Дружная каманда

- 11:08Спартыўныя падзеі

Каля 170 юных страляючых лыжнікаў, якія сталі фіналістамі рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, з нецярпеннем чакалі заключных стартаў. Капрызнае надвор’е хоць і ўнесла карэктывы ў тэрміны правядзення спрынтарскай гонкі і змешанай эстафеты, аднак не здолела азмрочыць фінал, наадварот, зрабіла яго яшчэ больш эмацыянальным, яркім, запамінальным. Свята біятлона, якое прайшло 3 і 4 сакавіка на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы”, атрымалася.

У Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане і “Снежнага снайпера” ў “Раўбічах” агульнага было куды больш, чым толькі завіруха на агнявых рубяжах і святочная атмасфера на трыбунах. Фінал “Снежнага снайпера” для 11—16-гадовых удзельнікаў быў настолькі ж значным, як і алімпійскія старты для спартсменаў-прафесіяналаў. Таму і эмоцыі ў Пхёнчхане і ў “Раўбічах” панавалі аднолькавыя: шчырыя, непадкупныя. Калі радасць, то гучная, з усмешкамі, крыкамі, у абдымках з камандай. Калі расчараванне, то са слязамі, словамі суцяшэння ад таварышаў па камандзе.

Наогул, на спаборніцтвах было не сем каманд, як афіцыйна заяўлена ў пратаколе (у змешанай эстафеце яшчэ была восьмая каманда — рэгіёнаў), а адна вялікая дружная біятлонная каманда. Акрамя фіналістаў і іх трэнераў, сюды ўваходзілі сотні балельшчыкаў, дзясяткі журналістаў (яны не толькі фатаграфавалі, запісвалі на дыктафон аператыўны каментарый ад спартсменаў і трэнераў, але і дружна хварэлі разам з гледачамі на трыбунах), славутыя спартсмены (у тым ліку нашы “залатыя” ўдзельніцы Алімпіяды ў Пхёнчхане Дар’я Домрачава, Ірына Крыўко і Дзінара Алімбекава), арганізатары спаборніцтваў (прадстаўнікі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, Беларускай федэрацыі біятлона, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, Мінскага гарвыканкама і Мінскага аблвыканкама), кіраўніцтва краіны.

Атрымаць галоўныя ўзнагароды ад прэзідэнта і славутых біятланістак, канечне, ганарова. Аднак для гэтага юным спартсменам неабходна было прайсці напружаны шлях. Спачатку (з 1 снежня 2017 па 10 студзеня 2018 года) хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі масавыя спаборніцтвы ў кожнай узроставай групе (11—12, 13—14 і 15—16 гадоў), потым — абласныя і мінскія гарадскія (з 11 студзеня па 10 лютага) спаборніцтвы. Каб трапіць у фінал, неабходна было не проста прыняць удзел у названых этапах, а стаць іх прызёрамі. Задача няпростая, асабліва калі ўлічыць, што агульная колькасць удзельнікаў сёлетняга, ужо 12 па ліку, “Снежнага снайпера” была крыху большая за 39 тысяч навучэнцаў агульнаадукацыйных (не спецыялізаваных па спорце) устаноў адукацыі.

Кожны фіналіст намагаўся паказаць свой талент, прыцягнуць увагу гледачоў і суддзяў выдатным выступленнем. Усё ж такі месяцы трэніровак не павінны прайсці дарэмна. Ды і гонар каманды, за якую выступалі юныя біятланісты, таксама важна абараніць. Каб вынікі былі высокія і спаборніцтвы сярод юных біятланістаў-аматараў былі набліжаны да прафесійных стартаў, Прэзідэнцкі спартыўны клуб яшчэ напярэдадні мінулагодніх спаборніцтваў закупіў для рэгіёнаў больш за 150 мішэнных біятлонных установак і каля 100 пнеўматычных вінтовак, што, безумоўна, паспрыяла павышэнню якасці выступленняў. Адметнасцю фінальных спаборніцтваў стала стральба па мішэнях не з пнеўматычнай, а з малакалібернай вінтоўкі.

