Дарожная азбука

- 16:59Нам пішуць

Штодня, накіроўваючыся раніцай у аздараўленчы школьны лагер і вяртаючыся з яго па гарадскіх вуліцах, дзеці становяцца ўдзельнікамі дарожнага руху. Каб гэты шлях быў для іх бяспечным, супрацоўнікі ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама сумесна з педагогамі школы шмат увагі ўдзяляюць навучанню дзяцей Правілам дарожнага руху.

У рамках акцыі “Бяспечныя канікулы” у аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Дружба” сярэдняй школы № 4 Магілёва быў арганізаваны тэматычны кіналекторыі па дарожнай бяспецы, які выклікаў у дзяцей непадробную цікавасць.

Уважліва прагледзеўшы фільм, у якім былі паказаны асноўныя парушэнні Правілаў дарожнага руху, што здзяйсняюць пешаходы, пасажыры, веласіпедысты і вадзіцелі мапедаў, дзеці ўбачылі прынцып работы святлоадбівальных элементаў і ацанілі важнасць іх выкарыстання.

У перыяд летняга адпачынку дзеці большай часткай прадастаўлены самі сабе. Гульні на вуліцы, катанне на веласіпедах і іншыя віды баўлення часу на свежым паветры без выканання элементарных правілаў паводзін, асабліва на дарогах, часта прыводзяць да сумных наступстваў. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляюцца дарожна-транспартныя здарэнні, якія адбыліся на тэрыторыі вобласці.

Інспектар ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Васільевіч Калеснік расказаў дзецям, як трэба паводзіць сябе на дарогах горада, растлумачыў, наколькі важна заўсёды выконваць Правілы дарожнага руху, каб пазбегнуць трагедыі. Інспектар нагадаў юным веласіпедыстам пра тое, што веласіпед і мапед — самыя няўстойлівыя і неабароненыя транспартныя сродкі, і нават нязначныя сутыкненні могуць выклікаць вельмі сур’ёзныя наступствы.

Выхаванцы лагера захоплена ўдзельнічалі ў дыскусіі, адказвалі на пытанні Андрэя Васільевіча і дэманстравалі добрае веданне ПДР. Дзеці зрабілі правільны вывад аб тым, што знаходзячыся побач з праезнай часткай, важна быць пільнымі і выконваць ПДР.

Алена СТУДНЕВА,
дырэктар аздараўленчага лагера “Дружба”.