Эмоцыі сучаснага і навыкі будучыні

- 11:52Дашкольная адукацыя

Што патрэбна для гарманічнага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту? Якія заданні на логіку і мысленне для іх карысныя? Як захапіць дзяцей чытаннем? Што такое эмацыянальны інтэлект? Якія навыкі спатрэбяцца людзям у будучыні? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні бацькі і педагогі атрымалі ад экспертаў з Беларусі, Расіі, Латвіі падчас вялікага трэнінгу “#Дашкольнікі”, арганізатарам якога выступіла ўстанова дадатковай адукацыі дарослых “Адукацыя Фэст”.

Матэматыка, логіка і мысленне

“На кожным узроставым этапе (да года, з года да трох і з трох да сямі) у дзяцей фарміруюцца пэўныя псіхічныя ўласцівасці, якія з’яўляюцца фундаментам іх далейшага развіцця, — адзначыла Вольга Лёзіна, магістр педагогікі, кіраўнік дзіцяча­бацькоўскага цэнтра Mamatus.lv, аўтар развіццёвых праграм для дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту, аўтар і вядучая семінараў для бацькоў “Чым і як займацца з малышом?” (Рыга, Латвія). — Да года малыш навучаецца таму, што будзе ўдасканальваць з года да трох гадоў. Навыкі, сфарміраваныя ў дзіцяці з трох да сямі гадоў, атрымаюць развіццё ў школе. Паўнацэннае разумовае развіццё немагчыма без развіцця ўспрымання — важнай формы пазнання. Наш мозг фіксуе ўсё, што адчувае праз сенсорныя органы: зрок, слых і г.д. Мысленне, фантазія і памяць грунтуюцца на вобразах нашага ўспрымання”.

З года да трох гадоў у дзіцяці пераважае прадметная дзейнасць, яно імкнецца да ўсяго дакрануцца, паспраба­ваць, тым самым назапашвае сенсорныя ўражанні. З трох да сямі гадоў дзіця пазнае форму, колер, памер, вучыцца сістэматызаваць, аналізаваць і суадносіць прадметы. На фоне назапашанага сенсорнага вопыту развіваюцца мысленне і логіка. Пасля трох гадоў малыш выконвае заданні накшталт прадоўжыць паслядоўнасць, скласці сіметрычна па ўзоры, вызначыць прадметы, якія рухаюцца направа ці налева, дайсці, вывучыўшы карту, да аб’екта. Такія заданні садзейнічаюць далейшаму паспяховаму засваенню граматы.

Да пяці гадоў дзеці павінны ўмець вылучаць са складаных прадметаў простыя, а з простых рабіць складаныя, арыентавацца ў прасторы вакол сябе. Ім яшчэ цяжка ўявіць сябе пабочнымі назіральнікамі, сказаць, як выглядае пэўны аб’ект зверху. У іх практычна адсутнічае прадбачлівасць. Калі дзецям, якім не споўнілася пяць гадоў, прапанаваць сітуацыю: жоўтая, чырвоная і сіняя машынкі адна за адной заяз­джаюць у тунель — і спытаць, якая машынка выедзе першай, у іх могуць узнікнуць цяжкасці з адказам.

Амаль у любой дзіцячай кнізе па развіцці мыслення ёсць заданні, дзе трэба вызначыць чацвёртае лішняе. Дзеці звычайна даюць правільны адказ, але іх трэба папрасіць растлумачыць, чаму яны зрабілі той ці іншы выбар. Не заўсёды яны могуць вылучыць істотныя прыметы, знайсці адрозненні, правільна абагульніўшы іх.

