Эфектыўная каманда стварае ідэі

- 12:25Навіны рэгіёнаў

Гомельскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі занесены на Рэспубліканскую дошку гонару за леташнія дасягненні ў сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод устаноў адукацыі. Дырэктар установы Святлана Якіменка сцвярджае, што гэта атрымалася ў выніку каманднай работы ўсяго вялікага калектыву:

— Сёння на Гомельшчыне 48 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, з іх 33 шматпрофільныя. Менавіта для іх наш Палац творчасці — галоўны цэнтр, які каардынуе іх дзейнасць. Па сутнасці, мы з’яўляемся метадычным, арганізацыйным і інфармацыйным штабам, які забяспечвае стабільную і эфектыўную работу ўсёй сеткі. На працягу апошніх трох гадоў шматпрофільныя ўстановы дадатковай адукацыі вобласці паказваюць стабільны высокі вынік у такіх конкурсах, як “Калядная зорка”, “Прывітанне, свет!”, “АрхНавацыя”, “Жывая класіка”, выставах навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнцаў…

Дарэчы, расказвае Святлана Віктараўна, кіраўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі абласнога падпарадкавання арганізоўваюць работу каманды не толькі ў сваёй установе. Яны імкнуцца згуртаваць і дырэктараў раённых цэнтраў творчасці. Да кіраўнікоў устаноў дадатковай адукацыі ўрадам даводзіцца шэраг паказчыкаў, якія неабходна выканац­ь. У тым ліку — па энергазберажэнні, гаспадарчыя, кадравыя, эканамічныя і іншыя пытанні. Як флагман для раённых цэнтраў, палац не пакідае сваіх калег сам-насам з гэтымі пытаннямі. Таму двойчы на год у Гомельскай вобласці праводзіцца пасяджэнне абласнога савета дырэктараў шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі.

— На гэтым мерапрыемстве адбываецца глыбокі аналіз выніковасці работы па розных паказчыках — ад мерапрыемстваў раённага ўзроўню і да рэспубліканскіх і міжнародных, — гаворыць кіраўнік Палаца творчасці. — І наша задача — не крытыкаваць работу ўстаноў дадатковай адукацыі, а разам прапрацаваць, знайсці і прыняць рашэнне, выпрацаваць стратэгію. Павінна быць адзінае калектыўнае разуменне канчатковай мэты. Бо ад укладу кожнага асобнага цэнтра залежыць агульны стан сістэмы дадатковай адукацыі вобласці.

Вось прыклад: падрыхтоўка да конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” пачынаецца адразу пасля заканчэння папярэдняга. На савеце дырэктараў дэталёва разбіраецца ўдзел кожнага цэнтра. У год, калі гэты конкурс не праводзіцца, абласным палацам ініцыіравана правядзенне такіх абласных конкурсаў, як “Танцавальная карусель”, “Рознакаляровая мазаіка” (тэатры мод), “Разам з песняй”. Гэтыя мерапрыемствы даюць магчымасць спланаваць рэпертуар, вызначыць ступень прамежкавай падрыхтоўкі, узровень і якасць выканальніцкага майстэрства. Журы дае рэкамендацыі і ўносіць карэктывы, а для педагогаў арганізоўваюцца семінары-практыкумы па харэаграфіі, майстар-класы па вакальнай творчасці, тэатрах мод.

Савет дырэктараў дазваляе кожнаму кіраўніку ўнесці прапановы, выказаць пажаданні па правядзенні той ці іншай работы, падзяліцца эфектыўным вопытам. Напрыклад, па арганізацыі праектнай дзейнасці, выкарыстанні краўдсорсінгавай тэхналогіі, удзелу ў праектах ЮНЕСКА і ЮНІСЕФ.

Абласны палац сістэматычна праводзіць метадычныя выезды ў раёны куставым спосабам. Падчас іх педагогі дзеляцца вопытам, а той цэнтр творчасці, які прымае, прадстаўляе свае лепшыя напрацоўкі. Гэтая форма работы дазваляе кропкава аказаць дапамогу, прапрацаваць цяжкасці з улікам пэўнага рэгіёна і падрыхтавацца да метадычных конкурсаў.

