Дзверы, крыкі, крокі і… цішыня

- 15:25Культура, Рознае

У мінулую суботу завяршыўся ХІ Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар-2014. БДУ”. На працягу цэлага тыдня аматары тэатральнай творчасці мелі магчымасць штодня глядзець па два-тры, а то і па чатыры спектаклі, удзельнічаць у арганізаваных дыскусіях, майстар-класах, гарачых спантанных абмеркаваннях адразу ж пасля паказаў. Несумненна, для многіх шлях з адной пляцоўкі фестывалю, Ліцэя БДУ, на другую пляцоўку, Палац культуры прафсаюзаў, стаў нават родным — то ўверх, то ўніз па вуліцы Энгельса… Мяняліся пастаноўкі і дэкарацыі, акцёры і пастаноўшчыкі, твары і маскі… Адно ўражанне наязджала на другое і выцяснялася трэцім, чацвёртым, пятым… Але ў выніку застаўся толькі ён, адзін на ўсіх “дваццаць пяты кадр” — тое, што міжволі ўрэзалася ў памяць, або тое, чаго ўвогуле, можа, і не было. Ці было, але толькі для цябе аднаго.

“Клуб выхаднога дня” па п’есе “Клуб “Сняданне” Дж.Х’юза тэатра-студыі “Калі б…” Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны (рэжысёр Сяргей Зянькоў). Пакараныя амерыканскія падлеткі Эндзі, Джон, Браян, Клэр і Элісан праводзяць свой выхадны дзень у школе і пішуць сачыненні пра саміх сябе. Ім ужо ўнушылі, ім ужо добра далі зразумець, што яны — гэта не яны, а “спартсмен”, “разумнік”, “злачынца”, “прынцэса” і “псіхапатка”. Усё размеркавана па групах, па стэрэатыпах, і здаецца, што і самім героям так лягчэй. Кожны з іх б’е сябе ў грудзі, каб толькі даказаць сваю прыналежнасць да пэўнай касты, але ідэнтыфікацыі чамусьці не атрымліваецца. А ты як глядач разумееш, што ў іх узросце быў сам і “спартсменам”, і “разумнікам”, і “злачынцам”, і “прынцам”, і — каб іх чорт узяў! — “псіхапатам”.
“За зачыненымі дзвярыма” (Жан-Поль Сартр; рэжысёр Наталля Александровіч) тэатра-лабараторыі Insight Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пеклам для іх траіх — абаяльнага журналіста Гарсэна, наіўнай прыгажуні Эстэль і дзёрзкай паштовай служачай Інэс — становіцца фактычна звычайны пакой з наглуха зачыненымі дзвярыма. На кожным з іх — цяжкі грэх, у якім яны мусяць прызнацца. Але чаму такое незвычайнае пакаранне? І ці можна яго пазбавіцца цяпер, ці можна было не рабіць граху ў мінулым? Ці ўсё было беззваротна і непазбежна з самага пачатку? Сядзіш у глядзельнай зале, назіраеш за пакутамі-споведзямі-страхамі герояў і ўжо быццам хочаш узняцца, пабегчы і адчыніць тыя дзверы, каб выпусціць іх адтуль. Але не можаш, бо сам натыкаешся на такія ж зачыненыя дзверы. Сам стукаеш, а ніхто не адчыняе.
“Гамлет. Прынц. PEACE” творчай лабараторыі “Эскізы ў прасторы” Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Шэкспір пад бітбокс, Depeche Mode, Сінатру… Пры жаданні можна было б паверыць, што Гамлет і насамрэч звар’яцеў.
“Крэслы” па п’есе Эжэна Іянескі тэатральнай групы Papion (Іран; рэжысёр Хусейн Рахімі). Здавалася б, усё проста да абсурду, як і ў арыгінале. Два героі, Стары і Старая, на бязлюднай выспе пасярод смярдзючай вады чакаюць “гасцей”. Яны пражылі ў прынцыпе нікчэмнае жыццё. Стары так і не стаў ні галоўным імператарам, ні галоўным доктарам, ні галоўным рэдактарам, ні галоўным маршалам, хаця для гэтага ў яго былі ўсе задаткі, адзінае — не было амбіцый. Чакаючы “гасцей”, яны эмацыянальна прагортваюць усё сваё жыццё, успамінаюць маленькія поспехі і вялікія няўдачы, але ўсё гэта нішто ў параўнанні з тым, што павінна адбыцца сёння. Сёння ўвечары іх чакае вялікая місія: яны данясуць чалавецтву надзвычай важнае паведамленне, і таму да іх мусяць завітаць “госці” — імператары, палкоўнікі, служачыя, інтэлігенты, плебс і г.д. І вось яны ўжо на падыходзе — з прыбыццём кожнага новага “госця” на сцэне становіцца ўсё больш крэслаў, якія выносіць Старая. Але “госці” таму і застаюцца толькі “гасцямі”, бо насамрэч ніхто не прыходзіць, а крэслаў — усё больш і больш…
Напружанне нарастае, вось-вось мусіць адбыцца нешта вельмі важнае, глабальнае, непазбежнае. У кульмінацыйны момант Стары і Старая пакідаюць сцэну (выканаўшы сваю місію, кідаюцца ў смярдзючую ваду), а перад гледачамі паяўляецца ўжо не “госць”, а рэальны Аратар, які і павінен данесці месыдж чалавецтву. Ён выязджае да гледачоў у інваліднай калясцы, робіць марныя спробы выгукнуць нешта выразнае, мычыць, крыўляецца, тузаецца, але ў выніку з яго вуснаў выходзіць толькі адзін вусцішны і бясконцы крык. І з гэтым крыкам ён выпадае з каляскі, трупам распростваецца на сцэне… Спектакль завершаны.
