Дзяніс Нікіфараў: выхаваць у дзецях патрыятызм можна толькі на асабістым прыкладзе як педагогаў, так і бацькоў

- 13:07Моя гражданская позиция

Трэба не проста пры­віць моладзі любоў да Радзімы, а матываваць яе да стваральнай працы на карысць Айчыны, адзначыў у размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” Дзяніс Нікіфараў, начальнік аддзела па адукацыі Чавускага райвыканкама.

– Хацелася б адзначыць тую вялікую ўвагу, якая ў нашай краіне ўдзяляецца моладзі. Бо значнасць усебакова падтрымліваючай дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі не так даўно адчуў на сабе.

Калі я, карэнны магі­ляўчанін, пасля заканчэння ўніверсітэта маладым педагогам прыехаў па размеркаванні працаваць у Чавускі раён, то спачатку многае было складаным і незразумелым. Але, дзякуючы дапамозе старэйшых калег, удалося хутка прайсці прафесійнае станаўленне. Маё імкненне да развіцця дазволіла ў 24 гады ўзначаліць Асінаўскую ся­рэднюю школу і стаць самым маладым дырэктарам у Магілёўскай вобласці. На пасадзе кіраўніка ўстановы адукацыі змог цалкам самарэалізавацца: разам з педагогамі і вучнямі мы ажыццявілі мноства амбіцыйных праектаў. Дзякуючы падтрымцы ў забеспячэнні жыллём, з сям’ёй трывала замацаваўся ў Чавусах. А неўзабаве ініцыятыўнасць, прадпрымальнасць і лідарскі характар прывялі мяне на пасаду начальніка аддзела па адукацыі.

Сёння, курыруючы ўсю сістэму адукацыі раёна, аддаю прыярытэт моладзі. У гэтым са мной салідарныя ўсе педагагічныя калектывы. Настаўнікі падтрымліваюць любыя пачынанні і ідэі навучэнцаў, імкнуцца раскрыць патэнцыял кожнага дзіцяці. І такі падыход прыносіць чаканыя вынікі: нашы вучні праяўляюць сябе ў алімпіядным руху, даследчых конкурсах, творчасці і спорце. Прычым дзеці атрымліваюць перамогі не толькі на абласным, але і на рэспуб­ліканскім і нават на міжнародным узроўнях.

Паспяховаму развіццю дзяцей у многім спрыяюць створаныя ў навучальных установах умовы. Сёлета з дапамогай дзяржпадтрымкі мы здзейснілі поўную мадэрнізацыю сярэдніх школ № 1 і № 2 райцэнтра, рэгулярна право­дзім капітальныя рамонты. Па матэрыяльным забеспячэнні і абсталяванні тэхнічнымі сродкамі навучання чавускія школы нічым не саступаюць установам у вялікіх гарадах.

Якасць адукацыі бачым першачарговай задачай, але акцэнт робім і на выхаванні навучэнцаў, у тым ліку патрыятычным. Прытрымліваемся думкі, што патрыётамі не нараджаюцца, а становяцца. Упэўнены, што выхаваць у дзецях патрыятызм можна толькі на асабістым прыкладзе як педагогаў, так і бацькоў. У гэтым напрамку вядзём шырокую выхаваўчую работу. Лічым, што трэба не проста пры­віць моладзі любоў да Радзімы, а матываваць яе да стваральнай працы на карысць Айчыны. Шмат працуем над прафарыентацыяй школьнікаў, настройваем іх на вяртанне на малую радзіму. Для нас вельмі важна, каб навучэнцы знаходзілі сваё месца ў жыцці, рабілі правільны прафесійны выбар.

Усвядомлены выбар у хуткім часе трэба бу­дзе зрабіць і кожнаму з нас. У адзіны дзень галасавання мы ўсе разам павінны прагаласаваць за тое, якой будзе наша краіна. Як педагог, кіраўнік, старшыня раённага аддзялення камуністычнай партыі я перакананы: зараз краіна ідзе адзіна правільным курсам. Мы жывём у сучаснай, развітой, суверэннай і сацыяльна арыентаванай дзяржаве. У будучыні я хачу бачыць нашу Беларусь такой жа квітнеючай і незалежнай. Непасрэдна мой голас будзе толькі за гэта.

Запісала Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара