Для ведаў набыцця і цікавага пазаўрочнага жыцця

- 12:45Міншчына, Прэс-тур

“У стаўбцоўскім чароўным краі ёсць вёсачка гаманлівая, // Гасцінна ўсіх вас вітаем. // У школе нашай нам, здаецца, // Утульна, весела ўсім жывецца, // Створаны ўмовы для ведаў набыцця і цікавага пазаўрочнага жыцця. // З карысцю бавім свой вольны час, ніколі нам сумна не бывае. // Таленавіты педкалектыў на творчыя справы нас натхняе. // Школу мы сваю шануем і традыцыі яе зберагаем, памнажаем”. Такімі словамі сустракаў нас калектыў Вішнявецкай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна. Сярод творчых спраў, на якія навучэнцаў натхняюць педагогі, — праца школьных СМІ.

— Кожная ўстанова адукацыі нечым адрозніваецца ад іншых. Нашы педагогі вылучаюцца не толькі прафесіяналізмам, але і тым, што ідуць у нагу з часам. А ў нас ХХІ стагоддзе — стагоддзе інфармацыйных тэхналогій, развіцця інфармацыйнай прасторы. Мы вырашылі не заставацца ўбаку і таксама рэалізуем пэўныя ідэі, напрыклад, ствараем свае сродкі масавай інфармацыі. Ідэя ўзнікла ў 2010 годзе. Для нас гэты год стаў пачаткам выдання школьнага вучнёўскага органа друку — газеты “Лістапад”. У 2013 годзе мы пайшлі далей і вырашылі, што нашы педагогі здольны прадставіць свае ідэі і вопыт, новыя знаходкі на старонках школьнага інфармацыйна-метадычнага выдання. І назвалі гэтае выданне “Новы погляд”. У гэтым годзе ў нас нарадзілася ідэя стварэння школьнага тэлебачання, — паведамляе дырэктар Вішнявецкай сярэдняй школы Ірына Яўгенаўна Клачко.

Шосты год у школе пад кіраўніцтвам настаўніка англійскай мовы Вячаслава Анатольевіча Саракавіка дзейнічае гурток “Юны карэспандэнт”. За гэты час з’явіліся пэўныя здабыткі і напрацоўкі. Часам юным карэспандэнтам не хапае вопыту, аднак у іх ёсць галоўнае: упэўненасць у неабходнасці таго, што яны робяць. Многія вучні знайшлі ў гуртку, як кажуць, самога сябе, знайшлі ключыкі да самых таемных куточкаў сваёй душы. Гурток аб’яднаў розных навучэнцаў. Яны адрозніваюцца тэмпераментам, узростам, здольнасцямі, аднак іх аб’ядноўвае таленавітасць і адказнасць, яны намагаюцца рабіць школьнае жыццё больш яркім.

— Калі мы выбіралі назву газеты, то кіраваліся тым, што бліжэй нам да сэрца і душы. Лістапад — гэта час, калі скончаны сельскагаспадарчыя работы і можна падводзіць вынікі за год, хваліцца дасягненнямі, знаходкамі. Лістапад — гэта таксама прыгожая пара года, калі хочацца пісаць вершы, маляваць, адпраўляцца ў цікавыя падарожжы. У газеце адлюстравана вялікае кола розных праблем, пачынаючы ад унутрыкласных і ўнутрышкольных і заканчваючы агульначалавечымі і вострасацыяльнымі. Школьная газета адыгрывае ў нашым жыцці важную ролю, тут мы можам выказваць свае думкі, што фарміруе нас як асобу. Адметнасцю нашай газеты з’яўляецца шчырасць, бо школьная газета не можа быць няшчырай. Гэта своеасаблівае люстэрка, з дапамогай якога мы можам убачыць сябе збоку, а таксама зацікавіць дарослых школьным жыццём. Удзельнікі гуртка вучацца не толькі вобразна гаварыць, пісаць і думаць, але і весці актыўнае жыццё. Той, у каго актыўная жыццёвая пазіцыя, заўсёды запатрабаваны. Нашы карэспандэнты — гэта вучні розных узростаў, мы стараемся прапаноўваць тэмы, якія цікавы кожнаму. Напрыклад, спецыяльны выпуск газеты “Лістапад” быў прысвечаны пытанням эканоміі і беражлівасці, — дзеляцца юныя карэспандэнты.

— Падзеі школьнага жыцця, якія адлюстроўваюцца на старонках газеты “Лістапад” і ў выпуску навін школьнага тэлебачання, безумоўна, цікавы чытачам і гледачам. Аднак асабліва важна, што з вуснаў навучэнцаў паступае інфармацыя аб прафесійным развіцці педагогаў. Калі дзеці бачаць, што мы, дарослыя, вучымся праз усё жыццё, то разумеюць, што ў любой прафесіі, у тым ліку педагога, журналіста, патрэбен пастаянны рост, — адзначае напрыканцы сустрэчы галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў.

Прафесійны рост, творчае развіццё… У Вішнявецкай сярэдняй школе сапраўды “створаны ўмовы для ведаў набыцця і цікавага пазаўрочнага жыцця”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.