Дзеці розныя — праблемы аднолькавыя

- 14:16Навіны рэгіёнаў

Гэтае сцвярджэнне сёння, здаецца, актуальнае як ніколі. Развіццё камунікацыйных тэхналогій дае шмат магчымасцей для развіцця, навучання і самаадукацыі, але разам з тым прынесла і нямала праблем, якія патрабавалі сур’ёзных змяненняў у падыходах да выхавання дзяцей і падлеткаў. Дададзім сюды сацыяльныя змены, якія адбыліся ў грамадстве, і заклапочанасць узрастае.

Валанцёры каледжа дэманструюць праблемы інтэрнэт-залежнасці.

Таму, калі старэйшае пакаленне задаецца пытаннем, чаму баць­коўскія сходы часткова ператварыліся ў сустрэчы з прадстаўнікамі органаў унутраных спраў, нарколагамі, псіхіятрамі і псіхолагамі, адказ просты: сучасная моладзь, якой бы разумнай і самастойнай яна сябе ні адчувала, нярэдка трапляе ў залежнасць ад негатыўных з’яў, што змяшчае ў сабе прастора інтэрнэту. У сучасным грамадстве востра паўстаюць такія праблемы, як кіберзлачыннасць — кібербулінг, фінансавае махлярства, суіцыданебяспечныя паводзіны. Сацыяльныя сеткі часта выкарыстоўваюцца злачынцамі, якія ўцягваюць непаўналетніх у распаўсю­джванне і ўжыванне наркотыкаў, схіляюць да сексуальных дзеянняў. Не меншую заклапочанасць выклікае таксама інтэрнэт- і гульнявая залежнасць. Часта бацькі не задумваюцца пра гэта, не ўсведамляюць праблему ці проста прымаюць пазіцыю, што такая бяда можа здарыцца з кім заўгодна, толькі не з іх дзецьмі. Калі абагульніць праблематыку, то інтэрнэт можа з лёгкасцю стац­ь для падлеткаў зыходным пунктам у здзяйс­ненні розных правапарушэнняў і злачынстваў, псіхалагічных і псіхічных расстройствах.

Гэтыя і іншыя пытанні ўзнімаліся на бацькоўскім сходзе ў Лоеўскім дзяржаўным педагагічным каледжы. Размову з бацькамі вялі сацыяльны педагог установы, начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў, урач-псіхіятр раённай бальніцы.

Пра ступень даверу…

Сацыяльны педагог каледжа Людміла Карпенка азнаёміла прысутных з вынікамі праведзенага сярод будучых педагогаў апытання. Некаторыя даныя, атрыманыя ў выніку апытання навучэнцаў, здзіўляюць сваёй катэгарычнасцю ці супярэчлівасцю.

Так, пытанне пра ступень даверу баць­кам, настаўнікам і аднагодкам дало наступныя вынікі: бацькі — 75%, настаўнікі — 65%, равеснікі — 72%. Разам з тым на пытанне “З кім вы падзеліцеся навінамі пра сваё жыццё?” 35% з 215 апытаных адказалі: “Віртуальныя сябры”.

Апытанне дало магчымасць зрабіць выснову, што падлеткі маюць патрэбу ў падтрымцы блізкіх ім людзей і чакаюць ад бацькоў увагі. Ідэальныя бацькі, на думку ўдзельнікаў апытання, тыя, якія любяць (95%), якія разумеюць і супера­жываюць (92%), а таксама тыя, як гэта ні дзіўна, якія ставяцца патрабавальна да свайго дзіцяці (85%).      

Са 130 навучэнцаў 1 і 2 курса на пытанне “Ад каго, ад якіх умоў залежыц­ь узровень выхаванасці дзіцяці?” 82% апытаных выбралі сям’ю. Менш за ўсё галасоў было аддадзена равеснікам — усяго 5%. Па меркаванні некаторых падлеткаў, важную ролю ў выхаванні адыгрываюць матэрыяльна-бытавыя ўмовы пражывання. Гэты варыянт адказу абралі 7% навучэнцаў. Адным з варыянтаў адказу на гэтае пытанне быў “настаўнік”. І вось неверагоднае: толькі 6% будучых педагогаў лічаць, што іх будучыя калегі, а хутка і яны самі, маюць уплыў на ўзровень выхаванасці дзіцяці.

…і пра інтэрнэт-залежнасць

Людміла Георгіеўна асобна спынілася таксама на гульнявой залежнасці падлеткаў.

— Апытанне, праведзенае ў мінулым годзе ў шэрагу краін Еўропы, паказвае, што 33% падлеткаў ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў гуляюць у бясплатныя азартныя гульні анлайн, — паведаміла спецыяліст. — Такія гульні зручныя і лёгкадаступныя, да іх можна атрымац­ь доступ з дому, часта без бацькоўскага кантролю.

У Лоеўскім педагагічным каледжы гэтую праблему таксама даследавалі. Вынікі анкетавання паказалі, што 21% з 210 апытаных навучэнцаў каледжа гуляе ў анлайн-гульні.

