Эфектыўнасць работы — адказнасць кожнага

- 11:33Навіны рэгіёнаў

Выніковая калегія ўпраўлення адукацыі сабрала разам супрацоўнікаў сістэмы адукацыі Міншчыны, каб прааналізаваць, што і як было зроблена за мінулы год, і вызначыць планы на год наступны. У Мінскім абласным ІРА, дзе праходзіла мерапрыемства, сабраліся члены калегіі, прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райгарвыканкамаў, супрацоўнікі прафсаюзнай арганізацыі, кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі. У рабоце калегіі бралі ўдзел намеснік міністра адукацыі Р.С.Сідарэнка, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама В.І.Сірэнка, начальнік аддзела кантролю ўстаноў адукацыі, культуры, спорту і турызму галоўнага ўпраўлення ведамаснага кантролю Мінаблвыканкама А.І.Маркаў, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама Н.І.Баярская, старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі М.М.Башко.

Выдаткі і заробкі

— У 2017 годзе забяспечана стабільнае функцыянаванне галіны, своечасова і ў поўным аб’ёме ажыццяўляліся выдаткі па артыкулах: заработная плата, узносы на сацыяльнае страхаванне, стыпендыі, харчаванне, камунальныя паслугі. Працягнута фінансаванне мерапрыемстваў па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, удасканаленні кадравага патэнцыялу і зместу адукацыі, — паведаміла начальнік упраўлення адукацыі Г.М.Казак.

Галіна Мікалаеўна нагадала, што 2017 год стаў другім годам рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады, і сістэма адукацыі вобласці дэманструе прырост па ўсіх паказчыках і крытэрыях, закладзеных у праграме — павысіўся адукацыйны і кваліфікацыйны ўзровень педагагічных кадраў, павялічыўся паказчык забяспечанасці ўстаноў адукацыі сродкамі навучання і інш.

Сістэма адукацыі вобласці ўяўляе сабой разгалінаваную сетку. У 2017/2018 навучальным годзе функцыянуюць 1204 установы адукацыі, колькасць іх навучэнцаў вырасла з 226,2 да 229,7 тысячы. На праектаванне і будаўніцтва 6 аб’ектаў адукацыі ў мінулым годзе з бюджэту вобласці накіравана 18,7 млн рублёў Уведзены ў эксплуатацыю дзіцячыя сады на 230 месцаў у Жодзіне і Стоўбцах. Завершана рэканструкцыя ЦТДіМ “Світанак” у Мар’інай Горцы. За год адрамантаваны 181 спартыўная зала, 155 харчаблокаў. Закуплена 620 адзінак абсталявання для прыгатавання ежы. Работы па капітальным рамонце выконваліся на 66 аб’ектах. Будаўнічыя і рамонтныя работы будуць працягвацца і ў наступным годзе. У абласной інвестыцыйнай праграме на 2018 год прадугледжана фінансаванне праектавання і будаўніцтва 11 аб’ектаў адукацыі.

У 2017 годзе ва ўстановах дашкольнай адукацыі створана 1560 месцаў за кошт будаўніцтва трох дзіцячых садкоў, арганізацыі работы сямейных груп і груп кароткачасовага знаходжання, перапрафілявання і рэканструкцыі, вываду першых класаў з будынкаў устаноў дашкольнай адукацыі.

За кошт сродкаў “Банка развіцця” з 2013 года для падвозу навучэнцаў з закрытых малакамплектных сельскіх школ пастаўлена 55 аўтобусаў, 12 з іх — у мінулым годзе. У 2018 годзе запланавана цэнтралізаваная закупка 15 школьных аўтобусаў для замены транспартных сродкаў, старэйшых за 10 гадоў.

Міністэрствам адукацыі набыты для ўстаноў адукацыі 26 кабінетаў хіміі і фізікі з мэбляй, сучасным вучэбным абсталяваннем і сродкамі навучання. З 2018 года запланавана пастаўка ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі сучаснага інтэрактыўнага абсталявання вытворчасці ААТ “Гарызонт” і інавацыйнага абсталявання для рэсурсных цэнтраў прафесійнай адукацыі.

