Фанфары творчасці маладых

- 11:01Навіны рэгіёнаў

Дваццаць пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў атрымалі прэміі ад Гомельскага аблвыканкама. Падчас іх уручэння старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей падкрэсліў, што дзяржава заўсёды знаходзіць рэсурсы для раскрыцця творчага патэнцыялу адораных дзяцей і моладзі:

— Таленавітая моладзь — здабытак нацыі і залог паспяховага развіцця краіны. Дзяржава зацікаўлена ў падтрымцы адораных дзяцей, у стварэнні максімальна спрыяльных умоў для развіцця іх творчых здольнасцей. Мы робім усё магчымае, каб духоўнае жыццё Гомельскай вобласці было яшчэ больш багатым і разнастайным. У першую чаргу гэта тычыцца падтрымкі нашай будучай музычнай, мастацкай і тэатральнай эліты.

Прэміямі аблвыканкама ганараваны адразу трое навучэнцаў Дзіцячай школы мастацтваў № 5 Гомеля. Эдуард Лазараў стаў уладальнікам дыплома II ступені II Міжнароднага конкурсу юных вакалістаў імя Ф.І.Шаляпіна. Дар’я Сівалава ўзнагароджана дыпломам I ступені II Міжнароднага форуму-конкурсу выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах “Фанфары Наднямоння”. Вераніка Мачаліна заваявала дыплом I ступені на I Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе юных выканаўцаў на народных інструментах. Журы III Міжнароднага тэлевізійнага праекта “Кубак дружбы” пакарыла навучэнка Дзіцячай школы мастацтваў № 6 Гомеля Дар’я Севасцьянава. Яе яркае выступленне адзначана дыпломам III ступені. 

Свае фарбы ў культурную палітру рэгіёна прыўнеслі і мастакі. Навучэнка Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа Ангеліна Окішава атрымала дыплом III ступені I Міжнароднага мастацкага конкурсу “Мазырская палітра”. Прадстаўніца гэтага ж каледжа Настасся Камарова заваявала дыплом I ступені на X Міжнародным конкурсе для дзяцей і моладзі “Краса Week”.

Па словах Генадзя Салаўя, пра высокі ўзровень прафесіянальнай падрыхтоўкі сведчаць шматлікія перамогі вучняў і творчых калектываў на міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах. Летась яркія зорачкі рэгіёна заваявалі больш за 300 дыпломоў лаўрэатаў, 22 навучэнцы атрымалі заахвочванні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Артысты тэатральна-відовішчных устаноў прадставілі вобласць на прэстыжных міжнародных фестывалях і конкурсах.

Для таго каб у майстроў была магчымасць і надалей развівацца, на Гомельшчыне вялікая ўвага ўдзяляецца ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры. За два гады па распараджэнні прэзідэнта ў Гомельскую вобласць Міністэрствам культуры для дзіцячых школ мастацтваў перададзена 135 піяніна “Беларусь”. Летась адкрыты пасля рэканструкцыі Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа, два дамы культуры ў Гомельскім і Буда-Кашалёўскім раёнах, абнаўляюцца каледжы культуры і мастацтва.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.