Дасягненне інавацыйнай дзейнасці — развіццё педагога-творцы

- 10:41Якасць адукацыі

Нядаўна Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі быў праведзены вэбінар “Прадстаўленне вопыту рэалізацыі інавацыйнага праекта, які завяршыўся ў 2019/2020 навучальным годзе”. Ён аб’яднаў метадыстаў, супрацоўнікаў раённых ВМК, прадстаўнікоў аддзелаў і ўпраўленняў па адукацыі рай(гар)выканкамаў, якія курыруюць інавацыйную дзейнасць, намеснікаў дырэктараў устаноў адукацыі Міншчыны.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Дзяржынска Алена Пятроўна Кандратовіч прадставіла ўдзельнікам мерапрыемства вынікі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі адукацыйных практык у інтарэсах устойлівага развіцця з мэтай фарміравання творчага патэнцыялу навучэнцаў”, які рэалізоўваўся з 2017 па 2020 год. Мэта праекта — распрацоўка кіраўніцкіх механізмаў укаранення мадэлі арганізацыі адукацыйных практык у інтарэсах устойлівага развіцця ў дзейнасць установы адукацыі праз станаўленне энергаэфектыўнага ладу жыцця ў­дзельнікаў адкрытай школьнай супольнасці.

З мэтай рэалізацыі названай мадэлі ў школе праводзілася мэтанакіраваная работа. Пачынаючы з 2016 года, ва ўстанове працуе агульнашкольны камітэт па энергазберажэнні “Энерга-МЫ”. Яго ўдзельнікі забяспечваюць у школе каардынацыю ініцыятыўнай і праектнай дзейнасці навучэнцаў і педагогаў, праводзяць актыўную работу па папулярызацыі руплівага стаўлення дзяцей і дарослых да спажывання энергарэсурсаў. Члены камітэта штотыдзень праводзяц­ь энергааўдыт у будынку школы. Дзякуючы іх намаганням ва ўстанове ўстаноўлены аэратар, а ўсе электрычныя лямпачкі напальвання ў падсобных памяшканнях заменены на святлодыёдныя.

Традыцыйным мерапрыем­ствам ва ўстанове з’яўляецца правядзенне Міжнароднага дня энергазберажэння (11 лістапада), якое маштабна адзначаецца з прыцягненнем бацькоўскай грамадскасці і сацыяльных партнёраў.

Паколькі праект накіраваны на развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў, аб якасці яго рэалізацыі можна меркаваць і па выніковасці ўдзелу ў разнастайных конкурсах. Распрацаваны навучэнцамі 11-х класаў інтэрактыўны дапаможнік на тэму энергаэфектыўнасці “Беражлівым быць!” удастоены дыплома І ступені на рэспубліканскім конкурсе “Патрыёт.бай” у намінацыі “Энергазберагальныя тэхналогіі”.

Шматлікія работы педагогаў і навучэнцаў, прадстаўленыя ў выглядзе электронных адукацыйных прадуктаў, рэкамендаваны журы абласных і рэспубліканскіх конкурсаў для выкарыстання ў адукацыйным працэсе.

Павелічэнне колькасці індывідуальных, групавых урочных і пазаўрочных ініцыятыў педагогаў і навучэнцаў сведчыць аб павелічэнні ўзроўню прафесійна-дзейнаснай матывацыі ўдзельнікаў праекта, а таксама аб прыцягненні да інавацыйнай дзейнасці педагогаў, якія не ўваходзяць у інавацыйную групу.

Як адзначыла А.П.Кандратовіч, праграма інавацыйнай дзейнасці выканана. Рэалізавана мадэль арганізацыі адукацыйных практык у інтарэсах устойлівага развіцця, распрацаваны і апрабаваны механізмы яе ўкаранення ў сістэму дзейнасці школы, рэалізуецца кампетэнтнасны падыход у навучанні дзяцей навыкам энергазберажэння. Акрамя гэтага, распрацавана і рэалізавана модульная адукацыйная праграма сумеснага навучання бацькоў навучэнцаў і педагогаў — удзельнікаў партнёрскай сеткі школ устойлівага развіцця Дзяржынскага раёна. Плануецца выпуск метадычнага выдання, у якім будзе размешчаны комплекс сфармуляваных прапаноў па ўкараненні ў адукацыйную практыку інавацыйнага вопыту па тэме праекта.

Пра вынікі рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый навучэнцаў шляхам арганізацыі валанцёрскай дзейнасці  ў сістэме ўзаема­дзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў” расказала яго каардынатар намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” Наталля Віктараўна Шульжыцкая.

