За сваю шматгадовую працу на ніве асветы доктар педагагічных навук, прафесар, загадчык кафедры педагогікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Фёдар Уладзіміравіч Кадол выпусціў у свет цэлую армію вучняў. Несумненна, ім будзе прыемна пачытаць інтэрв’ю са сваім настаўнікам, які сёння адзначае свой 70-гадовы юбілей.
— Фёдар Уладзіміравіч, раскажыце, чаму вы вырашылі заняцца вывучэннем педагогікі? Што паўплывала на ваш выбар?
— У тыя гады, калі я вучыўся ў школе, настаўнік быў вельмі паважаным чалавекам, карыстаўся падтрымкай як на ўзроўні дзяржавы, так і сярод звычайных людзей. Ён даваў пуцёўку ў жыццё і дапамагаў выбіцца ў людзі, асабліва дзецям з сельскай мясцовасці. У вёсках да настаўніка звярталіся нават па медыцынскую дапамогу.
У школе на мяне моцна паўплывалі настаўнікі фізікі і матэматыкі. Менавіта яны развілі ўва мне жаданне вучыцца, цікавасць да рашэння складаных задач, і я ўжо не ўяўляў сабе іншай прафесіі, акрамя як настаўніка. Усё гэта і прывяло мяне ў 1963 годзе на фізіка-матэматычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага інстытута імя В.П.Чкалава. Паступаць у аспірантуру мне параіў прафесар І.Ф.Харламаў. Ён стаў маім навуковым кіраўніком, дапамог асвоіць педагогіку на высокім тэарэтычным узроўні, асабістым прыкладам заахвоціў да далейшых навуковых даследаванняў. Сёння я ўжо не магу ўявіць сябе без сваіх студэнтаў, без дружнага калектыву нашай кафедры, без шматлікіх навуковых канферэнцый, сустрэч з цікавымі людзьмі.
— Якім, на ваш погляд, павінен быць чалавек, які хоча звязаць сваё жыццё з навукай, у прыватнасці з педагогікай?
— Перш за ўсё, гатовым да самадысцыпліны і вельмі працаздольным. Вядома ж, патрэбны мэтанакіраванасць і воля. Але самае моцнае ў свеце — гэта неабходнасць. Яна рухае чалавекам. Неабходнасць — паняцце шырокае: ад рэалізацыі сябе, свайго прызначэння да матэрыяльнага дабрабыту. Піраміда патрэб А.Маслоу дзейнічае і ў жыцці навукоўца. Тым, хто звязвае сваё жыццё з навукай, карысна пазнаёміцца з базавымі патрэбамі асобы і іерархіяй іх задавальнення: ад павагі іншых і самапавагі да самаактуалізацыі і самарэалізацыі.
— Многія лічаць, што сур’ёзныя вучоныя і ў вольны ад навуковых пошукаў час паглыблены ў сваю працу. Ці так гэта насамрэч?
— У гэтым ёсць доля праўды. Кожны дзень вучонага пачынаецца думкамі пра навуку і заканчваецца падвядзеннем вынікаў зробленага, пабудовай планаў на будучыню. Многае не завяршаецца адразу, паступова назапашваюцца матэрыялы для новых навуковых артыкулаў і кніг. Час хуткацечны, і таму яго трэба шанаваць. З іншага боку, нішто чалавечае вучоным не чужое. Нельга жыць толькі адной навукай, нароўні павінны стаяць мастацтва, літаратурна-мастацкае слова, музыка, фізічная актыўнасць. Напрыклад, выбітны фізік А.Р.Хахлоў, былы рэктар МДУ імя М.В.Ламаносава, на прафесійным узроўні займаўся фізікай і альпінізмам. У многіх навукоўцаў ёсць хобі. У мяне гэта праца на лецішчы, ціхае паляванне ўвосень, фізічныя практыкаванні, плаванне. Стараюся запоўніць час карыснымі справамі.
— Ці лічыце вы сябе чалавекам, які рэалізаваўся?
— Увогуле, чалавеку ўласціва імкненне да дасканаласці, нават вернікі імкнуцца быць як бацька нябесны. Вядома, гэты ідэал недасягальны, але без руху да яго няма самарэалізацыі. Меў рацыю Сальвадор Далі, прамовіўшы: “Не бойцеся дасканаласці — вам яе не дасягнуць”. Аднак пастаяннае імкненне да дасканаласці неабходна.
— Фёдар Уладзіміравіч, што з’яўляецца сакрэтам вашага поспеху?
— Усведамленне таго, што многае яшчэ хацелася б зрабіць. Тут дарэчы крылатае выслоўе Сакрата: “Я ведаю, што нічога не ведаю, але многія не ведаюць і гэтага”. Як толькі чалавек думае, што дасягнуў поспеху, фартуна паварочваецца да яго спінай. Пра гэта добра сказаў вядомы фізіёлаг і псіхолаг І.П.Паўлаў у лісце да моладзі: “І як бы высока ні ацанілі вас, заўсёды майце мужнасць сказаць сабе: “Я невук”. Не давайце гордасці авалодваць вамі. З-за яе вы будзеце ўпарціцца там, дзе трэба пагадзіцца, з-за яе вы адмовіцеся ад карыснай парады і сяброўскай дапамогі, з-за яе страціце веру аб’ектыўнасці”. Гэты запавет І.П.Паўлава памятаю яшчэ са школьных гадоў і часта да яго звяртаюся.
— Што вы можаце параіць студэнтам, каб яны дасягнулі поспеху ў сваёй будучай прафесійнай дзейнасці?
— Студэнтам, якія ўжо вызначыліся з прафесіяй, трэба пастаянна папаўняць свой інтэлектуальны багаж, набываць вопыт практычнай работы. Вельмі карысна таксама знайсці ўзоры людзей, якія рэалізавалі сябе ў прафесіі і могуць служыць жыццёвым арыенцірам. Вядома, для кожнага чалавека вельмі значныя прыстойнасць, пачуццё ўласнай годнасці, камунікатыўная культура. І яшчэ важна памятаць, што нельга марнаваць час, трэба пастаянна займацца чымсьці карысным для сябе і іншых, самаўдасканальвацца. Як кажа прымаўка: “Чалавек — гэта тое, што ён з сябе зрабіў”. Падобныя афарызмы трэба ведаць кожнаму, яны як дэвізы-запаветы, якімі можна кіравацца на шляху да самаўдасканалення.
— Чаго вам больш за ўсё хочацца на сённяшні дзень: больш грошай, зносін з сябрамі, сям’ёй або заняцца духоўным удасканаленнем?
— Я лічу, што для чалавека шчасце сапраўды не ў грашах. Вернікі з гэтай нагоды кажуць, што грошы даюцца чалавеку ў часовае карыстанне. Трэба імкнуцца да рознабаковага жыцця і дзейнасці, а грошы — гэта толькі сродак для яе ажыццяўлення. Усе каштоўнасці, пра якія вы пытаецеся, важныя для чалавека, але на сённяшні дзень самым галоўным для мяне з’яўляецца сям’я. Яна радуе больш за ўсё, служыць надзейнай апорай у жыцці, дае душэўную цеплыню і падтрымку. Духоўнасць я таксама вельмі цаню, асабліва скарбы народнай мудрасці, бо ў іх сканцэнтравана ўся жыццёвая філасофія, глыбіні педагогікі і культуры.
Гутарылі Вераніка ГАТАЛЬСКАЯ і Марына ШУСТАВА,
студэнткі факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Францыска Скарыны.