— У кожнага кіраўніка выпрацоўваюцца свае метады і формы работы з супрацоўнікамі, — адзначае Святлана Якіменка. — Першае, на што неабходна звярнуць увагу, — гэта фарміраванне калектыўных мэт. Любыя пастаўленыя ў індывідуальным парадку задачы павінны весці да вырашэння агульнай. Другое — гэта каманднае выкананне задачы. Гэта выклікае магутны ўсплёск энергіі. Вынік дзеянняў чалавека ў камандзе ў разы пераўзыходзіць вынік яго індывідуальнай дзейнасці і з’яўляецца асновай для новых ідэй. Да таго ж важная індывідуальная адказнасць. Кожны ў камандзе павінен усведамляць, што менавіта ад яго асабістага ўкладу залежыць агульны вынік. Гэта павялічвае сур’ёзнасць і адказнасць пры выкананні асобнага задання. Пры такім падыходзе павялічваецца верагоднасць паспяховай рэалізацыі праекта, кожны будзе максімальна задзейнічаць свае навыкі і ўменні.

Святлана Віктараўна гаворыць, што абавязковымі складнікамі каманднай работы з’яўляюцца стымуляцыя і заахвочванні. Маюцца на ўвазе не толькі матэрыяльныя стымулы, але і прызнанне прыкладзеных высілкаў, маральная задаволенасць: кар’ерны рост, прэстыж, усеагульнае прызнанне…

— Яшчэ адзін момант, які неабходна адзна­чыць, — гэта прафесійны рост, — заўважае кіраўнік Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі. — Пажадана накіраваць дзейнасць каманды на павышэнне паказчыкаў і групавой работы, і індывідуальнай кожнага ўдзельніка. Каманда, якая расце прафесійна, здольна хутка дасягаць мэты, паляпшаць вынікі і пераходзіць на наступны ўзровень. У згуртаваным калектыве спрацаванасць і прафесіяналізм імкнуцца да максімуму. Мы змаглі дабіцца цеснага і плённага супрацоўніцтва не толькі ўсіх шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі вобласці, але і ўсіх членаў каманды абласнога палаца творчасці. Толькі за мінулы год нашы выхаванцы заваявалі больш за 150 дыпламоў рознага ўзроўню.

Сапраўды, за мінулы год па выніках засваення адукацыйных праграм на павышаным узроўні 34 навучэнцы атрымалі пасведчанні асаблівага ўзору. Выпускнікі палаца сёння — гэта члены саюзаў мастакоў, архітэктараў Рэспублікі Беларусь, педагогі школ, студэнты Беларускай акадэміі музыкі, каледжаў мастацтваў, салісты філармоній, выканаўцы сімфанічнага аркестра, інжынеры і архітэктары…

Немагчыма было б дасягнуць такіх вынікаў без каманды прафесіяналаў. Гэта педагогі высокага класа. Напрыклад, член Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь Валянцін Пакаташкін, нязменны кіраўнік інтэлектуальнага клуба “Белая рысь” уладальнік медаля “За працоўныя заслугі” Леанід Клімовіч, уладальнік гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у IT-сферы Святлана Скакун і многія іншыя…

У палацы ганарацца, што менавіта Гомельская вобласц­ь праводзіць такія брэндавыя міжнародныя мерапрыемствы, як турнір па інтэлектуальных гульнях “Кубак Еўропы”, “Фавор”, фестываль дзіцячай дружбы трох народаў Беларусі, Расіі, Украіны “Друзья, сябры, друзі — разам!”, прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей, і іншыя. У супрацоўніцтве з міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Паразуменне” (ФРГ) рэалізуецца праект “Жывая сувязь пакаленняў”. Гэта абмен сацыяльным вопытам паміж моладдзю і ахвярамі Вялікай Айчыннай вайны.

Амаль сем гадоў палац — гэта інавацыйная пляцоўка, дзе паспяхова рэалізаваны два праекты. Першы — па распрацоўцы адукацыйных праграм павышанага ўзроўню вывучэння дысцыплін у дадатковай адукацыі. Другі — гэта ўключэнне асаблівых дзяцей у працэс творчасці і зносін.

— Высокая ўзнагарода — гэта дасягненне ўсіх, — гаворыць пра свой калектыў Святлана Якіменка. — Гэта не толькі вялікі гонар — быць сярод лепшых, але і вялікая адказнасць. Установы дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі даказалі не толькі сваю неабходнасць, але і ўменне прыводзіць навучэнцаў і педагогаў да вялікіх дасягненняў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.