Для творчасці і прафесійнага самавызначэння

- 10:52Навіны рэгіёнаў

У 2018 годзе ў рамках работы над інавацыйным праектам “Укараненне мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як умовы прафесійнага самавызначэння вучняў па запатрабаваных у рэгіёне прафесіях і спецыяльнасцях” у нашай установе была створана вучэбная бізнес-кампанія “Крэатыў”. Навуковым кіраўніком праекта выступіў старшы выкладчык кафедры тэарэтычнай і прыкладной эканомікі, старшыня савета маладых вучоных БарДУ, кіраўнік бізнес-інкубатара ўніверсітэта А.Г.Толкач, які азнаёміў школьнікаў з асновамі прадпрымальніцкай дзейнасці, ІТ- тэхналогіямі ў бізнес-планаванні і стварэннем першых стартап-праектаў, дапамог распрацаваць структуру тэхніка-эканамічнага абгрунтавання нашай бізнес-кампаніі і скласці бізнес-план. 

Школьная бізнес-кампанія складаецца з 3 аддзелаў. Аддзел пашыву прызначаны для вытворчасці швейных вырабаў. Асартымент тавару даволі разнастайны і карыстаецца стабільным попытам: фартухі, ручнікі, абрусы, сурвэткі, хусткі, насоўкі, пасцельная бялізна. Іх вырабляюць дзяўчаты на ўроках працоўнага навучання і грамадска карыснай працы. Неабходная для пашыву тканіна закупляецца ў ААТ “Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне”.

Шыццё — занятак цікавы, захапляючы і, самае галоўнае, карысны. Але каб ён прыносіў задавальненне і добры вынік, трэба авалодаць пэўнымі тэхнічнымі навыкамі. У гэтым дзяўчатам дапамагаюць настаўніцы працоўнага навучання А.М.Палуянчык і А.М.Дзядовіч.

Рамесніцкі аддзел займаецца вырабам прадметаў з драўніны і дэкаратыўных ваз. Настаўнік тэхнічнай працы А.А.Пятрушка вучыць юнакоў майстраваць шкатулкі, лаўкі, паліцы, падсвечнікі, раздзелачныя дошкі, кухонныя лапаткі і іншыя неабходныя ў гаспадарцы рэчы.

Аддзел раслінаводства працуе сезонна. Пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Т.І.Еўсючэня старшакласнікі вырошчваюць расаду кветак і агароднінных культур. 

Прыбытак вучэбнай бізнес-кампаніі з году ў год павялічваецца. Спажыўцамі нашай прадукцыі з’яўляюцца педагогі і госці школы, бацькі выхаванцаў, жыхары аграгарадка і суседніх населеных пунктаў. 

Мы актыўна ўдзельнічаем у выставах-паказах і кірмашах, дзе прэзентуем вырабы бізнес-кампаніі. Падчас гэтых мерапрыемстваў школьнікі вучацца рэкламаваць свой тавар і выступаюць у ролі прадаўцоў. 

Летась самыя актыўныя ўдзельнікі бізнес-кампаніі ў рамках адукацыйнага кластара Баранавіцкага раёна прэзентавалі праект у конкурсе “Майстэрня бізнес-ідэй”, дзе занялі 3-е месца. 

Сёння вельмі важна падрыхтаваць моладзь да самастойнага жыцця, прывіць любоў да працы, дапамагчы выбраць занятак для душы і стаць прафесіяналамі ў сваёй справе. Але кім бы ні сталі юнакі і дзяўчаты ў будучыні, трэба навучыць іх найперш быць добрымі гаспадарамі, умець эканомна выкарыстоўваць матэрыялы. Гэтую задачу паспяхова вырашае працоўнае і прафарыентацыйнае выхаванне. Выраб розных прадметаў пашырае магчымасці дзяцей, развівае прасторавае ўяўленне, канструктарскія здольнасці, далучае да творчасці і мастацтва, задавальняе патрэбу ў зносінах з равеснікамі. 

Рэчы, створаныя ўласнымі рукамі, выклікаюць у школьнікаў павышаную цікавасць да работы і матывуюць да далейшай дзейнасці. Наша задача — фарміраваць працоўныя навыкі шляхам далучэння падлеткаў да даступнай працоўнай дзейнасці, вучыць рэальна ацэньваць свае здольнасці і магчымасці пры выкананні практычных работ.

Праект дазваляе вучням самім ставіць мэты і шукаць шляхі іх дасягнення, пераадольваць цяжкасці. Важна, што дзеці сістэматычна мяняюць від дзейнасці, дзякуючы чаму ім удаецца пазбегнуць аднастайнасці ў рабоце, падтрымаць высокі ўзровень матывацыі, станоўчы настрой і цікавасць, набыць тэарэтычныя і практычныя веды і ўменні. 

Ала ПАЛУЯНЧЫК,
Алена ДЗЯДОВІЧ, 
настаўніцы працоўнага навучання Вольнаўскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна.