаніцы былі адзначаны дыпломамі І ступені, яшчэ адзін вучань — дыпломам ІІ ступені, — расказаў Уладзімір Сямёнавіч.

Акрамя фізкультуры, У.С.Пазнякоў выкладае навучэнцам асновы дапрызыўнай падрыхтоўкі. А яшчэ — праводзіць урокі працоўнага навучання. Дарэчы, гэтыя заняткі настаўнік лічыць асабліва значнымі.

— Урокі гэтага прадмета — гэта ўрокі жыцця. Яны даюць хлопчыкам веды і ўменні, якія будуць неабходныя ім кожны дзень у рэальным жыцці, — упэўнены Уладзімір Сямёнавіч, таму заняткі па працоўным навучанні заўсёды праводзіць з энтузіязмам, укладваючы ў іх усю душу.

Гэты неардынарны педагог займаецца стварэннем мадэляў тэхнікі. Сваім захапленнем ён змог зацікавіць і вучняў. Разам са сваімі выхаванцамі на ўроках працы ён вырабляе макеты танкаў, самалётаў, паруснікаў, аўтамабіляў. Многія вырабы пасля выстаўляюцца на разнастайных творчых конкурсах, дзе адзначаюцца граматамі і дыпломамі.

Са сваімі вучнямі У.С.Пазнякоў не расстаецца і ў пазаўрочны час. Яны пастаянна сустракаюцца ў школе па вечарах на занятках спартыўных секцый. А на канікулах часта адпраўляюцца ў паходы або займальныя экскурсіі.

— Падарожнічаем у асноўным па Быхаўшчыне. Наведваем вядомыя славутасці, месцы баявой славы. Падчас такіх выхадаў стараюся не толькі навучыць дзяцей спартыўна-турысцкім навыкам, але і прывіць ім любоў да роднага краю, жаданне вывучаць яго гісторыю, — падкрэс­ліў Уладзімір Сямёнавіч.

І гэта ў яго атрымліваецца. Пад кіраўніцтвам У.С.Пазнякова навучэнцы актыўна займаюцца даследчай дзейнасцю, пошукавай работай. Вынікі гэтых даследаванняў пасля папаўняюць экспазіцыі школьнага гістарычна-краязнаўчага музея. Акрамя таго, у свой час каманда навучэнцаў з Абідавіч стала прызёрам рэспубліканскага конкурсу паходаў па месцах баявой славы “Зорны паход” і абласнога конкурсу на лепшы турыстычны паход “Пазнай Радзіму, выхавай сябе”.

— Ініцыятыўны і вельмі творчы педагог. Валодае высокай тэарэтычнай падрыхтоўкай, сучаснымі методыкамі правядзення заняткаў. Кожны яго ўрок ці пазакласнае спартыўнае мерапрыемства накіраваны на развіццё спартыўных здольнасцей вучняў, фарміраванне ў іх навыкаў здаровага ладу жыцця. Гэта выключны прафесіянал, які мае высокі ўзровень педагагічнага майстэрства, а яшчэ — бясконца любіць сваю справу і дзяцей, — так ахарактарызаваў Уладзіміра Сямёнавіча дырэктар школы А.І. Саўчанка.

Пасля гутаркі з У.С.Пазняковым разумееш: у словах кіраўніка ўстановы няма ніякага перабольшання. Уладзімір Сямёнавіч сапраўды апантаны педагогікай. Ён любіць сваю работу і за любую справу — ці то гэта ўрок, ці то падрыхтоўка да спартыўных стартаў — бярэцца з энтузіязмам, выконвае, дасягаючы максімальнага выніку.

Плённая праца гэтага настаўніка не раз адзначалася. Педагог узнагароджваўся граматамі аддзела па адукацыі райвыканкама, упраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, Міністэрства адукацыі. Але галоўным для Уладзіміра Сямёнавіча заўсёды былі дасягненні вучняў. Весці сваіх навучэнцаў да вучэбных і спартыўных поспехаў ён плануе і надалей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.