Эканоміць самім і вучыць эканоміць іншых

- 12:42Навіны рэгіёнаў

Пачынаючы з 2010 года педагагічны калектыў сярэдняй школы № 8 Крычава вядзе мэтанакіраваную сістэматычную работу па выхаванні ў падрастаючага пакалення грамадзянскай пазіцыі і навыкаў рацыянальнага і эканомнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў.

Сістэма работы нашай установы ў галіне энергазберажэння абапіраецца на дыдактычную шматмерную тэхналогію, прадстаўленую ў логіка-сэнсавай мадэлі “Маршруты экаэкскурсіі” як найбольш эфектыўны і перспектыўны ў адукацыйнай прасторы інструмент па выхаванні культуры энерга- і рэсурсазберажэння. У прадстаўленай мадэлі адлюстроўваюцца этапы, напрамкі дзейнасці, структура ўзаемадзеяння, практыка рэалізацыі ідэі энергазберажэння, гісторыя ўдзелу педагогаў і навучэнцаў у конкурсах па гэтым кірунку.

Каб зрабіць працэс пазнання пытанняў энергазберажэння цікавым і даступным для дзяцей, ва ўстанове адукацыі з’явіўся выдуманы герой ЭКАVOKO — сімвал тэхнічнага прагрэсу, новых тэхналогій і эканомных рашэнняў. Усёвідушчае VOKO дазваляе трымаць у полі зроку ўсё, што адбываецца ў нашай школе, горадзе, краіне і свеце. У ЭКАVOKO галоўная задача — вучыцца эканоміць энергарэсурсы і пры гэтым вучыць эканоміць іншых, далучаць да гэтага працэсу бацькоў навучэнцаў і насельніцтва не толькі горада, але і раёна. Удзел у акцыях, праектах, конкурсах становіцца больш яркім і цікавым, калі арганізатарам і ўдзельнікам з’яўляецца казачны герой. У дапамогу ЭКАVOKO створана дзіцячая арганізацыя, дзейнасць якой заснавана на вучнёўскім самакіраванні, — энергапатруль “Дзённы дазор”.

Спектр мерапрыемстваў, якія праводзяцца энергапатрулём на чале з ЭКАVOKO, разнастайны: ад творчых конкурсаў — да тэматычных урокаў. Педагогі і навучэнцы школы, уцягнутыя ў адну агульную справу, вучацца самі эканоміць і вучаць эканоміць іншых. Праводзяцца самыя розныя мерапрыемствы з улікам узроставых асаблівасцей навучэнцаў.

Вядучая роля па прапагандзе пытанняў эфектыўнага энергаспажывання сярод навучэнцаў і бацькоў належыць педагогам, бо яны валодаюць педагагічнымі ўменнямі якасна данесці інфармацыю і сарыентаваць на правільнае вырашэнне праблем па энергазберажэнні, выкарыстоўваючы пры гэтым розныя формы работы.

У ходзе правядзення вучэбных заняткаў у навучэнцаў фарміруюцца навыкі эфектыўнага энергакарыстання і перакананні ў тым, што энергазберажэнне — гэта ні ў якім разе не адмова ад звыклага ўзроўню камфорту, а ўменне больш правільна абыходзіцца з энергіяй. Навучэнцам таксама прывіваюцца навыкі разумнага і рацыянальнага выкарыстання ўсіх відаў энергіі як дома, так і ў школе. На ўроках навучэнцы дыскутуюць аб неабходнасці эфектыўнага выкарыстання энергіі, абмяркоўваюць пытанні абароны насельніцтва і навакольнага асяроддзя, звязаныя з работай электра- і гідрастанцый.

У школе створаны банк метадычных распрацовак энергазберагальнай і экалагічнай накіраванасці, які ўключае ў сябе больш за 100 планаў урокаў, гутарак, сцэнарыяў свят, тэатралізаваных паказаў і агітбрыгад, класных і інфармацыйных гадзін, анкет і апытальнікаў.

Работа па выхаванні культуры энергазберажэння мае абавязковы працяг у пазакласнай рабоце. Гэта мерапрыемствы, у ходзе якіх мэтанакіравана фарміруецца новы светапогляд, якасна іншае мысленне падрастаючага пакалення. Дапаўняючы школьную адукацыю ў інтарэсах энергазберажэння, пазаўрочная дзейнасць забяспечвае непарыўную сувязь навучання з практыкай, дасягненне хуткіх практычных вынікаў і вырашэнне канкрэтных рэгіянальных праблем, разнастайнасць падыходаў, метадаў, сродкаў і форм рэалізацыі працэсу ў інтарэсах устойлівага развіцця.

Паспяховасць мерапрыемстваў па энергазберажэнні немагчыма без масавага распаўсюджвання інфармацыі аб эканоміі энергіі сярод шырокіх мас насельніцтва. У школе створаны інфармацыйна-прапагандысцкі куток, вядзецца работа з жыхарамі мікрараёна, распрацоўваюцца мультымедыйныя рэкламныя прадукты: відэаролікі, прэзентацыі, плакаты. Навучэнцы выступаюць з агітбрыгадамі па энергазберажэнні на бацькоўскіх сходах, на раённых мерапрыемствах і святах.

За пяць апошніх гадоў школьнай грамадскасцю праведзены сотні мерапрыемстваў падобнага тыпу, распрацаваны дзясяткі памятак, лістовак, плакатаў па энергазберажэнні, створана 12 відэаролікаў.

Кульмінацыяй работы сярэдняй школы № 8 Крычава ў пытаннях энергазберажэння стаў удзел у розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Штогод (пачынаючы з 2010 года) мы ўдзельнічаем у Рэспубліканскім конкурсе праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон”. Творчыя калектывы, навучэнцы і педагогі неаднаразова ўзнагароджваліся дыпломамі ў розных намінацыях на раённым і абласным этапах, а таксама некалькі разоў станавіліся лаўрэатамі рэспубліканскага этапу.

“Энергамарафон-2017” стаў самым выніковым для нашай установы. Работа “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі” заваявала дыплом III ступені і грашовы сертыфікат на суму 30 тысяч рублёў для рэалізацыі мерапрыемстваў па павышэнні энергаэфектыўнасці. Дзякуючы грашовай узнагародзе, каля школы размясціліся сонечныя батарэі, здольныя выпрацоўваць энергію для асвятлення прылеглай тэрыторыі. А ў месцах агульнага карыстання ўсталяваны лямпы з датчыкамі руху. Такія мерапрыемствы лагічна ўпісваюцца ў сістэму работы ўстановы ў гэтым кірунку і спрыяюць энергазберажэнню.

Ганна ПАРУКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 8 Крычава.