Два “золата”, два “серабра”

- 11:26Спартыўныя падзеі

Юбілейныя, пяцідзясятыя, Спецыяльныя Алімпійскія гульні завяршыліся ў Абу-Дабі. Больш за 7000 спартсменаў з каля 200 краін спаборнічалі ў 24 відах спорту. Сярод іх была і беларуская каманда, якая заслужана атрымала медалі Алімпіяды. 

Спецыяльныя Алімпійскія гульні World Games Abu Dhabi — 2019 — адна з найбуйнейшых спартыўных і гуманітарных па­дзей у свеце. Удзел у Алімпіядзе бяруць спартсмены з абмежаванымі інтэлектуальнымі магчымасцямі, незалежна ад узроўню іх здольнасцей. Мерапрыемства заклікана з дапамогай сілы спорту пашыраць правы і магчымасці такіх людзей.

Упершыню за сваю паўвекавую гісторыю Гульні ладзіліся ў рэгіёне Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Тысячы спартсменаў гасцінна сустракалі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, 20 тысяч чалавек выказалі жаданне быць валанцёрамі на Алімпіядзе.

Спартыўная падзея пачалася традыцыйным парадам спартсменаў і запальваннем алімпійскага агню, які мае назву “Полымя надзеі”. На трыбунах спартсменаў віталі тысячы гледачоў, сярод якіх былі кіраўнікі дзяржаў, сусветныя знакамітасці. Шоу, прысвечанае старту спаборніцтваў, атрымалася неверагодным. На ім быў прэзентаваны афіцыйны гімн Алімпіяды, над стварэннем якога працавалі сусветныя зоркі музычнай індустрыі: прадзюсар і лаўрэат прэміі “Грэмі” Грэг Уэлс, саліст гурта OneRepublic Раян Тэдэр, 28-разовы ўладальнік прэміі “Грэмі” Куінсі Джонс. Выканалі гімн суперзоркі Аўрыл Лавін і Луіс Фонсі разам са сваімі калегамі-спевакамі з Егіпта, ААЭ і Сірыі.

Удзельнікаў Алімпіяды падтрымлівалі знакамітыя спартс­мены. Элісан  Фелікс, амерыканская бягуха на кароткія дыстанцыі, 6-разовая алімпійская чэмпіёнка і 11-разовая чэмпіёнка свету, правяла сумесную трэніроўку з удзельнікамі Алімпіяды. Завіталі да спартсменаў і легендарныя футбалісты Дзідзье Драгба і Кафу, каб згуляць разам з алімпійцамі матч і пазнаёміцца з імі.

Нашу краіну на гэтым маштабным спартыўным мерапрыемстве прадстаўлялі 15 навучэнцаў Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната — гэта дзеці-сіроты з інтэлектуальнай недастатковасцю. Яны шмат разоў дэманстравалі свае здольнасці на рэгіянальных і рэспубліканскіх турнірах, станавіліся прызёрамі міжнародных спаборніцтваў. У Спецыяльных Алімпійскіх гульнях юнакі і дзяўчыны з Рудзенска ўдзельнічалі другі раз. Беларускія спартсмены выступалі ў трох відах спорту: футболе, плаванні, бочэ — і ў кожным з іх заваявалі медалі!

Залаты медаль у спаборніцтвах па плаванні заваявала Настасся Дубік. Такім жа паспяховым было выступленне Сяргея Багуцкага ў бочэ — юнак атрымаў “золата”. У гэтым відзе спорту ўладальніцай сярэбранага медаля стала Бажэна Кандратовіч. У спаборніцтвах па жаночым футболе каманда Ру­дзенскай дапаможнай школы-інтэрната заняла 2-е месца — яе прадстаўніцы ўзнагароджаны сярэбранымі медалямі. Каманду да выступлення падрыхтавалі трэнеры Дзяніс Мікалаевіч Шакура і Ягор Мікалаевіч Шакура.

 — Нашы выхаванцы не раз паспяхова выступалі на міжнародных спаборніцтвах, таму, едучы на Алімпіяду, мы разлічвалі на медалі, тым больш што вялася сур’ёзная падрыхтоўка да гэтых стартаў. Але такая колькасць медалёў стала прыемным сюрпрызам, — расказвае трэнер Дзяніс Мікалаевіч Шакура. — Спартсмены — малайцы, яны старанна працавалі, шмат трэніраваліся і заслужылі свае поспехі.

 Выхаванцы школы-інтэрната з задавальненнем займаюцца спортам, тым больш што ва ўстанове створаны для гэтага цудоўныя ўмовы: ёсць басейн, трэнажорная зала, спартыўныя пляцоўкі. Ну і, канечне, гэта выдатныя трэнеры і педагогі.

 Спецыяльныя Алімпійскія гульні World Games Abu Dhabi — 2019 выклікалі захапленне і неверагодныя эмоцыі ў спартсменаў і гасцей з усяго свету. І гэта не проста спартыўныя спаборніцтвы, гэта важныя крокі на шляху да стварэння больш талерантнага і добрага свету. І каб чалавецтва прадаўжала рабіць гэтыя крокі, “Полымя надзеі” будзе запальвацца зноў і зноў. Наступны раз гэта адбу­дзецца ў Швецыі.

Дар’я РЭВА.
Фота з уласнага архіва ўдзельнікаў Алімпіяды.