Факультатыў “Прафесія — педагог”: фарміруем камунікатыўную кампетэнцыю

- 12:35Якасць адукацыі

Наўрад ці нехта паспрачаецца з тым, што ўменне правільна паднесці сябе ў грамадстве адчыняе многія дзверы. Дзейнічае гэтае правіла і пры працаўладкаванні. Задача любога спецыяліста, які ўладкоўваецца на работу, — зрабіць так, каб з ім захацелася мець зносіны яшчэ і яшчэ. Выклікаць пазітыўнае першае ўражанне дапаможа не толькі старанна прадуманы знешні выгляд для візіту да патэнцыяльнага работадаўца, але і наша маўленне. Наяўнасць пэўнага ўзроўню ведаў мовы і ведаў пра мову, маўленчыя і моўныя здольнасці чалавека з’яўляюцца, з аднаго боку, паказчыкамі развіцця асобы і з другога — прафесійна важнымі якасцямі любога спецыяліста.

Ужо другі год я праводжу факультатыўныя заняткі па вучэбнай праграме “Прафесія — педагог”. Гэта не толькі адна з эфектыўных форм работы з навучэнцамі па фарміраванні ўсвядомленага падыходу да выбару педагагічнай прафесіі, але і рэсурс для развіцця маўленчай кампетэнцыі, якая з’яўляецца вельмі важнай умовай запатрабаванасці на сучасным рынку працы, самарэалізацыі, сацыялізацыі маладых людзей.

У праграму факультатыўных заняткаў уключаны як тэарэтычныя пытанні, так і пытанні, вырашэнне якіх патрабуе ўдзелу старшакласнікаў у педагагічнай і творчай дзейнасці. І я імкнуся рэалізаваць гэтую ўмову праз маўленчую актыўнасць навучэнцаў.

Пры вывучэнні тэмы “Педагагічная прафесія сёння: праблемы, пошукі, перспектывы” прапаную навучэнцам напісаць тэксты розных стыляў па адной з прапанаваных тэм: “Прафесія настаўніка вачамі ваеннага (урача, дзіцяці, бізнесмена)”, “Мая педагагічная будучыня” і інш. Пры складанні тэкстаў школьнікі вучацца цаніць лаканічнасць і змястоўнасць фраз, вызначаць дарэчнасць той ці іншай моўнай канструкцыі і, галоўнае, адзначаюць, што кожная маўленчая сітуацыя патрабуе пэўных лексічных і сінтаксічных сродкаў. Выхаваўчае значэнне такіх практыкаванняў у тым, што навучэнцы разумеюць значнасць камунікатыўных уменняў. Робяць важную выснову: добра валодаючы словам, можна хутчэй і лягчэй дабіцца сваіх мэт у сферы дзелавых адносін.

Пошук варыянтаў змянення зместу сучаснай школьнай адукацыі, у тым ліку самых фантастычных, спрыяў актыўнаму абмеркаванню тэмы “Тэндэнцыі, праблемы і перспектывы развіцця сучаснай адукацыі”. З агульнай колькасці выказаных ідэй мы выбіралі найбольш удалыя, якія могуць быць выкарыстаны на практыцы. Пасля зацвярджэння рашэння дзеці з мэтай выяўлення слабых месцаў прапанаваных гіпотэз і іх наступнага выпраўлення размеркаваліся на праціўнікаў і прыхільнікаў. У абмеркаванні былі закрануты далёка не дзіцячыя пытанні пра школу. Дыскусія дала эмацыянальны штуршок да наступнай пошукавай актыўнасці ўдзельнікаў, рэалізаванай у іх канкрэтных дзеяннях.