Установы адукацыі вучацца па-новаму кіраваць фінансамі. У рэалізацыі пілотнага праекта па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ў 2017 годзе ўдзельнічалі гімназія і сярэдняя школа № 1 Фаніпаля, установы агульнай сярэдняй адукацыі Жодзіна і Салігорскага раёна. Вынікам праекта стала павелічэнне заработнай платы работнікаў устаноў і дадатковае набыццё вучэбнага абсталявання. У 2018 годзе да рэалізацыі праекта далучаюцца ўстановы дашкольнай адукацыі Салігорскага раёна.

У вобласці рэалізуюцца праекты дзяржаўна-прыватнага партнёрства для прыцягнення дадатковых грашовых сродкаў на будаўніцтва і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. За кошт сродкаў інвестараў у Мінскім раёне пабудаваны 3 дзіцячыя сады.

Не толькі траціць, але і зарабляць грошы атрымліваецца ўстановам прафесійнай адукацыі — за 2017 выраблена і рэалізавана насельніцтву тавараў, а таксама аказана паслуг на суму 1,7 млн рублёў. Рэклама тавараў і паслуг ажыццяўляецца праз сродкі масавай інфармацыі, інтэрнэт-рэсурсы, правядзенне выстаў-продажаў. Найбольш запатрабаваныя насельніцтвам паслугі — рамонт памяшканняў і швейных вырабаў, правядзенне розных сельскагаспадарчых работ. Карыстаюцца попытам такія тавары, як хлебабулачныя вырабы, пешаходная і абліцовачная плітка, бардзюры, сталярныя вырабы, садовая мэбля. Асабліва паспяхова ў гэтым кірунку працуюць у Валожынскім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі, Мар’інагорскім дзяржаўным ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічным каледжы імя У.Я.Лабанка, Салігорскім дзяржаўным каледжы, Клецкім і Любанскім сельскагаспадарчых прафесійных ліцэях.

Станоўчая дынаміка

Створанае спрыяльнае адукацыйнае асяроддзе ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі дало магчымасць у мінулым навучальным годзе дасягнуць станоўчай дынамікі ў выніковай атэстацыі вучняў, цэнтралiзаваным тэсцiраванні, міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах.

71,6% навучэнцаў 11-х класаў на выпускных іспытах прадэманстравалі веды высокага і дастатковага ўзроўняў. 7,6% выпускнікоў атрымалі атэстаты асобага ўзору з узнагароджаннем залатым і сярэбраным медалём. У 5,7% выпускнікоў — пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай. 27 навучэнцаў атрымалі 100 балаў па вучэбным прадмеце на цэнтралізаваным тэсціраванні. У 2017 годзе навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі прынялі ўдзел у 20 міжнародных алімпіядах і інтэлектуальных конкурсах. Атрымана 7 медалёў, 48 дыпломаў, 21 прызавое месца, 1 спецыяльны прыз. 161 навучэнец і 19 педагогаў сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Па выніках удзелу ў рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыi) навучэнцаў каманда Мінскай вобласці, як і ўсе папярэднія 5 гадоў, заняла 2-е месца. Мэтанакіраваная, сістэмная праца з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі забяспечыла выніковае выступленне каманды вобласці ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Увага надаецца і дапрафесійнай падрыхтоўцы. Яе праходзяць 834 навучэнцы школ на базе 18 устаноў прафесійнай адукацыі. Прафесійная падрыхтоўка 181 навучэнца 10—11 класаў арганізавана ў 6 установах агульнай сярэдняй адукацыі.

Працэнт навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія атрымліваюць адукацыю ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання, інклюзіўнай адукацыі, склаў 89,7. Комплекснай дапамогай ахоплена 99,2% дзяцей з АПФР, спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай — 99,9% дзяцей з гэтай катэгорыі.

Ёсць на каго раўняцца

Вынікі работы за год сталі падставай для вызначэння лідараў штогадовага абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі”. Імі ў стварэнні аптымальнага адукацыйнага асяроддзя сталі аддзелы адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага і Нясвіжскага райвыканкамаў. Работа ў гэтых раёнах наладжана такім чынам, што ўжо некалькі гадоў запар яны пацвярджаюць сваё лідарства. Аддзел адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама сёлета прызнаны лідарам і на ўзроўні рэспублікі, што было адзначана на пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі.