Але дзеянне толькі пачынаецца ў самім табе, бо ты рэзка ўспамінаеш (ты паспеў ужо забыцца пра гэта падчас паказу, зачараваны ігрой акцёраў), што казаў перад спектаклем рэжысёр Хусейн Рахімі. А менавіта тое, што Papion — гэта незвычайная тэатральная група. Яе ўдзельнікі — людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Выканальніца ролі Старой Шэно Гхадзеры пакутуе на параліч правай часткі цела, акрамя таго, у яе пашкоджаны мазгавыя клеткі. Некалі падчас вайны паміж Іракам і Іранам, акурат на яе дзень нараджэння, калі яна яшчэ была дзяўчынкай, ад удару іракскай ракеты яе кінула са страшэннай сілай вобзем, і з таго часу яна такая, якая ёсць. Мехран Гхандзехары (Стары) хворы на сіндром Даўна. А Амін Яхангіры, ён жа Аратар, глуханямы з лёгкай формай цэрэбральнага паралічу. І вось з гэтымі акцёрамі Хусейн Рахімі рыхтаваў п’есу “Крэслы” на працягу 18 месяцаў, штодня займаючыся з імі па 9 гадзін. І бясконцы вусцішны крык Аратара, па задуме рэжысёра, мусіць несці насамрэч толькі такі пасыл чалавецтву: “Мы за свет без вайны, без беднасці, без СНІДу, без ракавых і іншых цяжкіх захворванняў, без…”. А ты, глядач, ужо дадумвай сам, без чаго ці з чым яшчэ ты хацеў бы, каб быў гэты свет. І Іянеска са сваімі “без” і “з чым” табе ў дапамогу! І няхай абсурд застанецца толькі на сцэне.
“Сіратлівы Захад” (Марцін Макдонах; рэжысёр Аляксей Рудзько) Маладзёжнага драматычнага тэатра Нацыянальнага юрыдычнага ўніверсітэта імя Яраслава Мудрага (Харкаў, Украіна). З першых жа хвілін гледача з галавой накрывае туман безвыходнасці і непазбежнай брутальнасці, у палоне якіх мусяць жыць героі, жыхары невялікага ірландскага гарадка Лінана. Два браты Конары, Коўлмэн і Вэлін, толькі што пахавалі свайго бацьку (афіцыйнай версіяй гібелі бацькі Конараў для жыхароў горада стаў выпадковы стрэл з ружжа) і запіваюць гора, час ад часу накідваючыся адзін на аднаго з кулакамі, з пенай ля роту выказваючы адзін аднаму свае даўнія і цяперашнія крыўды. На самай справе яны запіваюць не гора, а недаравальны, нечалавечы грэх: Вэлін Конар зусім не выпадкова забіў свайго бацьку, а наўмысна стрэліў у яго, калі той зрабіў яму заўвагу адносна яго моднай прычоскі, а Коўлмэн Конар, які стаў сведкам гэтага забойства, паабяцаў маўчаць у тым выпадку, калі яго брат адмовіцца ад долі спадчыны на яго карысць. А ў іх пад нагамі пастаянна блытаецца бедалага-няўклюда свяшчэннік Уэлш, які быццам і хоча, каб у душах братоў пасяліліся любоў і згода, але зусім не ведае, як іх прымірыць, дый сам мае чыста фізіялагічны грашок — яго рука пры любым зручным выпадку сама цягнецца да бутэлькі. Тым часам між герояў паяўляецца яшчэ адна светла-цёмная душа — дзяўчына Гёрлін Келехер, якая на жаночым чыста інтуітыўным узроўні разумее, што адбываецца ў душы і братоў Конараў, і свяшчэннніка Уэлша. Па-свойму яна таксама хоча ўсеагульнага прымірэння, інстынктыўна прымаючы бок Уэлша. Але той урэшце не вытрымлівае — учыняе самагубства, перад гэтым напісаўшы братам Конарам ліст, у якім просіць іх памірыцца, хоць бы ў памяць пра яго, іх сябра і таварыша. На хвіліну нешта светлае і чалавечае прачынаецца ў душах братоў, яны ўпершыню за многа гадоў сапраўды па-брацку сядаюць за стол, але з шафаў пачынаюць вывальвацца новыя шкілеты — новыя прызнанні пра паскудствы, якія рабілі браты адзін аднаму многа гадоў назад. І вось ужо высвятляецца, што