Душой, сэрцам і розумам

- 11:45Навіны рэгіёнаў

Свята, прысвечанае Дню настаўніка, сабрала ў Гомелі прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці ўсяго рэгіёна. Лепшым на ўрачыстым сходзе ўручылі заслужаныя ўзнагароды.

Нагруднымі знакамі Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” адзначаны дырэктар абласнога сацыяльна-педагагічнага цэнтра Марыя Бордак, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Гомельскага аўтамеханічнага каледжа Аляксандр Цяслюк, намеснік дырэктара гімназіі № 51 Гомеля Алена Сычова.

Граматай Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі ўзнагароджана старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Стадоліцкай сярэдняй школы Лельчыцкага раёна настаўніца Таццяна Лукашэнка. Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымалі намеснік дырэктара Гомельскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Галіна Брылькова і дырэктар Гомельскай сярэдняй школы № 21 Інеса Карпіна. Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджана загадчык арганізацыйна-масавага аддзела Гомельскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Аксана Шынкар.

Пад шчырыя апладысменты залы на сцэну падняліся і пераможцы рэгіянальнага конкурсу “Педагагічны Алімп — 2020”. Педагогам-майстрам названа настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 14 Гомеля Жанна Жадзейка. Таленавіты, творчы, захоплены педагог ужо 36 гадоў вучыць дзяцей. Яна — нязменны трэнер абласной каманды ўдзельнікаў Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове. Жанна Фёдараўна з’яўляецца аўтарам Рэспубліканскага культурна-адукацыйнага праекта “Вялікі майстар мовы і стылю”, членам аўтарскага калектыву па стварэнні падручнікаў рускай мовы і вучэбных дапаможнікаў. Педагог адзначае, што галоўная яе гордасць — вучні. Сярод іх больш як 30 пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, 5 абсалютных пераможцаў алімпіяды Саюзнай дзяржавы. І сёлета каманда вобласці зноў стала лепшай на алімпіядзе “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.

У намінацыі “Педагагічная дынастыя” перамогу прысудзілі сям’і Ятчанкаў з Нараўлянскага раёна. Іх агульны педагагічны стаж складае больш за 100 гадоў. У гэтай сям’і выбіраюць прафесію настаўніка, таму што любяць дзяцей і ўмеюць гэтую любоў перадаць у спадчыну. Заснавальнік дынастыі — Валянціна Ятчанка. Яе педагагічны стаж — 42 гады. 39 з іх яна аддала роднай школе: працавала настаўніцай, намеснікам дырэктара і 13 гадоў дырэктарам. Працягнулі справу маці сын Васіль і дачка Наталля. Сямейную традыцыю падтрымала нявестка Галіна, якая 19 гадоў працуе настаўніцай пачатковых класаў. У гэтым навучальным годзе трэцяе пакаленне дынастыі Ятчанкаў — маладыя спецыялісты, сын і дачка Васіля і Галіны, Ігар і Настасся, пачалі працаваць ва ўстановах адукацыі Нараўлянскага раёна.

Аднагодкам Перамогі названы ветэран працы Мікалай Казачэнка (на здымку). Ён нарадзіўся адразу пасля вайны, скончыў Чырвонабярэжскую школу, а праз некаторы час вярнуўся ў родную школу, дзе прапрацаваў 43 гады — спачатку настаўнікам фізкультуры, а затым 24 гады дырэктарам.

Сёлета выхавальнік Юравіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Святлана Варабей разам з мужам Сяргеем працавалі на жніве. Жанчына была памочнікам камбайнера. Сямейны экіпаж намалаціў больш  як 1,2 тысячы тон збожжа. Пасведчанне ў намінацыі “Хвала рукам, што пахнуць хлебам” Святлане Варабей уручыў дырэктар ААТ “Прудкоўскае” Калінкавіцкага раёна Сяргей Ярасевіч. Да таго ж, Святлана Віктараўна з’яўляецца дыпламантам раённага фестывалю педагагічнага майстэрства “Метадычная вясна — 2020”.

— Настаўнік — той жа пісьменнік, але ён піша не кнігі, а жывых людзей, — нагадала словы паэта Яўгенія Еўтушэнкі старшыня гомельскай абласной арганізацыі ГА “Белая Русь” Галіна Цярэшчанка, калі ўручала ўзнагароды педагогам, якія сёлета падрыхтавалі вучняў-стабальнікаў. — Сапраўды, настаўнік не проста прафесія, а лад жыцця, прызванне, лёс. Ад настаўніка залежыць, ці знойдзе сябе вучань у гэтым жыцці, ці раскрые ён свае таленты і кім стане. Добрага настаўніка памятаюць усё жыццё. Добры настаўнік, па сутнасці, другі бацька. Дзякуй вам, паважаныя педагогі, за той вялікі ўклад, які вы ўносіце ў справу выхавання новага пакалення незалежнай Беларусі.

За папулярызацыю ідэй міру і дружбы абласное аддзяленне Беларускага фонду міру ўручыла найвышэйшую ўзнагароду грамадскага аб’яднання — медаль “Заслужаны міратворац” — начальніку аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама Любові Клепчуковай. Ганаровыя граматы атрымалі аддзелы адукацыі Светлагорскага і Жлобінскага райвыканкамаў, якія былі ўручаны іх кіраўнікам Жанне Чэркас і Аляксандру Салаўёву.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.