Эмблемы ўстаноў адукацыі, размешчаныя на школьнай форме: што яны сімвалізуюць?

- 14:07Образование

Хто распрацоўваў эмблему ўстановы адукацыі, размешчаную на школьнай форме, і што яна сімвалізуе? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” спытала ў педагогаў з розных рэгіёнаў.

Марыя ЛІСІЧОНАК, дырэктар гімназіі № 1 Барысава, Мінская вобласць:

— Макет эмблемы нашай установы — вынік сумеснай работы калектыву навучэнцаў і педагогаў. Лагатып уяўляе сабой круг, які сімвалізуе цэласнасць і непарыўнасць, сяброўства і згуртаванасць калектыву. Унутры яго — кампазіцыя, якая складаецца з кнігі і парастка.

Кніга — гэта назапашаная чалавецтвам мудрасць, спасціжэнне якой ідзе на працягу ўсяго жыцця. А парастак з лісцем — маладое пакаленне, якое цягнецца да ведаў.

Таксама зялёны колер асацыіруецца з ростам і гармоніяй.

Эмблема з’явілася пасля 1990 года, калі ўстанова набыла статус гімназіі. Укараненне яе ў жыццядзейнасць гімназіі адбывалася ў той час, калі інтэрнэт-рэсурсы не выкарыстоўваліся ў шырокім аб’ёме, таму макет зацвярджаўся простым галасаваннем.

Выкарыстанне існуючага лагатыпа на нагрудных значках гімназістаў з мінулага навучальнага года абмяркоўвалася ў вучнёўскіх калектывах і на сайце гімназіі.

Аляксандр АГЕЯВЕЦ, дырэктар сярэдняй школы № 20 Брэста імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава:

— Сёння існуе парадыгма: не адукацыя на ўсё жыццё, а адукацыя праз усё жыццё. Наш свет стаў дынамічным, тэхналогіі ўварваліся ў педагагічную сферу. Я лічу, што кожны настаўнік павінен быць у гэтым наперадзе сваіх навучэнцаў, і тут важную ролю адыгрывае самаадукацыя педагога. Вынік — перамогі яго навучэнцаў на алімпіядах, у конкурсах даследчых работ. Мяне вельмі радуе, што тры даследчыя работы навучэнцаў былі адзначаны Цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці Рэспублікі Беларусь патэнтамі на карысныя мадэлі. Лагічна, што эмблема нашай школы сімвалізуе спалучэнне таго, без чаго немагчымы вынік.

Кнігі — гэта бібліятэка ведаў; пяро — уменне не толькі пісаць, але і ствараць гісторыю сваёй школы праз перамогі ў вучобе, спаборніцтвах; глобус — імк­ненне пазнаваць свет і не спыняцца на дасягнутым.

Эмблема школы знахо­дзіцца на гальштуках навучэнцаў і падкрэслівае іх прыналежнасць нашай установе, і вучні ганарацца гэтым. З эскізам гальштука дапамагала навучэнка 9 класа Дар’я Назарук. Галасаванне ішло ў Viber у групах навучэнцаў.

Святлана ТРАЦЦЯКОВА, дырэктар сярэдняй школы № 12 Віцебска:

— Эмблема ўстановы адукацыі размешчана на першым элеменце дзелавога стылю навучэнцаў — гальштуку. У школе праводзіўся конкурс на лепшы лагатып. Удзель­нічалі і вучні, і іх бацькі. Пераможцай стала навучэнка школы Настасся Лосева (цяпер студэнтка біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта). Яе ідэю мы ўзялі за аснову. Далей эмблема ўдасканальвалася творчай групай навучэнцаў пад кіраўніцтвам настаўніцы абслуговай працы Вольгі Віктараўны Гукалавай. Малюнак не толькі ўпрыгож­вае гальштукі навучэнцаў, ён размяшчаецца на школьных значках, якія ўручаюцца выдатнікам вучобы.

Лагатып закліканы адлюстраваць фірменны стыль нашай школы. Карабель на фоне сонца — гэта пастаянны пошук ісціны і імкненне да ведаў. Кніга — як аснова руху карабля — сімвалізуе мудрасць педагогаў, якія даюць гэтыя веды. А дванаццаць прамянёў карэлююць з лікавай назвай школы і ўяўляюць сабой асноўныя рысы паспяховай асобы, якія азараюць шлях да вяршынь навук: дысцыплінаванасць, працавітасць, любоў да Радзімы, эрудзіраванасць, крэатыў­насць, камунікабельнасць, крытычнае мысленне, аптымізм, мэтанакіраванасць, нонканфармізм, эмпатычнасць, дапытлівасць. Гальштукі з эмблемай у нашай школе былі ўведзены больш за 5 гадоў назад. Гэтае рашэнне прынята педагогамі, навучэнцамі і бацькамі на пасяджэнні савета ўстановы адукацыі.

Сяргей ПРУДНІКАЎ, дырэктар гімназіі № 1 Горак, Магілёўская вобласць:

— Эмблема нашай навучальнай установы распрацоўвалася навучэнцамі і педагогамі ў 1992 годзе, адразу пасля адкрыцця гімназіі.