Найбольш паспяхова з капрызамі надвор’я і майстэрствам сапернікаў у спрынце ў малодшай узроставай групе на дыстанцыі 1,8 км справілася прадстаўніца Магілёўскай вобласці Валерыя Сазанкова. Сярод хлопчыкаў лепшы вынік паказаў мінчанін Ягор Скараходаў. У сярэдняй узроставай групе лепшы вынік на дыстанцыі 2,3 км сярод дзяўчат паказала Марыя Гнедчык са сталічнай каманды, а сярод хлопчыкаў — Уладзіслаў Гаўдзіс з Брэсцкай вобласці. У старэйшай узроставай групе на дыстанцыі 2,9 км сярод дзяўчат не было роўных Паліне Быкадоравай з Мінска, а сярод хлопчыкаў — Яўгену Волкаву з Магілёўскай вобласці. У нядзелю ў змешанай эстафеце сярод малодшых біятланістаў перамогу святкавала каманда Магілёўскай вобласці, у сярэдняй узроставай групе — каманда Мінска, а ў старэйшай — Мінскай вобласці. У агульнакамандным заліку па колькасці медалёў лідарам стала каманда Мінска, на другім месцы — Магілёўскай вобласці, а на трэцім — Мінскай. Дарэчы, за каманду сталічнага рэгіёна ў сярэдняй узроставай групе выступаў малодшы сын прэзідэнта Мікалай Лукашэнка. У спрынце ён заваяваў “бронзу”, а ў змешанай эстафеце разам з таварышамі па камандзе — “серабро”.

“У Міністэрства адукацыі і Беларускай федэрацыі біятлона пабудавана вельмі якасная, сістэмная работа. Зразумела, што спорт вялікіх дасягненняў падсілкоўваецца з масавага і дзіцячага спорту. Тое, што ў нас школьнікі займаюцца лыжамі, тое, што развіваюцца ціры, — усё гэта ў спалучэнні на такіх спаборніцтвах на раённым, абласным, рэспубліканскім узроўні садзейнічае развіццю спорту высокіх дасягненняў. Акрамя таго, з федэрацыяй біятлона мы рэалізуем праграму спецыяльнага адбору. Прадстаўнікі федэрацыі наведваюць установы адукацыі і адбіраюць перспектыўных дзяцей, якія паказваюць пэўныя поспехі ў фізічнай падрыхтоўцы. Гэта таксама садзейнічае рабоце вучылішчаў алімпійскага рэзерву на больш якасным узроўні. Таму гэтыя спаборніцтвы вельмі значныя і важныя для спартыўнай грамадскасці, для нашай дзяржавы”, — адзначыў падчас урачыстага адкрыцця спаборніцтваў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Пра важнасць “Снежнага снайпера” сведчыць і той факт, што святочная цырымонія ўзнагароджання прызёраў праходзіла з удзелам кіраўніка дзяржавы. Падчас размовы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, як яму дакладвае старшыня назіральнага савета Беларускай федэрацыі біятлона Валерый Вакульчык, каля тысячы здольных дзяцей узяты на кантроль. “Зараз праверым іх фізічны стан, мы закупілі добрае абсталяванне. Калі бацькі пагодзяцца і дзеці будуць здольны бегаць, яны будуць добрымі спартсменамі. А дзеці ёсць з добрымі задаткамі. Каштоў-насць гэтых спаборніцтваў у тым, што гэтыя лепшыя дзеткі, гэтыя зярняты нашай краіны, узяты на кантроль трэнерамі. Мы абавязкова зробім усё, каб з іх у будучыні выраслі Домрачавы, Б’ёрндалены, Айдаравы, Паповы — вялікія спартсмены”, — цытуе прэзідэнта БелТА.

Менавіта такіх спартсменаў паспяхова рыхтуюць у Магілёўскай вобласці. З кожнага фіналу “Снежнага снайпера” каманда гэтага рэгіёна прывозіць цэлы россып медалёў. Як адзначыў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Барсукоўскага дзіцячага сада — базавай школы Клімавіцкага раёна Ігар Старадуб (ад гэтай установы адукацыі ў фінале ўдзельнічалі адразу 7 навучэнцаў), сакрэты перамог у біятлоне даволі простыя: напружаная праца і рэгулярныя трэніроўкі, куды ўваходзяць элементы розных відаў спорту. Заняткі біятлонам фіналісты “Снежнага снайпера” не пакідаюць і пасля заканчэння школы. Для многіх лыжныя гонкі са стральбой застаюцца хобі. Многія працягваюць вучобу ў вучылішчах алімпійскага рэзерву, звязваюць жыццё з сілавымі органамі. “Біятлон адразу запальвае сэрцы дзяцей, асабліва хлопчыкаў, бо дазваляе не толькі паспаборнічаць у лыжных гонках, але і пастраляць. Біятлон — гэта не толькі спорт вялікіх дасягненняў, для дзяцей гэта ў тым ліку своеасаблівая захапляльная гульня ў разведчыкаў”, — адзначыў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Побалаўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна Валерый Драчоў.

Сапраўды, біятлон — гэта не толькі спорт вялікіх дасягненняў, гонар дзяржавы на міжнароднай арэне, гэта яшчэ і заўсёды добры настрой, свята здароўя. Біятлон — гэта адна дружная каманда. Дзякуючы “Снежнаму снайперу”, з кожным годам яна становіцца большай.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота БелТА.