Фактар поспеху і папулярнасці

- 10:08Культура

Толькі ўявіце, як літаральна за пару месяцаў нікому не вядомыя выканаўцы ператвараюцца ў сапраўдных эстрадных зорак з тысячамі паклоннікаў. Вось і суперфіналісты X­-Factor Belarus аднойчы прачнуліся сапраўднымі зоркамі. Хоць, канечне, ім у гэтым дапамаглі не толькі талент, маладосць, напор, артыстычнасць, харызма, але і педагогі.

А. Панісаў, Н. Краўчанка, М. Бялько.

Маг фальцэтаў

На працягу апошніх трох месяцаў гледачы з заміраннем сэрца сачылі за развіццём падзей дэбютнага сезона X-Factor Belarus. Амаль 2 гады здымак, больш за 3 тысячы прэтэндэнтаў, сотні шчасліўчыкаў, запрошаных на тэлекастынг, і толькі 14 фіналістаў, 4 аўтарытэтныя настаўнікі, ураган эмоцый, акіян радасці і расчаравання… І ў выніку 3 суперфіналісты і адзіны пераможца.

Пераможцам першага талент-шоу X-Factor Belarus стаў 28-гадовы Андрэй Панісаў з Лідчыны. Яго пачуццёвы і шчыры вакал, філігранная выканальніцкая тэхніка не пакінулі абыякавым нікога. Маг фальцэтаў і магістр мастацтвазнаўства, музычны педагог і ўладальнік вакальнай студыі, саліст сімфанічнага аркестра… Яго раман з музыкай пачаўся ў раннім дзяцінстве, і нядзіўна, што з часам ён вырашыў атрымаць профільную адукацыю. Скончыў музычную школу па класе баяна і паступіў у Лідскі дзяржаўны музычны каледж.

“На апошнім курсе выкладчык па сальфеджыа заўважыла мае вакальныя здольнасці і накіравала да педагога па вакале Міхаіла Пятровіча Булыгі. Менавіта з яго дапамогай я асвоіў азы акадэмічнага вакалу. Потым атрымаў спецыяльнасць “Народная творчасць (харавая музыка)” у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, — расказаў спявак. — Паралельна займаўся з Ірынай Фёдараўнай Навасадавай, якая дала мне грунтоўныя веды па вакальным мастацтве і па­дзялілася асабістым вопытам. Пасля там жа я скончыў магістратуру, дзе маім выкладчыкам была Марына Міхайлаўна Гаравая, якая адкрыла для мяне музыку барока”.

А.Панісаў:
“У мяне ёсць правіла: рабі кожны дзень тое, чаго баішся, пастаянна выходзячы з зоны камфорту. Дзякуючы гэтаму мне ўдалося стаць пераможцам. Хоць на самай справе перамога не была галоўнай мэтай,
бо я ішоў за набыццём вопыту, якога нідзе не атрымаеш”.

Пазней у Акадэмічным ансамблі песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь А.Панісаў пазнаёміўся з Леанідам Міхайлавічам Некрашэвічам, які дапамог яму паглядзець на вакальнае мастацтва з новага ракурсу. “Ён працуе па прынцыпах італьянскай школы спеваў. І я зразумеў, што самае галоўнае — дыханне і работа прэса, і пасля гэтага ў мяне адкрыўся гук, які стаў палётным, лёгкім”, — патлумачыў спявак.

Андрэй шмат разоў станавіўся лаўрэатам многіх міжнародных музычных конкурсаў, а летась увайшоў у лік дзесяці фіналістаў нацыянальнага адбору на конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2021”. Ён заснаваў сваю вакальную студыю ў Лідзе, дзе дзеліцца набытымі ведамі як з дзецьмі, так і з дарослымі. “Мы вельмі многа працавалі, вялікую ўвагу ўдзяляючы дыханню, бо яно з’яўляецца асноўным прынцыпам дасягнення правільнага выканання, — расказаў А.Панісаў. — А яшчэ я заўсёды акцэнтую ўвагу вучняў на кантрастах, піяна і фортэ, чамусьці ўсе пра гэта забываюць, асабліва эстрадныя спевакі, і выконваюць творы з мінімальнай дынамікай. Я пастаянна гэтым спосабам карыстаюся: гучна — ціха. І, як паказвае практыка, гэта працуе. Таксама не варта ад сэнсу песні адцягваць увагу вакальнымі фішкамі, мелізматыкай. Як па мне, лепш выканаць песню з мінімальнымі прыёмамі, але надаць ёй больш сэнсу”.

На “Х-Фактары” “зорным” настаўнікам Андрэя была знакамітая тэлевядучая, блогер і спявачка Вольга Бузава, якая заўсёды гаварыла спеваку, што не трэба хлусіць
і нешта прыдумваць, бо гледача не падманеш, а таму з ім неабходна быць максімальна шчырым. “На праекце былі сапраўдныя прафесіяналы, і работа з імі — гонар для мяне. Увогуле я лічу, што такія праекты, як “Х-Фактар”, карысныя і для выканаўцаў, і для гледачоў, і для ўсёй краіны, бо яны аб’ядноўваюць і натхняюць”, — адзначыў А.Панісаў.

Маленькі прынц

Такая асацыяцыя ўзнікала ў многіх, хто сачыў за інтэлігентным энергічным юнаком з блакітнымі вачыма, дапытлівым позіркам і светлымі хвалістымі валасамі, як і ў героя Экзюперы. Такім успрымаўся самы юны суперфіналіст X-Factor Belarus і ў той жа час адзін з найбольш вопытных удзель­нікаў тэлешоу — 16-гадовы Мікіта Бялько. Яго маці ў мінулым прафесійны музыкант з акадэмічнай адукацыяй, таму і Мікіту наканавана было займацца музыкай. Хоць першым яго захапленнем сталі менавіта спевы.