Па даных, атрыманых у выніку даследаванняў у Беларусі, абсалютная большасць (каля 92%) бацькоў у нашай краіне не ведае пра патэнцыяльна небяспечныя актыўнасці сваіх дзяцей у інтэрнэце. Пры гэтым 58% непаўналетніх утойваюць ад бацькоў, чым на самай справе яны займаюцца ў сетцы.

У першую тройку сайтаў, якія найбольш часта наведваюць навучэнцы, увайшлі камп’ютарныя гульні (10%) і рэсурсы з інфармацыяй пра алкаголь, тытунь і наркатычныя рэчывы (8%). Сярод папулярных інтэрнэт-актыўнасцей юных карыстальнікаў можна адзначыць наведванне анлайн-магазінаў, аплатных сістэм (7%), рэсурсаў аб розным праграмным забеспячэнні і прагляд відэа (6%).

Кажуць, статыстыка — рэч сумная, але пераканаўчая. Пагадзіцеся, прыведзеныя лічбы даюць добрае ўяўленне пра тое, якія на справе маштабы праблемы. Па заканчэнні бацькоўскага сходу таты і мамы абмяркоўвалі паміж сабой менавіта тэму інтэрнэт-залежнасці і ўплыву на дзяцей сацыяльных сетак, хаця на сустрэчы размова ішла і пра іншыя складнікі адукацыйна-выхаваўчага працэсу. Асноўная маса навучэнцаў педкаледжа — вясковыя дзеці. Улічваючы гэта, можна дапусціць, што большасць бацькоў на самай справе раней не ўдзяляла ўвагі згаданай праблеме.

Ад адаптацыі да дыплома

Другая частка бацькоўскага сходу прысвячалася адукацыйнаму працэсу.

Вучыцца ў Лоеўскі педагагічны каледж дзеці прыходзяць пасля 9 класа. Гэта якраз той пераломны перыяд падлеткавага ўзросту, які нясе ў сабе шмат супярэчнасцей і небяспек. Педагогам даводзіцца часткова прымаць на сябе ролю бацькоў, нярэдка на пальцах тлумачыць простыя жыццёвыя рэчы. Неяк дырэктар каледжа Раіса Каляда расказвала, як праводзіўся фінансавы лікбез для першакурснікаў. Адарваўшыся ад бацькоў і не маючы разумення наконт правільнага расходавання сродкаў, за некалькі дзён дзяўчаты патрацілі ўсе грошы на пячэнне, цукеркі і ліманад, а потым са здзіўленнем разводзілі рукамі, што не могуць пабалаваць сябе прысмакамі. Насамрэч, дзяцей неабходна перш за ўсё рыхтаваць да жыцця, а ўсё астатняе адыходзіць на другі план.

Яшчэ адна набалелая тэма — знешні выгляд. Адміністрацыя і выкладчыкі навучальнай установы спрабуюць прывіць будучым настаўнікам добры густ, а таксама разуменне таго, як павінен выглядаць педагог. Здаецца, гэта такое простае правіла, але іншы раз данесці яго да навучэнцаў нялёгка. З юнакамі праблем няма, а вось дзяўчаты не заўсёды прымаюць заўвагі, таму даводзіцца спадзявацца на падтрымку бацькоў.

Што тычыцца непасрэдна навучання, свае асаблівасці ёсць у навучэнцаў 1 і 4 курса. Тыя, хто зараз на 2 ці 3 курсе, ужо адаптаваліся, падцягнулі паспяховасць па прадметах, добра разумеюць патрабаванні, якія ставяцца да іх. Першакурснікі, хаця навучальны год хутка скончыцца, яшчэ прывыкаюць да таго, што каледж — гэта не школа, а набыццё прафесіі — справа сур’ёзная.

Як правіла, у пачатку навучальнага года праводзіцца кантрольны зрэз ведаў навучэнцаў 1 курса. Дырэктар установы адзначыла, што вынікі гэтага года не вельмі радавалі. Але сёння ёсць добрыя зрухі — ацэнка ведаў узрасла на 3—4 балы.

У 4 курса асаблівыя хваляванні. Менш чым праз месяц пачнецца пераддыпломная практыка, пасля — выніковая атэстацыя і дзяржаўныя экзамены, размеркаванне і першыя крокі ў дарослае працоўнае жыццё. Пытанням практыкі, размеркавання і адпрацоўкі, фінансавай падтрымкі маладога спецыяліста, ільготам было ўдзелена шмат увагі.

Падаецца, што бацькі хвалююцца значна больш, чым іх дзеці-выпускнікі. Заўтрашнія настаўнікі кажуць, што не баяцца пачынаць прафесійную дзейнасць, бо ў каледжы вядзецца вельмі добрая падрыхтоўка, а няўпэўненасць, якая адчувалася ў пачатку навучання, знікла падчас праходжання практык.

Сёння можна часта пачуць, што ў педагогіку ідуць незацікаўленыя. Не выключана. Але часта сустракаеш вочы, у якіх бачыш нястрымнае жаданне ствараць і шчырую любоў да дзяцей. Гэта тыя, на каго мы ўскладаем надзею ва ўзняцці прэстыжу прафесіі настаўніка.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.