Добрыя суботы

- 11:33Навіны рэгіёнаў

Дабрыня ніколі не страціць сваю каштоўнасць. Сёння многа гавораць пра бездухоўнасць сучасных людзей і падмену сапраўдных каштоўнасцей прагай матэрыяльных даброт, і на гэтым фоне добрыя справы быццам зоркі, што даюць надзею і веру ў лепшае. У сярэдняй школе № 11 Слуцка ўжо некалькі гадоў праводзяць дабрачынныя мерапрыемствы, якія аб’ядноўваюць усіх агульнай добрай справай.

Дабрачынныя кірмашы сталі добрай ва ўсіх сэнсах традыцыяй у школе. Яны праводзяцца два разы ў год па суботах: на асенніх канікулах і на масленічным тыдні. Кожнае дабрачыннае мерапрыемства заклікана дапамагчы канкрэтнаму дзіцяці, якому патрэбны грошы на лячэнне. Так, удзельнікі кірмашу дапамаглі навучэнцу кадэцкага вучылішча, што знаходзіцца ў Слуцку. Юнак трапіў у аварыю, і яму патрабавалася немалая сума грошай на лячэнне і рэабілітацыю. Дапамагалі хлопчыку, у якога цяжкія парушэнні цэнтральнай нервовай сістэмы, двум маленькім случчанам, якія змагаюцца з ракам, васьмімесячнай дзяўчынцы са спінальна-мышачнай атрафіяй, якой дактары прагназавалі толькі паўгода жыцця. Усе яны жыхары Слуцка, большасць з іх так ці інакш звязана са школай № 11: адзін з хлопчыкаў вучыцца ў школе, другі — унук педагога школы, тата маленькай дзяўчынкі — выпускнік школы. Атрымліваецца, што ўдзельнікі дабрачыннай акцыі дапамагаюць тым, хто побач, каго яны калі і не ведаюць асабіста, то знаёмы праз знаёмых. Такая блізкасць абвастрае спачуванне, і ўдзельнікі кірмашу мацней адчуваюць значнасць і неабходнасць дапамогі.

На кірмаш прыходзяць жыхары горада, іх запрашаюць з дапамогай лістовак, паведамленняў у СМІ і сацыяльных сетках. Педагогі школы № 11, навучэнцы і іх бацькі рыхтуюць для гасцей кірмашу разнастайныя забаўляльныя станцыі, якія размяшчаюцца ў памяшканнях і на тэрыторыі школы. Наведвальнікі набываюць жэтоны, якія можна абмяняць на тавары і паслугі. Тут можна паскакаць на батуце, паўдзельнічаць у гонках радыёкіруемых машын, пастраляць у ціры, узяць удзел у віктарынах і спартыўных спаборніцтвах, палазіць на скаладроме. Працуе буфет “Душэўны дэсерт”, прысмакі для якога гатуюць педагогі, школьныя кухары і бацькі. На памяць можна набыць сувеніры, якія вырабляюць школьнікі на ўроках абслуговай працы. Карыстаецца вялікім попытам аквагрым, паслугі візажу і манікюру. З манікюрам і аквагрымам лоўка спраўляюцца старшакласніцы, якія наведваюць мастацкую школу, макіяж робіць матуля аднаго з вучняў школы, візажыст па прафесіі. На Масленіцу з’яўляюцца станцыі з традыцыйнымі масленічнымі забавамі (перацягванне каната, кіданне валёнкаў), а ў буфеце частуюць блінамі.

Усе грошы, якія ўдаецца зарабіць падчас мерапрыемства, прадстаўнікі бацькоўскага камітэта школы падлічваюць і кладуць на рахунак дзіцяці, якому вырашана аказаць дапамогу.

У школе ўжо прайшлі 5 такіх дабрачынных кірмашоў. З кожным разам арганізацыя іх удасканальваецца, і кожны раз арганізатары стараюцца прыдумаць новыя цікавыя станцыі, каб прыцягнуць як мага больш удзельнікаў. Так, на апошнім кірмашы, напрыклад, ладзілі шоу мыльных бурбалак. Артысты шоу таксама ўнеслі свой уклад у добрую справу і за выступленне грошай не бралі.

Арганізацыя і правядзенне такога мерапрыемства патрабуе вялікай колькасці часу і намаганняў. Але ў школе № 11 Слуцка і педагогі, і школьнікі, і бацькі зноў і зноў актыўна бяруцца за гэтую справу, бо адчуваюць, наколькі гэта важна і патрэбна. Дабрачынныя кірмашы — справа бясспрэчна карысная. І не толькі для тых дзяцей, каму дапамагаюць, але і для тых, хто дапамагае. Здзяйсняючы добрыя ўчынкі, чалавек мяняецца да лепшага.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 11 Слуцка.