“Чалавек павінен рабіць нешта карыснае, дзейнічаючы ў межах усяго чалавецтва”, — перакананы малодшы навуковы супрацоўнік хімічнага факультэта БДУ Яўген Бандарэнка. І словы гэтага чалавека падмацоўваюцца яго дзейнасцю: нядаўна даследчык быў адзначаны прэміяй конкурсу НАН Беларусі і Алфёраўскага фонду для маладых вучоных.
Даследчай і вынаходніцкай дзейнасцю Яўген Бандарэнка пачаў займацца яшчэ падчас вучобы ў Ліцэі БДУ. Перамога на рэспубліканскай алімпіядзе дазволіла яму без здачы цэнтралізаванага тэсціравання паступіць на хімічны факультэт універсітэта. Навучанне скончыў, атрымаўшы дыплом з адзнакай. Потым на выдатна абараніў магістарскую дысертацыю. Сёння Яўген Бандарэнка з’яўляецца аспірантам хімічнага факультэта БДУ.
Сур’ёзна займацца навукай малады чалавек пачаў ужо на першым курсе пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры электрахіміі прафесара Яўгена Анатольевіча Стральцова.
— Звычайна студэнты пачынаюць займацца навукай на трэцім курсе, бо спачатку ім бракуе вопыту, — гаворыць Яўген Бандарэнка. — Патрабуецца некаторы час, каб унікнуць у працэс, пасля чаго навуковая работа ідзе поўным ходам. Так было і ў мяне: на першым курсе мне не хапала пэўных базавых навыкаў. Спачатку было няпроста, але ў 2015 годзе (на чацвёртым курсе) у мяне з’явілася першая публікацыя ў міжнародным часопісе. Яна прысвячалася даследаванню плёначнай гетэраструктуры на аснове адноўленага аксіду графену і дыаксіду волава.
Па словах Яўгена, яго работу “Эфект гіганцкага квантавага выхаду фотатоку ў электрахімічных працэсах на нанаструктураваных паўправадніковых плёнках оксасульфіду вісмуту” нельга было напісаць, выкарыстоўваючы веды, якія былі назапашаны некім раней. Перад даследчыкам паўстала задача атрымаць адпаведныя плёнкі. Але падчас эксперымента ён атрымаў іншае.
У 2015 годзе, пасля таго як скончыў работу над першым навуковым артыкулам па даследаванні гетэраструктуры, Яўген Бандарэнка пачаў распрацоўваць метад сінтэзу плёнак тыяёдыду вісмуту. На той час у яго распараджэнні былі ўзоры, атрыманыя па кантрольнай і змадыфікаванай методыках. Кантрольныя ўзоры якраз і мелі эфект, апісаны ў рабоце. Спачатку з гэтай нагоды не было ні інфармацыі, ні пэўных спасылак, таму, каб падрыхтаваць матэрыял для артыкула, спатрэбілася 2 гады. Сам эфект гіганцкага квантавага выхаду фотатоку быў вынайдзены ў лістападзе 2015 года, а публікацыя, прысвечаная з’яве, убачыла свет толькі ў жніўні 2017 года.
Работа, за якую Яўген Бандарэнка атрымаў прэмію, знаходзіцца на стыку некалькіх дысцыплін: хіміі цвёрдых цел, фізікі цвёрдых цел і фізічнай хіміі. Навуковец меў справу з святлоадчувальнымі паўправадніковымі плёнкамі. Ён уздзейнічаў напружаннем на пагружаныя ў растворы разнастайных солей плёнкі оксасульфіду вісмуту і назіраў за велічынямі току пры асвятленні і без яго. Згодна з эксперыментам, высветлілася, што ў канкрэтным выпадку квантавая эфектыўнасць генерацыі зарадаў, якая вылічваецца як адносіны ліку электронаў, што прайшлі ў ланцуг, да колькасці паглынутых паўправадніком квантаў святла, можа дасягаць 2500% (лічыцца, што ў звычайных сітуацыях гэтая адзінка не можа быць большай чым 100%).
Па словах даследчыка, яго распрацоўкі могуць выкарыстоўвацца ў сонечных элементах трэцяга пакалення (прыборы, якія забяспечваюць высокі каэфіцыент фотапераўтварэння пры невялікіх выдатках матэрыялаў), прыладах захоўвання памяці і ў якасці фотасэнсараў на розныя арганічныя і неарганічныя злучэнні. Аўтар навуковай работы прызнаўся, што ён вынайшаў два спосабы практычнага выкарыстання свайго адкрыцця, але яны пакуль знаходзяцца ў распрацоўцы.
У сваёй дзейнасці Яўген Бандарэнка адштурхоўваецца ад канкрэтнай зробленай работы. Галоўная матывацыя для яго — добры і надзейны вынік, які потым можа быць выкарыстаны ў практычнай дзейнасці. Малады чалавек лічыць, што сапраўдны навуковец павінен валодаць унікальным і неардынарным спосабам мыслення, а жаданне змяніць свет у лепшы бок павінна штурхаць да таго, каб чалавек рабіў сваю работу з душой.
Па-за навукай Яўген Бандарэнка займаецца канструктарскай працай, электронікай, камп’ютарамі і праграмаваннем. Але гэтыя захапленні пераплятаюцца з навуковымі пошукамі: Яўген сам збірае і рамантуе прыборы для сваіх даследаванняў. Вучоны расказвае, што ёсць пэўная колькасць руціннай работы, выкананне якой адбірае шмат часу і якая з’яўляецца нецікавай. На яго думку, цікавей напісаць праграму, якая сама будзе ўсё гэта выконваць.
Малады спецыяліст адносіцца да свайго поспеху сціпла, робячы акцэнт на тым, што кожны навуковец павінен шмат працаваць і рабіць гэта якасна. Кожны дзень, праведзены ў лабараторыі, для Яўгена Бандарэнкі з’яўляецца чарговым крокам да новых адкрыццяў. Малады чалавек заўсёды адкрыты да супрацоўніцтва.
— Прысуджэнне прэміі прынесла мне вядомасць, у тым ліку па-за межамі ўніверсітэта. Гэта, безумоўна, прыемна і матывуе да новых поспехаў і навуковых пошукаў. У беларускай навуцы ёсць шмат вядомых людзей, якія могуць зацікавіцца падобнай тэматыкай даследавання. І калі мае напрацоўкі некага зацікавяць, можна будзе падумаць пра далейшае супрацоўніцтва.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.