Установы адукацыі Дзяржынскага раёна таксама сталі лаўрэатамі абласнога конкурсу ў розных намінацыях. А гімназія Дзяржынска стала пераможцай у намінацыі “Лепшая гімназія”.

На рэспубліканскім узроўні была адзначана ў гэтым годзе і Дзераўнянская сярэдняя школа Стаўбцоўскага раёна. Высокі прафесіяналізм работнікаў школы, іх шчырае жаданне аддавацца поўнасцю сваёй справе забяспечвае бесперапыннае развіццё ўстановы. Сёлета і ў вобласці Дзераўнянская сярэдняя школа прызнана лепшай установай агульнай сярэдняй адукацыі, размешчанай у сельскай мясцовасці.

Лепшай гарадской установай агульнай сярэдняй адукацыі стала сярэдняя школа № 9 Жодзіна. У школе рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект па духоўна-маральным выхаванні на праваслаўных традыцыях беларускага народа. У аснове праекта — праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквой. У рамках праекта праводзіцца мноства значных мерапрыемстваў, у якіх бяруць удзел не толькі навучэнцы, але і іх сем’і. У выніку плённай працы вопытных педагогаў школы яе выпускнікі — духоўна сталыя асобы.

Лепшымі ўстановамі дашкольнай адукацыі сталі яслі-сад № 5 Нясвіжа сярод устаноў, размешчаных у горадзе, і Сароцкі яслі-сад Любанскага раёна сярод сельскіх устаноў. Тут дзеці могуць выбраць для сябе разнастайныя заняткі па інтарэсах — канструяванне, вывучэнне замежнай мовы, танцы. У Сароцкім яслях-садзе выхаваўчыя і развіццёвыя задачы вырашаюць праз тэатральную дзейнасць: тэатр “Батлейка” не раз станавіўся пераможцай разнастайных фестываляў і конкурсаў, ён аб’ядноўвае не толькі дзяцей, але і іх бацькоў.

Лепшымі ўстановамі дадатковай адукацыі сталі цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна і Смілавіч. І калі салігарчане не першы раз узнімаюцца на лідарскую прыступку, прадстаўнікі Смілавіч лідарамі сталі ўпершыню, дзякуючы мэтанакіраванай працы над развіццём установы і пошуку новых, сучасных форм работы. Так, у гэтым годзе адкрыўся арт-цэнтр “Вулей” для адораных дзяцей, які мае вялікі поспех сярод выхаванцаў цэнтра і іх бацькоў.

У сістэме прафесійнай адукацыі пазіцыю лідара цвёрда ўтрымлівае Слуцкі дзяржаўны каледж — установа, калектыў якой не спыняецца на дасягнутым, а заўсёды рушыць наперад, асвойваючы новыя тэхналогіі і праграмы. Упершыню пераможцай у намінацыі “Лепшая ўстанова прафесійна-тэхнічнай адукацыі” стаў Смалявіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй, зрабіўшы значны скачок у “турнірнай табліцы”. У ліцэі правялі аптымізацыю падрыхтоўкі кадраў, засяродзіўшы ўвагу на выхаванні спецыялістаў, запатрабаваных у Смалявіцкім і суседніх раёнах. Гэта дазваляе з кожным годам павялічваць лічбы прыёму. Усе выпускнікі ліцэя працаўладкоўваюцца, яны запатрабаваныя ў розных арганізацыях і ўстановах.

З дасягненнямі кожнай установы — пераможцы конкурсу — удзельнікі калегіі маглі пазнаёміцца падчас стэндавай прэзентацыі на тэматычных пляцоўках. І прадстаўнікі кожнай з іх, расказваючы сваю гісторыю поспеху, падкрэслівалі: галоўнае, што дапамагло дасягнуць вяршыні, — зладжаная, плённая работа калектыву, творчых, таленавітых людзей, неабыякавых да сваёй справы. Гэтую ж думку агучыла, завяршаючы работу калегіі, Г.М.Казак:

— Эфектыўнасць работы па развіцці найважнейшай галіны — адукацыі — напрамую залежыць ад узроўню прафесіяналізму і адказнасці кожнага работніка: ад выхавальніка і настаўніка да кіраўніка ўстановы, аддзела і ўпраўлення адукацыі.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.