Дзейснае вырашэнне надзённых праблем

- 13:16Апошнія запісы

Пытанні эфектыўных напрамкаў развіцця сельскіх школ абмеркавалі ў ходзе пасяджэння абласной асацыяцыі савета дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Як паведаміла начальнік аддзела арганізатараў адукацыі і педагагічнага працэсу МДАІРА Алена Афанасенка, асацыяцыя дырэктараў дзейнічае ў Магілёўскай вобласці ўжо на працягу года. За гэты час удалося знайсці дзейснае вырашэнне пэўных надзённых праблем.
— На сённяшні дзень у склад абласной асацыяцыі савета дырэктараў уваходзяць 10 аўтарытэтных вопытных дырэктараў гарадскіх і сельскіх навучальных устаноў. Яны ажыццяўляюць своеасаблівы маніторынг сферы адукацыі рэгіёна, спрыяюць распаўсюджванню станоўчага вопыту, вырашэнню існуючых праблем з выхадам на Міністэрства адукацыі. Такі метад работы мае вельмі значны вынік, бо ў адзіночку кіраўнік установы адукацыі не заўсёды можа справіцца з праблемай, а сумеснымі намаганнямі знайсці дзейсны выхад значна прасцей, — расказала Алена Пятроўна.
Базай правядзення чарговага пасяджэння асацыяцыі, якое было прысвечана пошуку эфектыўных шляхоў развіцця сельскіх устаноў адукацыі, стаў Разанцаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Мсціслаўскага раёна. Такі выбар быў зроблены невыпадкова. Дырэктар школы Алена Паштовая уваходзіць у склад асацыяцыі дырэктараў вобласці. Ды і сама ўстанова адукацыі, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў сельскай мясцовасці, прагрэсіўна развіваецца.
Педагагічнаму калектыву Разанцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы сапраўды было чым падзяліцца з калегамі. У школе стабільна развіваюцца ўсе напрамкі работы з навучэнцамі, але асаблівы ўпор тут зрабілі на фізічнае выхаванне дзяцей. Асноўным відам спорту выбраны гандбол, у якім педагогі і навучэнцы ўстановы ўжо дасягнулі высокіх поспехаў: школьная каманда з’яўляецца прызёрам раённых, абласных і нават рэспубліканскіх спаборніцтваў. Юных гандбалістаў з Разанцаў нават назвалі адкрыццём года ў гэтым відзе спорту. Станоўчы вопыт быў прадстаўлены і ў плане ўзаемадзеяння з мясцовым СВК “Кастрычнік”. Акцэнтавалася ўвага прысутных і на ролі кіраўніка ў стварэнні камфортнага адукацыйнага асяроддзя ва ўстанове адукацыі. У ходзе пасяджэння прысутныя таксама абмеркавалі пытанні арганізацыйна-кіраўніцкага забеспячэння дзейнасці навучальных устаноў, асаблівасцей адукацыйнага працэсу сельскай малакамплектнай школы і развіцця прафесіяналізму педагогаў, сацыяльнага ўзаемадзеяння сям’і і школы, культурна-забаўляльнай дзейнасці ў сельскіх установах адукацыі, партнёрства з мясцовымі аграпрамысловымі прадпрыемствамі.
Дырэктары не толькі выказвалі свае меркаванні, але і актыўна дзяліліся асабістым вопытам. Гасцям са Смаленскай вобласці Расіі, якія прысутнічалі на нарадзе, было цікава пазнаёміцца з сістэмай кіравання ўстановай адукацыі ў нашай краіне. Дырэктары магілёўскіх навучальных устаноў у сваю чаргу ўзялі на заметку некаторыя аспекты функцыянавання расійскіх школ. Такі абмен вопытам, несумненна, паспрыяе агульнаму паляпшэнню работы, стаўшы своеасаблівым рухавіком далейшага прагрэсіўнага развіцця сельскіх школ.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі.