Дзед Мароз і К°: казка да нас прыходзіць…

У Полацку другі год запар Дзед Мароз разам з усёй сваёй казачнай камандай прымаў гасцей у навагодняй рэзідэнцыі. Падчас зімовых канікул у навагодняга чараўніка пабывалі больш за дзве тысячы дзяцей і дарослых.

«Рэзідэнцыя працавала з 24 снежня 2015 года да 10 студзеня 2016 года. Кожны дзень яна сустракала арганізаваныя экскурсійныя групы, для якіх праводзіліся казачныя квэсты, – расказвае дырэктар Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Наталля Задаліна. – У мінулым годзе гасцей у нас было не менш, чым у гэтым, але трэба адзначыць, што геаграфія наведвання значна пашырылася. Зараз у рэзідэнцыю прыязджаюць дзеці з абласнога цэнтра, розных гарадоў краіны рэспублікі, нават са сталіцы, былі ў нас госці і з Рыгі, Варонежа, Санкт-Пецярбурга, Масквы. Думаю, што весткі аб такім навагоднім мерапрыемстве разляцяцца далёка, і ў наступным годзе размах нашага свята будзе яшчэ большым».
Гасцей, што наведваюць гэты чароўны куток Полацка, вітае сама Зімачка-Зіма, якая запрашае стаць удзельнікамі кастынгу талентаў Дзеда Мароза. Ацэньваць узровень творчых здольнасцяў наведвальнікаў дапамагаюць эксперты па песнях і танцах: сімвал адыходзячага году вясёлая Козачка і яе целаахоўнік, агент 2-016… Воўк. Гульні, навагоднія тэсты, танцавальны марафон… Але для таго, каб парушыць козні злой Мяцеліцы, што зачаравала Дзядулю Мароза са Снягуркай, неабходна прайсці выпрабаванні на лясных сцяжынках, сустрэцца з каларытным Лесуном, непрадказальнай Бабай-Ягой, дзёрзкай Разбойніцай і нават трапіць на балота да Кікімар. Сустрэча з кожным героем поўная прыгод і сюрпрызаў. Але што толькі ні зробіш, каб адшукаць навагодняга чараўніка. Усе з задавальненнем успамінаюць дзіцячыя вершыкі, адказваюць на загадкі, гуляюць у снежкі. Выбраўшыся з казачнага лесу, госці зноў аказваюцца на святочнай пляцоўцы рэзідэнцыі. Зімачка-Зіма ўрачыста аб’яўляе, што іх дружныя намаганні абудзілі навагодняга чараўніка, запрашае яго паклікаць, дзеці з задавальненнем крычаць — і вось на парозе Дзед Мароз і Снягурка. І дзеці, і дарослыя аднолькава радуюцца яго з’яўленню, усе разам запальваюць святочныя агні на галоўнай ёлцы рэзідэнцыі.
«У гэтым годзе наш калектыў шмат зрабіў для таго, каб госці рэзідэнцыі атрымалі ад свята сапраўднае задавальненне. Па-першае, мы з дапамогай настаўнікаў працоўнага навучання і творчых калектываў устаноў адукацыі Полацкага раёна цалкам перааформілі ўнутраны інтэр’ер. Уваход у рэзідэнцыю зроблены ў выглядзе ледзяной пячоры. У калідорах – казачныя малыя архітэктурныя формы. Вось, напрыклад, чароўны зэдлік: прысядзеш – абавязкова закахаешся або пасябруеш у новым годзе. А побач – спецыяльная навагодняя пошта, каля якой заўсёды дзіцячая чарга, бо кожнаму хочацца расказаць Дзеду Марозу пра сваю запаветную мару. За казачнымі дзвярыма – навагоднія майстэрні, дзе можна вырабіць сувенір для родных і сяброў. Дзяцей вельмі ўразілі навагоднія паштоўкі з выкарыстаннем гламурных сучасных тэгаў, а вось госці з-за мяжы выказвалі захапленне ад таго, што дакрануліся да таямніц сапраўдных беларускіх рамёстваў: пляцення з лазы, інкрустацыі залатой саломай, выцінанкі і выразанкі.
Што яшчэ прыцягвае наведвальнікаў рэзідэнцыі? Канечне, тое, што казачныя героі творча і незвычайна падыходзяць да сустрэчы гасцей на сваіх пляцоўках. Напрыклад, Лясун выходзіць на сцежку нечакана, і яго суправаджаюць гукавыя праявы, якія чуюцца на ўвесь лес: зычны крык, скуголенне ветру, гул, трэск і шум. Гэтыя эфекты пакідаюць незабыўнае ўражанне ў дзяцей і дарослых. Дарэчы, у вобразах гэтага і ўсіх іншых персанажаў вы можаце пазнаць педагогаў нашага цэнтра дзяцей і моладзі, а гэта вельмі творчыя і крэатыўныя людзі, гатовыя, як кажуць, любую казку зрабіць рэальнасцю», – адзначае Наталля Задалiна.
Уся рэзідэнцыя навагодняга чараўніка падобна на казку, у якой хочацца пабываць яшчэ і яшчэ раз.

Наталля СЛЯПЦОВА,
загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.