Далучаюць да свету мастацтва

- 15:19Нам пішуць

Маларыцкую дзіцячую школу мастацтваў навучэнцы наведваюць з вялікім задавальненнем і радасцю. Сёння ва ўстанове адукацыі разам з трыма яе філіяламі ў вёсках Олтуш, Хаціслаў і Чарняны працуюць 39 настаўнікаў, якія развіваюць творчыя здольнасці маленькіх выхаванцаў. Педагогі — сапраўдныя прафесіяналы, улюбёныя і ў дзяцей, і ў справу, якой займаюцца. Не шкадуючы сіл і часу, настаўнікі перадаюць свае веды, вопыт і ўменні больш як 460 навучэнцам, далучаючы іх да чароўнага свету мастацтва на музычным, харэаграфічным, выяўленчым, тэатральным і лічбавым (фотасправа) аддзяленнях.

У бягучым навучальным годзе парог школы пераступілі 82 навічкі. Нядаўна на агульнашкольным мерапрыемстве “Я, ты, ён, яна, мастацтва — сям’я, якая любіць” іх урачыста пасвяцілі ў першакласнікі. Свята, падрыхтаванае і праведзенае педагогам Вольгай Луцык, атрымалася яркім і незабыўным, багатым на эмоцыі і станоўчыя ўражанні. У прысутнасці бацькоў, настаўнікаў і навучэнцаў установы першакласнікі праходзілі розныя выпрабаванні, каб заслужыць ганаровае і пачэснае званне “Першакласнік школы мастацтваў”.

Выхаванцы старшых класаў школы ігралі на музычных інструментах, танцавалі і спявалі. Паказвалі ўсё, чаму навучыліся ва ўстанове.

— Нам шанцуе на дзяцей, — гаворыць дырэктар школы Ірына Пятрухіна. — Упэўнена, што першакласнікі таксама з кагорты таленавітых. Спадзяюся, іх імёны неўзабаве загучаць на творчых конкурсах і фестывалях.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.