“У 5 гадоў я ўжо выступаў у ансамблі “Заранак” Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Г.Мулявіна. А ў 7 паступіў у Рэс­пуб­ліканскую гімназію-каледж пры БДАМ, я — піяніст, і зараз ужо на 2 курсе каледжа. Калі мне было 9, лёс звёў мяне з Васілём Сяньковым, які і змог раскрыць мой талент, бо гэта неверагодны педагог, што больш за 40 гадоў вучыць дзяцей спяваць. У большасці сваёй дзякуючы яму я змог паказаць сябе на шматлікіх конкурсах і тэлепраектах, напрыклад, на расійскім “Голас. Дзеці”, затым на нацыянальным адборы на дзіцячае “Еўрабачанне”, а ў 2019-м перамагчы на “Бітве талентаў”, — расказаў юнак.

Мікіта прызнаўся, што найбольш складаным, “маштабным і энергазатратным” праектам у яго жыцці ўсё ж такі стаў менавіта “Х-Фактар”, бо на ім ён змог перамагчы самога сябе. Яго настаўнікам таксама была В.Бузава, якая пастаянна падкрэслівала, што самае галоўнае — працавітасць. “Яна паўтарала, што нельга ніколі спыняцца і даваць слабіну, нават калі скончыцца праект і незалежна ад таго, хто пераможа. Важна разумець, да якой мэты ты ідзеш, бо ў любы момант могуць з’явіцца больш заматываваныя людзі і пасунуць цябе. А таму нават калі ты ў лідарах, трэба працягваць працаваць”, — дадаў спявак. Акрамя таго, на тэлешоу Мікіта пазнаёміўся з выдатным педагогам па вакале Таццянай Трухан: “Мне вельмі пашанцавала з ёй, таму што мы ўвесь час працавалі ў сінтэзе, дапаўняючы адно аднаго”.

Супердзяўчынка

Трэцяй суперфіналісткай шоу X-Factor Belarus стала 17-гадовая Настасся Краўчанка з аграгарадка Сеніца Мінскага раёна. Сёння дзяўчына — першакурсніца Інстытута тэалогіі імя Святых Мяфодзія і Кірыла БДУ і будучы рэлігіязнавец. На выбраную спецыяльнасць паступала свядома, бо сур’ёзна захапляецца гісторыяй і мовамі.

Спявацкая гісторыя яркай акрабаткі, танцоркі, уладальніцы дыяпазону ў тры з паловай актавы і запамінальнай знешнасці, якая вытрымала дзве намінацыі на выбыванне і ўсё ж такі аказалася ў тройцы лідараў, пачалася, калі ёй было ўсяго толькі 4 гады. “Да 5 гадоў са мной займалася мама Таццяна Валер’еўна Краўчанка, настаўніца пачатковых класаў Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы, якая да таго ж мае і музычную адукацыю. Пасля я пачала наведваць заняткі вакальнага ансамбля “Рознакаляровае дражэ” гімназіі № 174 Мінска, дзе маім педагогам па вакале была Дар’я Сяргееўна Пупко. У 7 класе я перайшла ў сеніцкую школу, дзе пазнаёмілася з Аляксандрай Яўгенаўнай Кірсанавай. З ёй мы пабывалі на конкурсах у Латвіі, Італіі, Літве, Мальце, Балгарыі. Увогуле, за сваё жыццё я стала ўдзельніцай і лаўрэатам каля 50 міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых конкурсаў”, — паведаміла Насця.

Аднак і для яе самым важным праектам стаў X-Factor Belarus. Так атрымалася, што яе настаўнікам быў музычны крытык Сяргей Саседаў, які часам жорстка крытыкаваў яе. “Ён строгі і падае інфармацыю так, як хоча. А я як дзяўчынка балюча рэагую на заўвагі. Сяргей Васільевіч больш увагі звяртаў на падачу, эмоцыі, жэстыкуляцыю. А калі я прайшла ў суперфінал, ён сказаў, што я зрабіла немагчымае. І зараз мы падтрымліваем зносіны, ён павіншаваў мяне са святамі, песні раіць, — сказала дзяўчына. — А вось з педагогам па вакале мне асабліва пашанцавала. Таццяна Мікалаеўна Дробышава — самая лепшая, яна ўбачыла ўсе мае вакальныя здольнасці, тое, што я магу спяваць высока і нізка, пераскокваць у 3—4 актаву і нават ёдль выканаць”. Усё гэта, а яшчэ мэтанакіраванасць, харызма, энергічнасць і неадпаведнасць мілага дзіцячага тварыка і магутнага голасу, дапамагло Н.Краўчанка ўвайсці ў лік наймацнейшых.

На гэтым гісторыя шоу X-Factor Belarus не завершана. Фіналісты праекта падпісалі кантракт з прадзюсарам Сяргеем Мінскім і з лютага па ліпень будуць гастраляваць па гарадах Беларусі. “Першым горадам, які мы наведаем у сярэ­дзі­не лютага, стане Мала­дзечна. Пасля пастараемся пабываць ва ўсіх раённых гарадах нашай краіны. Завершыцца гастрольны тур грандыёзным канцэртам на “Славянскім базары”. Сачыце за афішамі!” — анансаваў прадзюсар і дадаў, што акрамя гэтага ў хуткім часе на айчынных радыёстанцыях загучаць хіты маладых артыстаў.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва герояў.