Фарміруем добразычлівыя адносіны змалку

- 11:36Навіны рэгіёнаў

Фарміраванне ў дашкольнікаў станоўчых адносін да сябе і іншых людзей, развіццё сацыяльных навыкаў і ўзаемадапамогі — важныя задачы ў выхаванні дзяцей. Менавіта ў дашкольны перыяд закладваюцца асновы этыкі, умацоўваюцца індывідуальныя варыянты адносін да сябе і навакольнай рэчаіснасці.

Працуючы ў гэтым напрамку, вялікую ўвагу ўдзяляю шчырасці, дабрыні, павазе і іншым важным якасцям. Дзеці вельмі тонка адчуваюць фальш, таму неабходна з імі наладзіць добрае ўзаемаразуменне.

Дашкольнікі прыходзяць у групу, дзе ўжо існуюць пэўныя традыцыі і правілы жыцця іншых дзяцей. Так, выхаванцы завучваюць дэвіз групы і ўсведамляюць яго кожнае слова: “Прамяністае сонейка не дзеліцца на часткі, і зямлю нашу нельга падзяліць, але іскрынку шчасця ты можаш, ты павінен, ты ў сілах сябрам падарыць”.

У сваёй рабоце выкарыстоўваю метады актыўнага сацыяльна-псіхалагічнага навучання. Адна з яго форм — заняткі-трэнінгі. Чытаю выхаванцам шмат літаратурных твораў, прапаную вершы на памяць, ладжу тэматычныя гутаркі, вучу ацэньваць учынкі герояў, разумець, што такое “добра” і што такое “дрэнна”.

Звяртаюся таксама да метаду групавой дыскусіі, калі дзеці выказваюць свае думкі, а я аналізую і абагульняю пачутае. Не абыходжу ўвагай метад праекцыйнага малявання, які дазваляе дзецям графічна або малюнкам адлюстраваць уласныя пачуцці, перажыванні, думкі.

Фарміраваць добразычлівыя адносіны дапамагае прадметна-развіццёвае асяроддзе, дзякуючы якому выхаванцы могуць арганізаваць сумесную дзейнасць: гульнявую, пазнавальную, эксперыментальна-даследчую і інш. Дзеці разам гуляюць, узгадняюць свае ўчынкі ў дзейнасці, спасцігаюць навыкі супрацоўніцтва, зносін, узаемадапамогі, клопату, увагі.

Калектыўную работу планую на святочныя мерапрыемствы. Сумесная дзейнасць дазваляе выхаванцам праявіць лепшыя якасці — працавітасць і дружбу.

У аснове добразычлівых адносін — павага да аднагодкаў і таварыскасць, на якіх асноўваюцца маральныя адносіны. Фарміруючы гэтыя пачуцці, вучу дзяцей успрымаць чужыя цяжкасці і радасці як уласныя.

Вельмі цікава праходзяць заняткі-інтэрв’ю “Што азначае быць членам сям’і?”, “Я — часцінка сваёй сям’і” і інш. Тлумачу дзецям, што група — не сям’я, але яна жыве па правілах сям’і, дзе ўсе сябруюць, дапамагаюць адно аднаму, ганарацца поспехамі аднагодкаў.

Звяртаюся да гульняў і гульнявых заданняў, якія зместава адпавядаюць настрою, дзеянням і ўчынкам дзяцей. Добра “прыжылася” псіхалагічная гімнастыка — зносіны дзяцей без слоў з дапамогай жэстаў і мімікі. Такія зносіны знімаюць напружанасць, замкнутасць, страх.

Адна з абавязковых умоў — выкананне педагогам і дзецьмі правіл зносін у групе. Знаёмлю выхаванцаў з імі ў спецыяльна арганізаванай і нерэгламентаванай дзейнасці. Правілы фарміруюцца проста і даступна: быць добразычлівым і дружалюбным (правілы добразычлівасці); гаварыць, што адчуваеш цяпер (правіла “тут і цяпер”); не — “дражнілкам” і “абзывалкам” (пазбягаць асобасных ацэнак); удзельнічаць усім і ўсюды (правіла актыўнасці); уважліва слухаць адно аднаго (слухаць і чуць); захоўваць сакрэты.

Імкнуся паводзіць сябе шчыра і адкрыта ў зносінах з выхаванцамі. Паважаю кожнага з іх як асобу, высока ацэньваю незалежна ад асабістых якасцей.

Згуртаваны і дружны калектыў немагчымы без актыўнага ўдзелу бацькоў. Іх роля ў фарміраванні добразычлівых адносін неацэнная. Працуючы разам, мы імкнёмся выхаваць маральна здаровую асобу дзіцяці.

Таццяна ХОЛАД,
выхавальніца Жарабковіцкага дзіцячага сада Ляхавіцкага раёна.