Існуе стэрэатып: калі дзіця ўмее лічыць да 100, яно гатова да школы. Але мала запомніць парадак лічбаў, трэба ўмець аперыра­ваць імі, разумець іх сутнасць і значэнне. Існуюць заданні пра колькасць, але трэба ўлічваць, што для дзяцей да 5 гадоў больш за пяць прадметаў не існуе, усе астатнія для іх бясконцасць. Неабходна вучыць дзяцей адказваць не толькі на пытанне “колькі?”, але і “які па ліку?” (першы, другі і г.д.). Сучасная тэорыя навучання лічэнню абапіраецца на тэорыю мностваў, якая зыходзіць з таго, што ўсе прадметы можна згрупаваць па пэўнай прымеце. Для дашкольнікаў гэтымі прадметамі спачатку будуць зайчыкі і вавёрачкі, трохвугольнікі і квадраты і інш. Затым іх заменяць лічбавыя абазначэнні. Самі па сабе лічбы малазразумелыя дашкольнікам, бо гэта абстрактныя паняцці, якія яны змо­гуць успрымаць у 6—7 гадоў. Дашкольнікі могуць запомніць лічбы, іх камбінацыю і нават будуць ра­шаць прыклады з імі, але без суаднясення лічбаў з аб’ектамі яны не засвояць склад лічбаў, не падлічаць колькасць канкрэтных аб’ектаў.

Швейцарскі вучоны Піяжэ выявіў у дашкольнікаў наступную псіхалагічную з’яву: немагчымасць спасцігнуць такія характарыстыкі навакольных прадметаў, як колькасць, памер, аб’ём і г.д. Калі паставіць у рад пяць матрошак і кожнай даць па яблыку, а затым сабраць матрошак у групу, а яблыкі раскласці па адным, то любое дзіця, якому не споўнілася 5 гадоў, скажа, што матрошак менш, а яблыкаў больш. Калі ж, наадварот, яблыкі скласці ў кучу, а матрошак расставіць, то дашкольнікі скажуць, што яблыкаў менш, а матрошак больш. Гэтая з’ява падрабязна апісана ў кнізе Аляксандра Звонкіна “Малышы і матэматыка”.

Дашкольнікам важна азнаёміцца з істотнымі прыметамі прадметаў, умець адказваць на пытанне “які?”. Можна складаць і разгадваць з дзецьмі адпаведныя загадкі. Напрыклад, пушысты, з хвастом, мяўкае: хто гэта? Трэба вучыць малышоў паслядоўна выкладаць свае думкі, расказваць, як прайшоў дзень, якія правілы ў гульні і г.д. У далейшым дашкольнікі змогуць гэтак жа лагічна растлумачыць умовы і рашэнне матэматычных задач. Задача дарослых — навучыць дзіця да 5—6 гадоў арыентавацца ў часе па механічным гадзінніку. З трохгадовага ўзросту дзяцей варта знаёміць з агульнапрынятымі сенсорнымі эталонамі, якія ўключаюць у сябе асноўныя колеры спектра, формы (геаметрычныя фігуры), велічыні і спосабы іх выкарыстання.

Чытанне і развіццё

“Любое дзеянне чалавека, асабліва ў раннім узросце, уплывае на развіццё яго мозга, — адзначыла Таццяна Славінская­Пузырэвіч, выпускніца хімфака БДУ, кандыдат навук, аўтар кніжных праектаў “Куфэрак дзіцячых кніг” і mainbooks project, кіраўнік праекта “Пра мозг з веданнем справы”. — Разумовыя працэсы, працэс навучання мяняюць мозг. Уся атрыманая чалавекам інфармацыя адлюстроўваецца ў нейронавых сетках (штосьці ўваходзіць у актыўную памяць, а штосьці — не). Для таго каб дзіця паўнацэнна развівалася, яму пажадана спрабаваць сябе ў разнастайных відах дзейнасці, увесь час вучыцца новаму: гуляць, канструяваць, ляпіць, маляваць, вывучаць мастацтва, займацца музыкай (пры праслухоўванні музыкі ў кары галаўнога мозга актывізуюцца зоны, звязаныя з заахвочваннем і матывацыяй), узбагачаць смак і нюх, танцаваць, займацца спортам, чытаць, пісаць, займацца каліграфіяй. Разнастайнасць заняткаў садзейнічае паспяховаму развіццю інтэлекту”.

Выступоўца дала некаторыя карысныя парады, якія тычацца заахвочвання дзяцей да чытання. Вучыць чытаць неабходна ад нараджэння, прычым чытаць тое, што дзіцяці падабаецца, і тады, калі яно просіць. Ніколі не караць забаронай чытання. Можна выбраць пэўны час для чытання. Не задаваць пытанне, пра што была гэтая кніга. Максімум — папрасіць расказаць пра сваё ўражанне і спытаць: “А што думаеш ты?”. Ісці ад інтарэсаў дзіцяці, паразмаўляць з ім на тэмы, блізкія да прачытанага. Чытаць дзецям уголас, калі яны просяць (нават у 16 гадоў).