Яна сімвалізуе магчымасць усебаковага развіцця асобы ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, пачынаючы ад вучобы і заканчваючы эстэтыкай.

У 2009 го­дзе эмблема зведала невялікія змяненні, была алічбавана і размешчана на ўсіх матэрыялах, звязаных з нашай гімназіяй.

Гэтую работу выканалі вучні пасля абмеркавання разам з баць­камі і педагогамі.

Гімназісты носяць эмблему як адметны знак прыналежнасці да навучальнай установы, знак адказнасці за вынік сваіх дзеянняў і ўчынкаў.

 

Мікалай ЯРАЦ, дырэктар Правамастоўскай сярэдняй школы, Гро­дзенская вобласць:

— Першапачаткова ў 2009 го­дзе быў распрацаваны герб школы. Ён створаны ў выніку кірмашу праектаў “Сімволіка маёй школы”, які прахо­дзіў на трох ступенях навучання. Кожны клас прадстаўляў сваю эмблему. З лепшых мы склалі гэты герб. Такім чынам, пытанняў, якой будзе эмблема, размешчаная на школьнай форме, не ўзнікла.

Лагатып школы ўяўляе сабой шчыт, які сімвалізуе адукацыйную прастору школы.

Белы колер сведчыць пра тое, што кожны навучэнец мае права на свабодны выбар факультатыўных заняткаў, а таксама заняткаў у клубах, гуртках, спартыўных секцыях, на свабоду меркавання і праяўленне ініцыятывы. Контур шчыта расказвае пра пераем­насць на трох ступенях навучання і шчаслівае жыццё навучэнцаў, якія растуць і развіваюцца ў атмасферы дабрыні, дабрабыту і міру.

Такую атмасферу стварае цеснае ўзаема­дзеянне педагогаў і бацькоў, якія выхоўва­юць дзяцей. Дзякуючы такому сумеснаму выхаванню, з’яўляецца парастак — гэта вучань, які развіваецца, творыць і набывае веды (сімвал — кніга), атрымлівае жыццесцвярджальную сілу (сімвал — сонца) і пераходзіць з адной сферы ў іншую (сімвал — шапка магістра).

Аляксей СРЭБНЯК, дырэктар сярэдняй школы № 86 Мінска імя Ф.Занько:

— Тры гады назад, калі я прыйшоў працаваць у гэтую ўстанову адукацыі, у школы ўжо быў герб. Яго распрацоўвала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ­Аксана Мікалаеўна Шарковіч. Калі паўстала пытанне аб эмблеме на школьнай форме, у галаву прыйшло толькі адно рашэнне — выкарыстоўваць герб школы. Гэта падтрымалі і настаўнікі, і дзеці, і бацькі.

Герб уяўляе сабой дзве рукі, якія трыма­юць сэрца. Яго мы, настаўнікі, аддаём дзецям. Таксама лагатып падкрэс­лівае яшчэ адну асаблі­васць нашай школы, бо мы адзіная ўстанова ў Партызанскім раёне, дзе адкрыты профільны педагагічны клас. 

Асаблівасць герба — слоган “Дом, дзе сэрцу стане цёпла”. Гэтая фраза цалкам адпавядае духу нашай школы. Педагагічны калектыў працуе так, што кожнае дзіця адчувае сябе ў школе, як дома. Дзеці і бацькі вельмі цёпла ставяцца да нашай эмблемы, і вучні з гордасцю носяць яе на камізэльках.

Ірына ГВОЗДЗЬ, дырэктар сярэдняй школы № 10 Светлагорска, Гомельская вобласць:

— Наша эмблема-пераможца выканана ў іміджавым для школы цёмна-сінім колеры. У цэнтры намаляваны кніга і яблык. Дарэчы, традыцыя дарыць педагогам у знак падзякі яблыкі існуе ў скандынаўскіх краінах з сярэ­дзіны ХVІІІ стагоддзя. У якасці слогана на малюнку надпіс — “Дарогу адужае той, хто ідзе”. Бо для дасягнення мэты неабходна рухацца да яе, крок за крокам пераадольваючы цяжкасці. Ва ўдзельнікаў галасавання эмб­лема-пераможца асацыіруецца з вучобай, ведамі і настойлівасцю ў іх набыцці.

У сувязі з увя­дзеннем другога элемента формы мы вырашылі перагледзець і лагатып нашай установы адукацыі. У сакавіку абвясцілі конкурс на лепшую эмблему школы, у якім прапанавалі паўдзельнічаць усім. Свае работы прадставілі і навучэнцы, і баць­кі, і педагогі. Эскізы размясцілі на старонцы нашай установы ва “УКантакце”, дзе кожны змог прагаласаваць за ўпадабаную эмблему.

Найбольшая колькасць галасоў была аддадзена за варыянт трэцякласніка Канстан­ціна Максіменкі, які распрацоўваў эскіз разам з мамай.

Настасся ЧАРКАНАВА