Eu sou Brasil!

- 15:32Культура

Не паспела пачацца восень, як сусветная стужка навін трагічна выбухнула: датла згарэў Нацыянальны музей Бразіліі ў Рыа-дэ-Жанэйра. Ніхто і да гэтага часу не ведае, у чым прычына пажару, які адбыўся 2 верасня, але вынікі навідавоку: найстарэйшая мастацка-гістарычная ўстанова самай вялікай у паўднёвым паўшар’і краіны, заснаваная каралём Партугаліі Жуанам VI у 1818 годзе, згарэла дашчэнту… Акурат на сваё 200- годдзе.

У бязлітасным агні, які безвынікова спрабавала тушыць сотня бразільскіх пажарных, гінулі егіпецкія і паўднёваамерыканскія муміі, унікальныя артэфакты індзейцаў, ацалелыя часткі метэарытаў пазамінулых стагоддзяў, старажытныя акамянеласці і статуэткі, амфары, карціны ды скульптуры апошніх стагоддзяў — усё, што назапашвалася тысячагоддзямі, сышло ў нябыт за якія пару гадзін часу. Каля 20 мільёнаў адзінак захавання на тэрыторыі 20 тысяч квадратных метраў. І не дапамагло нават блізкае ад музея возера, адкуль пачалі бра ць ваду пажарныя, калі высветлілася, што два гідранты не працуюць… Згарэў не проста музей. Згарэла Бразілія, згарэла яе гісторыя.

Божа, якое ўсё ж невымоўна-бязлітаснае жыццё!

Згадалася неяк усё з выпадкам у Рыа: і зніштожаныя талібамі храмы ў Сірыі, і расстраляная ў Парыжы рэдакцыя часопіса “Шарлі эбдо”, і знішчаныя 22 беларускія пісьменнікі ў турме НКУС у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года… Якая ж ты безабаронная, культура! Якая ж ты маўклівая і ўсёдаравальная! Якая ж ты… родная… Сёння, як я рабіў гэта ў сувязі з “Шарлі эбдо”, кажу тое самае, але ўжо па-партугальску: “Eu sou Brasil”.

З бразільцамі мне амаль што не даводзілася сустракацца. Толькі аднойчы, падчас леташняга стрыт-арт-фестывалю Vulica Brasil. Малады мастак з Рыа з усмешкай на ўсе свае 32 здаровыя зубы прапанаваў мне размаляваць спіну статуяй Хрыста на вяршыні ўзгорка Каркаваду. Не ведаю чаму, але я адмовіўся.

А сёння, уключаючы Euronews, бачу гэтыя слёзы. Плачуць акулярыкі-бізнесмены са сваімі ноўтбукамі, плачуць атлусцелыя ад стаяння на адным месцы гандляркі, плачуць маленькія кучаравыя бразільскія дзеткі… Усе яны прыйшлі да таго месца, дзе колісь стаяў Нацыянальны музей Бразіліі. І гэта не тыя слёзы, калі, напрыклад, Неймар раптам прамахнуўся па мячы, а Бразілія раптам не ўвайшла ў тройку прызёраў на мундыялі.

Гэта слёзы тых, у каго ўкралі гісторыю…

Уявіце (крый божа, канечне!), каб на вуліцы Леніна, 20 ці на вуліцы Маркса, 12, дзе адпаведна знаходзяцца Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, сёння былі б папялішчы… У мяне, напэўна, не хапіла б слёз.

Eu sou Brasil!

Мікола ЧЭМЕР.