Сёння, як мы і абяцалі, размова пра спорт у гасцёўні “Утульнай хаткі” працягнецца. Героем рубрыкі “Мая школа” стаў шматразовы чэмпіён Беларусі, Еўропы і свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Дзмітрый Валент.
— Дмітрый, ведаю, што ты вучыўся ў некалькіх мінскіх школах. З чым была звязана такая частая змена навучальных устаноў?
— За школьны час я памяняў некалькі школ. У першы клас пайшоў у 111-ю мінскую гімназію і правучыўся там да трэцяга класа. Пасля па некалькі гадоў вучыўся ў сярэдніх школах №№ 141, 68 і 172 да таго часу, пакуль не паступіў у вучылішча алімпійскага рэзерву. Дзесьці даводзілася пераходзіць у іншыя школы ў сувязі з пераездам, а дзесьці… Двоечнікам я не быў — вучыўся дастаткова добра, ніякіх праблем з настаўнікамі-прадметнікамі не было. Але ў некаторых школах адміністрацыю не задавальнялі мае паводзіны: лёгка мог пабіцца з кім-небудзь. Але я не быў задзірам, не скажу, што ініцыятарам усіх боек, за якія атрымліваў вымовы, быў я. Канфлікты звычайна былі дробязныя: не тое сказаў, не так зрабіў…
— Ці мог хто з настаўнікаў падумаць, што гэта стане вашай прафесіяй?
— Пра гэта не буду казаць, але думаю, што нехта, убачыўшы мяне па тэлевізары ці даведаўшыся пра мае спартыўныя дасягненні, успамінае мае дзіцячыя свавольствы.
— Якім у цябе было 1 верасня?
— Радасць, прыгажосць, кветкі… Па мятаю, у той год, калі малодшы брат ішоў у першы клас (ён на год меншы за мяне), маці — Інеса Анатольеўна — купіла нам аднолькавыя барвовыя касцюмы. У дзяцінстве я быў вельмі сарамлівым. Калі спазняўся на ўрок, адчуваў сябе вельмі некамфортна і вельмі баяўся заходзіць у клас. Відаць, таму зараз я пунктуальны.
— Калі б не пайшоў у прафесійны спорт, якую б сферу дзейнасці выбраў для сябе? Калі і як адбывалася самавызначэнне?
— Сёння мне цяжка ўявіць сябе не ў спорце, вельмі моцна зжыўся з ім. Пасля таго як бацькі разышліся і мы засталіся толькі з маці, да майго выхавання далучыўся мой родны дзядзька Андрэй, матчын брат. Менавіта ён завёў майго брата на класічны бокс, а мяне — у секцыю тайскага бокса (гэты від спорту і раней мне вельмі падабаўся). Да гэтага з дванаццаці і амаль да пятнаццаці гадоў я займаўся таэквандо, а потым, пасля гадавога перапынку, трапіў на тайскі бокс. І застаўся…
— Як бацькі адрэагавалі на ваш вабар? Ці падтрымалі?
— Чым бы я ні займаўся, маці заўсёды мяне падтрымлівала, незалежна ад таго, падабалася ёй гэта ці не. Бабуля, дзядуля, бацька, дзядька — усе таксама стараліся разумець мяне і паважаць мой выбар. Дзядзька сам займаўся тайскім боксам, разам з намі бегаў кросы, хадзіў у басейн, а потым прыязджаў падтрымаць мяне на спаборніцтвах. І вялікі яму дзякуй, што прывучыў нас з братам да спорту! Так што за маці ў нашай сям’і ёсць каму пастаяць.
— Чаму менавіта тайскі бокс?
— Як гэта часта бывае ў дзяцінстве, захапленне, а потым і выбар у многім фарміраваліся пад уздзеяннем моды. Вялікі ўплыў на выбар зрабілі фільмы, у якіх здымаўся Жан-Клод Ван Дам. На экране ўсё было прадстаўлена вельмі ярка: не толькі бойкі, але і традыцыі, культура, якія зацягнулі і захапілі да сённяшняга часу. Напрыклад, у Тайландзе больш за мільён байцоў. Для тайцаў барацьба і ёсць культура, як, напрыклад, футбол для англічан. Многія бедныя сем’і ў Тайландзе аддаюць сваіх дзяцей у 6—7 гадоў у спартыўныя лагеры, дзе яны вучацца выжыванню і атрымліваюць адукацыю. Канечне, ва ўсіх жыццё потым складваецца па-рознаму, але ў некаторых сапраўды атрымліваецца зарабляць спортам.
— Ці былі ў вашым жыцці настаўнікі, якія дапамаглі вызначыцца як асобе?
— Кожны настаўнік застаўся ў памяці, і кожны нешта ўклаў у маё выхаванне і адукацыю. Увогуле, мне шанцавала з педагогамі. Таццяна Фёдараўна Рэўт, мая першая настаўніца, заклала базу ведаў, на якой я потым далей будаваў сябе.
Вельмі добрую базу заклалі і настаўнікі англійскай мовы. Дзякуючы гэтаму, а таксама маім пастаянным выездам за мяжу, я сёння нядрэнна валодаю англійскай на бытавым узроўні.
— Калі б адначасова запрасілі на сустрэчу з выпускнікамі ва ўсе школы, дзе ты вучыўся, куды б пайшоў?
— У мяне былі добрыя стасункі з аднакласнікамі ва ўсіх школах, таму мне вельмі складана было б выбраць, тым больш што апошнім часам я найбольш падтрымліваю кантакты з сябрамі па спорце.
— Які быў першы галавакружны спартыўны поспех і якое паражэнне было самым горкім?