Навізна інавацыйнага праекта заключаецца, па-першае, ва ўкараненні мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый вучняў праз арганізацыю валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаема­дзеяння ўстаноў адукацыі, дзіця­чых і мала­дзёжных аб’яднанняў; па-другое, у распрацоўцы і ўкараненні актыўных, інтэрактыўных, калектыўных творчых, праектных і гульнявых метадаў валанцёрскай дзейнасці, метадаў роўнага навучання, якія спрыяюц­ь фарміраванню маральных каштоўнасных арыентацый вучняў; па-трэцяе, у распрацоўцы метадычных рэкамендацый па ўкараненні мадэлі  інавацыйнага педагагічнага вопыту.

Падчас рэалізацыі  праекта створана сацыяльна-выхаваўчае асяроддзе ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і дзіцячых, маладзёжных аб’яднанняў, якое спрыяе фарміраванню маральных каштоўнасных арыентацый навучэнцаў. У рамках інавацыйнай дзейнасці пашырана сетка партнёрскіх кантактаў з дзяржаўнымі ўстановамі, дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі, наладжана цеснае супрацоўніцтва з Цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Радашковіцкай школай-інтэрнатам для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, Мала­дзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школай-інтэрнатам, Маладзечанскай раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, клубам мнага­дзетных маці “Клопат”, клубам пажылых людзей “Мудры ўзрост”, клубам для дзяцей-інвалідаў “Мы разам” і інш. Укаранёна сістэма эфектыўнага ўзаемадзеяння педагогаў устаноў адукацыі і навучэнцаў-валанцёраў, членаў дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў. Акрамя таго, распрацаваны праграмы валанцёрскай дзейнасці па фарміраванні маральных каштоўнасных арыентацый вучняў у сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і дзіцячых, маладзёжных аб’яднанняў з выкарыстаннем падыходу “роўны навучае роўнага”, рэалізаваны сацыяльныя і валанцёрскія праекты “Свет дабрыні”, “Роўныя магчымасці”, “Лячэбная магія”, “Выбіраем здароўе”, “Навучанне ў weekend”, “Застацца сабой” (супрацьдзеянне дыскрымінацыі), “Мае правы, мае абавязкі”  і інш. Распрацавана і апрабавана на практыцы праграма аб’яднання па інтарэсах грамадска-гуманітарнага профілю “Вектар”. Створаны банк метадычных распрацовак па тэме праекта. Сярод распрацовак педагогаў-наватараў — зборнік сцэнарыяў “Майстры добрага настрою” (А.А.Гулецкая), сацыяльны праект “Роўныя магчымасці” (К.А.Дварэцкая), электронны адукацыйны рэсурс “Зрабі крок!” (Н.В.Шульжыцкая), зборнік дыягнастычнага інструментарыю для выяўлення ўзроўню сфарміраванасці маральных каштоўнасных арыентацый навучэнцаў (Н.В.Шульжыцкая).

— Асноўным дасягненнем інавацыйнай дзейнасці ва ўстанове мы лічым развіццё педагога як творчай асобы, пераключэнне яго з рэпрадуктыўнага тыпу дзейнасці на самастойны пошук метадычных рашэнняў, ператварэнне педагога ў распрацоўшчыка інавацыйных методык развіцця і выхавання. Уключэнне педагога ў інавацыйную дзейнасць паўплывала на павышэнне ўзроўню яго прафесійнай кампетэнтнасці, актывізацыю яго імкнення да атрымання новых ведаў, да самавыяўлення, самарэалізацыі пры вырашэнні педагагічных задач, да развіцця творчага патэнцыялу. Рэалізацыя дадзенага інавацыйнага праекта садзейнічала практычнаму вырашэнню праблем фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый навучэнцаў; укараненню эфектыўных метадаў, форм, тэхналогій у работу педагогаў. Практыка інавацыйнай дзейнасці паказала, што выхаваўчую работу варта накіраваць на фарміраванне ўсіх яе кампанентаў: маральнай свядомасці, маральных адносін, маральнай дзейнасці. Пры рэалізацыі праекта асноўная ўвага ўдзялялася найперш фарміраванню ў навучэнцаў адказнасці, талерантнасці, сумленнасці, дабрыні, здольнасці суперажываць, праяўляць спачуванне, — падкрэсліла Н.В.Шульжыцкая.

Рэалізацыя інавацыйных праектаў у сярэдняй школе № 4 Дзяржынска і ў Маладзечанскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”  паспяхова завяршылася, установы гатовы дзяліцца назапашаным вопытам з усімі зацікаўленымі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.