Як пераадолець крызіс нечытання? У дзіцяці павінен быць доступ да кніг заўсёды і ўсюды, магчымасць выбіраць кнігі самому. У той момант, калі дзіця навучылася чытаць самастойна, па яго жаданні, чытайце яму ўголас. Пры куплянні кніг выбірайце як мінімум дзве: адну — для самастойнага чытання дзіцем, другую — для чытання яму перад сном. Калі дзіця чытае ўголас, вельмі ўважліва яго слухайце. Вя­дзіце ўлік усіх прачытаных ім кніг: і аб’ёмных без малюнкаў, і тонкіх з вялікай колькасцю малюнкаў. Прыдумайце ўласныя “якары”, якія ператвараюць працэс чытання ў задавальненне, шукайце “плюшкі”, якія пацвярджаюць, што без чытання чалавек не стане па­сапраўднаму пісьменным.

Як навучыць дзіця чытаць максімальна бязбольна для яго? Праз праслухоўванне тэкстаў і развіццё фаналагічнага ўсведамлення. Неабходна спяваць, чытаць і вучыць вершы, мяняць месцамі літары ў словах, прыдумваць рыфмы, звяртаць увагу дзіцяці на кнігі і тэксты ўсюды. Акружыць яго людзьмі, якія чытаюць, прапанаваць тэксты рознага ўзроўню складанасці, зрабіць чытанне штодзённай звычкай, паступова павялічваючы колькасць старонак і складанасць тэксту. Пераканаць дзіця, што лепш чытаць з папяровага носьбіта, хоць гаджэт у крайнім выпадку таксама падыдзе.

Падрыхтавацца да будучыні

У Расіі больш як 92 працэнты вучняў пачатковых класаў стараюцца добра вучыцца ў школе, але толькі 57 працэнтаў з іх робяць гэта з задавальненнем. У 13—15 гадоў гэтыя паказчыкі складаюць адпаведна 82 і 36 працэнтаў. Пра школу і вучобу дзеці часта гавораць так: “Мне не цікава”, “Я забыўся”, “Навошта мне вучыцца?!”. Гэта значыць, што вучацца яны без задавальнення, пакутуе іх здароўе, бо жаданні, думкі, эмоцыі, фізіялагічны стан дзяцей знаходзяцца ў рознагалоссі. Пра гэта расказала Вікторыя Шыманская, доктар псіхалогіі, вядучы расійскі эксперт у сферы развіцця эмацыянальнага інтэлекту, аўтар кніг і першай запатэнтаванай методыкі сістэмнага развіцця EQ дзяцей, выкладчык Маскоўскага інстытута псіхааналізу, МДІМА, бізнес­школ Сколкава, РАНГіДС пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі, аўтар тэхналогіі пабудовы індывідуальных траекторый развіцця дзяцей Skillfolio.

Большасць захворванняў мае псіхасаматычную аснову, іх прычына — эмацыянальныя перажыванні. Алергіі, нервовыя хваробы, гастраэнтэралагічныя праблемы і многія іншыя хваробы пачынаюцца ў дашкольным узросце. Лічбавая рэвалюцыя, вялікі паток інфармацыі, якую чалавек не паспявае асэнсоўваць, і неверагодная, у параўнанні з мінулымі гадамі, хуткасць жыцця. Бацькі непакояцца: як выхаваць здаровых, паспяховых і самастойных дзяцей? Ёсць тры кіты гарманічнага развіцця дзяцей — эмацыянальнае, рухальнае і маўленчае развіццё. Астатнія кірункі іх дапаўняюць. У імкненні адпавядаць патрабаванням часу некаторыя дарослыя бачаць у сваім дзіцяці своеасаблівы куфэрак, у які трэба ўкласці як мага больш ведаў, замест таго каб разгледзець у ім сапраўдны талент і развіваць актуальныя для яго ў будучыні навыкі, сярод якіх нестандартнае і лічбавае мысленне, трансдысцыплінарнасць, дызайнерскае і крытычнае мысленне, віртуальнае супрацоўніцтва, эмацыянальны інтэлект, міжкультурная кампетэнтнасць, сістэмнае мысленне.