— Мне тады было 16, я выступаў на чэмпіянаце Беларусі. Правёў тры цяжкія баі і, дайшоўшы да фіналу, прайграў ужо тытулаванаму на той час Віталю Гуркову. Гэта быў адзін з першых сур’ёзных стартаў, пасля якога мяне заўважылі трэнеры. Неўзабаве ў тым жа 2006 годзе прыняў удзел у маладзёжным чэмпіянаце свету па муай-тай (Бангкок, Тайланд) у вагавай катэгорыі да 67 кг і выйграў яго. Гэта быў вельмі добры вынік для пачаткоўца. У тым жа годзе заваяваў тытул чэмпіёна Беларусі, выйграў свой першы прафесійны турнір-васьмёрку.
Што да паражэнняў, то яны ўсе вельмі горкія і крыўдныя. Самым непрыемным было паражэнне на турніры па муай-тай сярод васьмі наймацнейшых спартсменаў, які праходзіў два гады назад. Тады я датэрмінова прайграў у фінале ўкраінцу Артуру Кішэнку.
— Настаўнікі ў спорце не менш важныя, чым школьныя. З кім з трэнераў зараз працуеш?
— Колькі трэніруюся, выступаю за адну каманду — спартыўны клуб “Кік Файтар”. Маім першым трэнерам быў Юрый Варакса (дарэчы, ён трэніруе мяне да гэтага часу). Яшчэ адзін мой трэнер і менеджар — Яўген Дабратворскі. За амаль пятнаццаць гадоў яны сталі вельмі блізкімі мне людзьмі. Мы можам шчыра пагаварыць, а можам пакрыўдзіцца адзін на аднаго — усякае бывае.
— Наколькі ты публічны чалавек?
— Я вельмі адкрыты чалавек і люблю зносіны з людзьмі. Калі ў субяседніка да мяне станоўчыя адносіны, я звычайна не адмаўляюся ад размовы і адказваю на любыя пытанні.
— Якое пытанне найчасцей задаюць журналісты?
— Калі даведваюцца, што мая жонка таксама прафесійна займаецца кікбоксінгам і з’яўляецца дзеючым спартсменам, задаюць пытанне, як мы вырашаем сямейныя канфлікты. (Смяецца.) З жонкай мы пазнаёміліся падчас спаборніцтваў, некалькі разоў перасякаліся. Потым было сяброўства, якое перарасло ў каханне. І вось ужо чацвёрты год як мы ажаніліся.
— Ці даводзілася прымяняць прафесійныя навыкі, каб абараніць кагосьці?
— На шчасце, у маім жыцці не здараліся такія сітуацыі. А калі б нават і здарылася, безумоўна, убаку не стаяў бы. Ва ўсіх сітуацыях імкнуся ўключаць дыпламатыю і выходзіць з іх мірным шляхам. Самае непрыемнае ў сілавым вырашэнні канфліктаў — гэта парушэнне закону і пашкоджанні, якія могуць быць нанесены: удар пастаўлены, куды біць, ведаеш. Але звычайна такімі метадамі дзейнічаюць нявыхаваныя людзі. І кулакамі іх не выправіш. (Смяецца.)
— Для цябе спорт — гэта работа?
— Найперш для мяне гэта любімая справа. Не сакрэт, што многія ходзяць на работу, але не любяць яе.
— Не крыўдна бывае, што аўдыторыя заўзятараў тайскага бокса значна меншая, чым, напрыклад, у футбола ці хакея?
— Абсалютна не крыўдна, бо я ведаю прычыну. Тайскі бокс не мае такой выхаванай гадамі і стагоддзямі папулярнасці, як іншыя віды спорту. У гэтых сферах круцяцца вялікія грошы, якія гарантуюць добрую акупнасць рэкламы. Тайскі бокс сёння не настолькі развіты (у Беларусі школа стала выбудоўвацца толькі ў другой палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя) і не настолькі запатрабаваны, але гэта вельмі відовішчна. Спадзяёмся, калі-небудзь ён стане алімпійскім відам спорту, тады, магчыма, шмат што зменіцца. Зараз выдумляецца шмат гібрыдных відаў спорту, звязаных з тайкім боксам, каб прыцягнуць публіку.
— Рана ці позна давядзецца пакінуць вялікі спорт. Ці не задумваўся пра трэнерскую работу?
— Па-першае, я пакуль не збіраюся заканчваць спартыўную кар’еру. Але ўжо думаў стварыць свой зал, дзе мог бы арганізоўваць групы і трэніраваць моладзь.
Да таго ж я працягваю вучыцца. Я скончыў БДУФК па спецыяльнасці “Трэнер па рукапашным баі”, а нядаўна паступіў ў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце.
— Як плануеш свой жыццёвы і прафесійны шлях?
— Мэты трэба ставіць рэальныя і выканальныя, каб, рэалізаваўшы нешта, ставіць новую і зноў рушыць да яе. Канечне, павінны быць і глабальныя планы. Калі гаварыць больш канкрэтна, то ў спорце гэта перамогі на спаборніцтвах. А ў неспартыўным жыцці і для мяне, і для жонкі ўжо надышоў час, калі трэба задумацца пра дзяцей.
— Ці аддасце сваё дзіця ў тайскі бокс?
— На маю думку, у дзіцячым узросце заняткі спортам, нават элементарныя (басейн, бег), адназначна, будуць станоўча спрыяць фізічнаму і маральнаму развіццю. У больш сталым узросце дзіця само павінна выбіраць, што яму падабаецца. І нават калі гэта будуць розныя віды спорту — не бяда. Дзіця само павінна знайсці сабе занятак, які будзе даспадобы.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Дзмітрыя ВАЛЕНТА.