Адной з прадукцыйных форм работы па развіцці маўленчай кампетэнцыі навучэнцаў з’яўляецца творчая майстэрня. Пасля вывучэння тэмы “Роля педагога ў сучаснай адукацыі” навучэнцамі быў складзены мазаічны партрэт настаўніка, якога чакаюць. Кожнаму з навучэнцаў па выбары было прапанавана скласці прафесійна абумоўленыя патрабаванні да асобы педагога, прадумаць лад жыцця настаўніка, ахарактарызаваць яго грамадзянскую пазіцыю, раскрыць унутранае “Я” педагога. У аснове творчага супрацоўніцтва ляжаў дыялог. Была створана асаблівая камунікатыўная атмасфера. У дыялогавым асяроддзі навучэнцы адчувалі сябе разняволена і камфортна. Яны абменьваліся ідэямі, думкамі, раскрывалі свой творчы патэнцыял.

Раскрываючы сутнасць паняцця педагагічнага майстэрства, мы гаворым з навучэнцамі пра педагагічны і акцёрскі талент настаўніка. Для замацавання ведаў навучэнцаў пра тое, як заваяваць увагу аўдыторыі, як навучыцца кіраваць сабой і сваім эмацыянальным станам, як развіваць у сабе педагагічны артыстызм, выкарыстоўваю ролевыя гульні. Навучэнцы факультатыву “Прафесія — педагог” дэманстравалі фрагменты вядомых казак, праводзілі рухавыя і пазнавальныя гульні. І тут я стараюся стымуляваць уласную педагагічную дзейнасць навучэнцаў: паклапаціцца пра малодшых, аказаць дапамогу. Гэта фарміруе педагагічны такт, патрэбу ў перадачы ведаў, развівае назіральнасць, уважлівасць да навакольных.

Здольнасць мабілізаваць увесь свой вопыт, веды, уменне ўжыцца ў вобраз пэўнай асобы, зразумець яго дзеянні, ацаніць сітуацыю і знайсці правільную лінію паводзін мае навучэнцы дэманструюць у час “Дзелавой гульні”. Інсцэніроўкі такога роду спрыяюць вырашэнню адной з задач — навучыць арыентавацца ў розных сітуацыях, даваць аб’ектыўную ацэнку сваім паводзінам, улічваць магчымасці іншых людзей, наладжваць з імі кантакты, уплываць на іх інтарэсы, патрэбы і дзейнасць, не звяртаючыся да фармальных атрыбутаў улады, да загаду.

Пры вывучэнні тэмы “Культура маўлення педагога і майстэрства публічнага выступлення” інтэлігентнасць і правільнасць маўлення фармірую праз вывучэнне правіл маўленчага этыкету: як правільна павітацца, выказаць радасць або здзіўленне пры сустрэчы, павіншаваць са святам і ўручыць падарунак, папрасіць прабачэння, пахваліць, выказаць спачуванне.

У арганізаванай намі разумовай лабараторыі навучэнцы групы факультатыву на аснове сінтэзу педагагічных стыляў зносін мадэлявалі стыль педагагічных зносін новага настаўніка, чый мазаічны партрэт быў складзены раней. Так прайшло вывучэнне тэмы “Сутнасць педагагічных зносін, іх структура, функцыі, стылі”.

Праграма факультатыву прадугледжвае правядзенне прафесійных проб на працягу навучальнага года. Гэта ўдзел у акцыях “Дзеці — дзецям”, “Падары дзіцяці радасць”. Аказваючы дапамогу педагогу, навучэнцы праводзяць віктарыны, конкурсы, распрацоўваюць сцэнарыі пазакласных мерапрыемстваў.

У мэтах матывацыі да пастаяннага ўдасканалення камунікатыўных навыкаў выкарыстоўваю відэазапісы праграм з удзелам дыктараў, тэлевядучых. Параўнанне розных маўленчых тэхнік і розных узроўняў маўленчай культуры падахвочвае працаваць над сваім маўленнем, вывучаць літаратурныя нормы, выхоўваць клапатлівыя адносіны да слова, што ў сваю чаргу спрыяе фарміраванню прафесійнага ідэалу.

Наталля АНТОНАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 15 Ліды.
Фота аўтара.