Не так важна, якую прафесію выбера дзіця. Галоўная задача бацькоў — дапамагчы яму знайсці сваё прызначэнне, справу жыцця, якая падабаецца, не перашкодзіць на асэнсаваным шляху да яе.

Вікторыя Шыманская прапанавала дарослым паразважаць разам з дзецьмі над чатырма пытаннямі: “Што патрэбна людзям?” (вызначыць трэнды жыцця), “Што я люблю?”, “У чым я моцны?”, “За што людзі плацяць?”. Далей трэба вызначыць пункты супадзення адказаў. У іх і будзе схавана сфера дзейнасці, у якой чалавек зможа сябе рэалізаваць, якая прынясе яму сапраўднае задавальненне.

“Жыццё на 10 працэнтаў складаецца з таго, што адбываецца, і на 90 працэнтаў з сэнсу, якім мы напаўняем падзеі, — гаворыць Вікторыя. — Усе эмоцыі пераўтвараюць наша жыццё. Адна і тая ж падзея можа быць успрынята як вельмі сумная або як падзея, якая тоіць у сабе пэўныя магчымасці для змен. Адно дзіця бу­дзе спакойна гуляць далей, калі ў яго забралі цацку, другое — заплача: для яго гэта трагедыя. Так праяўляецца эмацыянальны інтэлект. Трэба дапамагчы дзецям пасябраваць з эмоцыямі, зрабіць іх станоўчым рэсурсам, каб эмоцыі былі не ворагамі, а сябрамі і дапамагалі ў дасягненні пастаўленых мэт. Важна і разуменне прычын сваіх і чужых эмоцый, пачуццяў і перажыванняў, што дазваляе людзям эфектыўна ўзаемадзейнічаць з навакольным асяроддзем”.

З мэтай развіцця ў дзяцей жыццёва важных навыкаў выступоўца прапанавала бацькам выконваць з малымі практыкі, звязаныя з пераадоленнем страхаў, агрэсіі і істэрык, развіццём камунікатыўных навыкаў, эмацыянальнага інтэлекту, асэнсаваннем уласных псіхалагічных меж, зняццем эмацыянальнага напружання праз рух, фарміраваннем самаацэнкі, раскрыццём талентаў.


Практыка “Мае межы” дапамагае асэнса­ваць уласныя псіхалагічныя межы. Для дзіцяці важна разумець, што яму падабаецца, а што — не. Калі яно не будзе разумець, што менавіта яго бянтэжыць або непрыемна для яго ў зносінах, то ўзаемадзеянне з людзьмі будзе прыносіць напружанне і дыскамфорт. Яму важна ведаць, разумець і гаварыць пра свае псіхалагічныя межы. Бацькі разам з дзецьмі могуць абмеркаваць гэтую тэму, прывесці прыклады з жыцця і запісаць іх адказы. У выніку ў дзіцяці складзецца дакладнае ўяўленне пра яго псіхалагічныя межы. І калі навакольныя людзі будуць іх парушаць, яно зможа сказаць, што такія зносіны для яго непрыемныя.

Практыка развіцця EQ. У канцы кожнага дня дзіця ­адзначае эмоцыі, якія яно ў гэты дзень адчувала, і абмалёўвае агульную эмоцыю дня. Гэтая тэхніка назірання за настроем дапамагае дзіцяці пазнаёміцца з рознымі эмоцыямі, асэнсаваць, як яны праяўляюцца ў яго жыцці, а бацькам — прасачыць змяненні настрою дзіцяці на працягу дня і тыдня, адзначыць пэўныя заканамернасці. Запаўняючы дзённік, дзіця вучыцца самаарганізацыі і рэфлексіі. Яно падводзіць вынікі дня, робіць высновы і аналізуе. Пажадана весці такі дзённік хаця б на працягу месяца і абмяркоўваць з дзіцем яго запаўненне.

Надзея ЦЕРАХАВА.