Фізіка для ўсіх

- 12:06Навіны рэгіёнаў

За круглы стол селі прафесіяналы і тыя, хто яшчэ толькі выбірае прафесійны шлях. Менавіта з гэтага мерапрыемства з удзелам вучняў старшых класаў пачаўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы фестываль навукі “Фізіка вакол нас”.

— Такі фестываль праводзім трэці раз, — расказвае дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Андрэй Герман. — Гэты раз на ім пабывала звыш 600 чалавек, а ўсяго за тры разы — каля дзвюх тысяч удзельнікаў. З улікам вопыту змянілі фармат мерапрыемства і пачалі яго з круглага стала для старшакласнікаў Soft + Hard = Physics, прысвечанага перспектывам атрымання адукацыі і працаўладкавання ў IT-індустрыі. У ім прынялі ўдзел 130 старшакласнікаў.

Андрэй Яўгенавіч расказаў пра новую спецыяльнасць фізіка-тэхнічнага факультэта — “Камп’ютарная фізіка”, першы набор па якой адбудзецца ў 2019 годзе. Кіраўнік Гродзенскага філіяла Парка высокіх тэхналогій Юрый Вайтукевіч гаварыў пра сувязь фізікі і інфармацыйных тэхналогій, адказаў на пытанні аб працаўладкаванні і рэзідэнтах ПВТ.

Кожны ўдзельнік фестывалю “Фізіка вакол нас” мог выбраць індывідуальны маршрут. А выбіраць было з чаго — працавала 20 дэманстрацыйных пляцовак і майстар-класаў: КРЫЯ-шоу з вадкім азотам “Экстрэмальны холад”, аптычныя эксперыменты і дэманстрацыі “Дзівосны свет”, 3D-прынтары і сканеры, дэманстрацыі “Усё пра з’яву -электрамагнітнай індукцыі”, эксперыменты з лазерамі і электрычнымі разрадамі ў дзясяткі кілавольт, а таксама дэманстрацыя квантавых з’яў і эфектаў і шмат іншага.

Арганізатарамі мерапрыемства разам з фізіка-тэхнічным факультэтам былі Навукова-тэхналагічны парк ГрДУ, адукацыйны цэнтр Гродзенскага філіяла Парка высокіх тэхналогій, адукацыйныя цэнтры “Стэмлаб” і “Разумны Мінск”, а таксама школа лічбавых тэхналогій “Фарсайт”. Госці фестывалю прапанавалі заняткі па робататэхніцы з дэманстрацыяй незвычайных мадэлей робатаў, майстар-клас “Віртуальная і дапоўненая рэальнасць” з практычнымі заняткамі па стварэнні 3D-праектара дапоўненай рэальнасці, прадэманстравалі магчымасці стварэння аб’ёмных фігур пры дапамозе 3D-ручак і майстар-клас па вырабе простых электронных прылад і цацак, правялі майстар-класы па камп’ютарным мадэляванні фізічных працэсаў, FLASH-анімацыі і робататэхніцы, расказалі, што такое фотасінтэз і як вылучыць хларафіл з раслін, азнаёмілі з будовай і прынцыпам работы робатаў-маніпулятараў, лазернага фрэзера і мадэлей беспілотных транспартных сродкаў.

— Адметнасцю трэцяга фестывалю навукі “Фізіка вакол нас” стаў удзел у ім не толькі навучэнцаў малодшых класаў, але і дашкольнікаў, якія прыходзілі сюды разам з -бацькамі, —гаворыць А.Я.Герман. — Далучыліся да фестывалю і іншыя факультэты ўніверсітэта. Так, на пляцоўцы “Фізіка і псіхалогія” пра паводзіны чалавека з пункту гледжання тэорыі поля расказалі прадстаўнікі факультэта псіхалогіі. Філалагічны факультэт прадставіў займальную праграму “Магнетызм філалогіі”, а інтэрактыўная пляцоўка “IT-востраў у лічбавай эканоміцы” была арганізавана факультэтам эканомікі і кіравання. На гэтай пляцоўцы ўдзельнікі фестывалю змаглі пратэсціраваць свае магчымасці і выявіць схільнасці да IT-прафесій, даведацца пра Форэкс і біткойн, паспрабаваць сябе ў ролі складальніка аніміраваных і інтэрактыўных гісторый, а таксама азнаёміцца з праектамі, рэалізаванымі студэнтамі.

Цікава было ўсім, нягледзячы на ўзрост і адзнакі па фізіцы ў школе.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.