гэта ўсё таксама было некалі невыпадкова: слінкі, якія пускаў маленькі Вэлін у талерку Коўлмэна; камяні, якія ляцелі з акна Коўлмэна на галаву Вэліна; кончык ручкі, які любіла смактаць каханая дзяўчына Вэліна і які ўрэшце праткнуў ёй горла; адрэзаныя вушы любімай сабакі Коўлмэна… І зноў успышкі гневу, валтузанне па падлозе і пагрозы з нацэленым у брата ружжом, і зноў секундныя прылівы колішняй забытай любові і братэрскія абдымкі, і зноў слёзы, рогат, дрыготкі ў глядзельнай зале. Жорсткасць і сарказм, гратэск і натуралістычнасць, цынізм і нейкая немагчымая, але ўсё-такі надзея на любоў — без усяго гэтага не можа абысціся Макдонах. Не абышліся, а па-майстэрску сцвердзілі ўсё гэта і акцёры харкаўскага тэатра.
Прадстаўляючы спектакль (дарэчы, пастаноўкі па п’есе “Сіратлівы Захад” рабілі многія вядомыя тэатры свету, у тым ліку і наш Купалаўскі), рэжысёр Аляксей Рудзько папярэдзіў гледачоў, што будзе балюча, пацікавіўся нават, ці прысутнічаюць у зале цяжарныя. А яшчэ ён прызнаўся, што чакае ад спектакля цуду.
І гэты цуд насамрэч адбыўся. Пасля спектакля па патрабаванні публікі акцёры тройчы выходзілі на паклон. І ў душы маёй чамусьці было неяк спакойна-спакойна пасля ўбачаных жахаў і абсурдаў. Чаму? Можа, таму, што дзверы ў ірландскі гарадок Лінан былі ўсё ж не наглуха зачынены, як у пакой з зачыненымі дзвярыма Сартра.
“Мізантрофрык” аўтара і рэжысёра Радрыга Фішэра (Бразілія). Гэты монаспектакль, паказаны ў апошні дзень фестывалю, як падаецца, стаў адмысловай квінтэсенцыяй сёлетняга “Куфара”. Неверагодным чынам, падарожнічаючы то з чыста тэатральнай у кінематаграфічную прастору, то назад, самастойна кіруючы святлом, гукам, камерай і праекцыяй, Радрыга Фішэр на працягу цэлай гадзіны ствараў гісторыю свайго героя-пакутніка, няздольнага выказацца, успомніць сябе і сваё каханне, прыняць неабходнае рашэнне ў гэтым незразумелым свеце. Сартр, Іянеска, Макдонах, Бэкет — усе разам узятыя. І былі там дзверы, якія немагчыма было адчыніць, і былі там крыкі, з якімі нараджаюцца, і былі там крокі, якія сыходзілі ў цішыню… Цішыню, якую трэба слухаць.
Такі вось мой “25-ты кадр”…
…Аўтарытэтнае журы конкурсу на чале з тэатральным рэжысёрам мастацкім кіраўніком Поційскага дзяржаўнага тэатра імя В.Гунія Давідам Мгебершвілі размеркавала ўзнагароды па наступных намінацыях: “Лепшая рэжысёрская работа” — пастаноўка рэжысёра Багдана Сарацеяна “Рамэа і Джульета” (студэнцкі тэатр Універсітэта імя Л.Блага, горад Сібіу, Румынія); “Лепшая сцэнаграфія” — спектакль “Гамлет. Прынц. PEACE” (творчая лабараторыя “Эскізы ў прасторы” Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў); “Лепшая жаночая роля” — Шэно Гхадзеры (спектакль “Крэслы” тэатральнай групы Papion, Іран); “Лепшая мужчынская роля” — Яўген Бялоў (спектакль “Гамлет. Прынц. PEACE” творчай лабараторыі “Эскізы ў прасторы” Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў). Прыз ад клуба тэатральных крытыкаў “За майстэрства і ўменне чуць час” атрымалі харкаўскія акцёры з Маладзёжнага драматычнага тэатра Нацыянальнага юрыдычнага ўніверсітэта Украіны імя Яраслава Мудрага.
Па выніках галасавання гледачоў гран-пры XI Міжнароднага фестывалю студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар-2014. БДУ” атрымаў спектакль “Крэслы” тэатральнай групы Papion з Тэгерана.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.