Галоўны метадычны кансультант у рэгіёне — РВМК

- 12:02Якасць адукацыі

Метадычная служба ў раёне заўсёды на перадавой, бо з’яўляецца асновай для прафесійнага росту кожнага настаўніка ў рэгіёне. Метавіта раённы вучэбна-метадычны кабінет з’яўляецца стартавай метадычнай пляцоўкай для маладых настаўнікаў і актуальным метадычным памочнікам для вопытных педагогаў. Сёння пра асаблівасці работы РВМК і запыты педагагічнай грамадскасці мы гаворым з загадчыцай такога кабінета ў аддзеле адукацыі Ельскага райвыканкама Гомельскай вобласці Ганнай СЫЧ.

Зладжаная работа педагогаў устаноў адукацыі Ельскага раёна, спецыялістаў і метадыстаў аддзела адукацыі ў мінулым навучальным годзе дала магчымасць дасягнуць значных поспехаў па ўсіх напрамках дзейнасці. І як вынік — 1-е месца ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы па забеспячэнні якасці адукацыі навучэнцаў у 2017/2018 навучальным годзе сярод аддзелаў адукацыі райвыканкамаў, у падведамасных установах якіх вучыцца і выхоўваецца да 4 тысяч дзяцей. Акрамя таго, нядаўна Ганна Адамаўна атрымала нагрудны знак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”. Працаваць выдатна мая суразмоўніца лічыць неабходным кожны дзень, інакш метадыст перастане быць запатрабаваным.

— Ганна Адамаўна, найперш давайце пазнаёмімся.

— Сваю педагагічную дзейнасць пачала ў 1982 годзе, працавала ў Добрынскай сярэдняй школе піянерважатай (я выпускніца гэтай школы), потым — настаўніцай рускай мовы і літаратуры, затым — намеснікам дырэктара школы па выхаваўчай рабоце. З 2002/2003 навучальнага года з’яўляюся загадчыцай вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Ельскага райвыканкама.

— Ваш вучэбна-метадычны кабінет сёння — гэта…

— …Структура, асноўнымі напрамкамі работы якой з’яўляюцца развіццё прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, фарміраванне інавацыйнай накіраванасці дзейнасці кожнага педагога, распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту, аказанне (на дыягнастычнай аснове) кансультацыйнай метадычнай дапамогі педагогам у пытаннях прафесійнай самаадукацыі.

Самым актуальным напрамкам дзейнасці РВМК з’яўляецца павышэнне ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці, забеспячэнне развіцця асобы кожнага педагога на аснове яго індывідуальных асаблівасцей, педагагічных здольнасцей, магчымасцей, ведаў, уменняў.

— Раскажыце, як у вас ажыццяўляецца зваротная сувязь з педагогамі. Наколькі пажаданні педагогаў улічваюцца пры планаванні дзейнасці РВМК?

— Праводзім анкетаванне, робім дыягнастычныя даследаванні, аналіз дзейнасці за папярэдні перыяд — усё тое, што дапамагае выявіць існуючыя праблемы. Наведванне ўстаноў адукацыі, непасрэднае назіранне на вучэбных занятках, аналітычная гутарка даюць інфармацыю для планавання дзейнасці і яе карэкцыі.

Дыягностыка дапамагае выявіць цяжкасці педагогаў. Звычайна яна робіцца ў канцы навучальнага года на метадычным фарміраванні. Просім педагогаў запісаць ад трох да пяці праблем, звязаных з прафесійнай дзейнасцю. Затым усе разам абмяркоўваем гэтыя праблемы і вылучаем некалькі праблем агульных для ўсіх. Праводзіцца агульнае абмеркаванне, па магчымасці шукаем шляхі вырашэння вызначаных пытанняў. Работу на новы навучальны год плануем зыходзячы з наяўных цяжкасцей.

Зваротную сувязь з педагогамі ажыццяўляем і пры правядзенні мерапрыемстваў (перад пачаткам і пасля іх заканчэння просім удзельнікаў запоўніць анкету). Вынікі анкетавання дазваляюць вызначыць ступень эфектыўнасці гэтай работы. Так, напрыклад, пытанне ўваходнай анкеты гучыць так: “Што вы чакаеце ад гэтага мерапрыемства?”. Потым глядзім, што атрымліваецца ў выніковых анкетах, з якіх бачна эфектыўнасць такой формы работы: ці апраўдаліся чаканні, чым дапамагло гэтае мерапрыемства. Пры планаванні дзейнасці метадычнага кабінета ўлічваем практычна ўсе пажаданні педагогаў.

— Якая метадычная дапамога патрэбна настаўнікам у першую чаргу?

— Многія педагогі адчуваюць пэўныя цяжкасці ў пытаннях распрацоўкі ўласных электронных рэсурсаў пры апісанні вопыту работы ўласнай педагагічнай дзейнасці, ёсць некаторыя цяжкасці пры самааналізе ўрокаў. Каб дапамагчы вырашыць праблемныя пытанні, мы арганізуем курсы метадыстаў Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі на базе навучальных устаноў раёна. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе мы правялі 9 выязных тэматычных курсаў.

Акрамя таго, нашы настаўнікі і прадстаўнікі адміністрацый навучальных устаноў вучацца на курсах, прымаюць удзел у семінарах, якія арганізуюцца як на абласным, так і рэспубліканскім узроўні. Тут мы цесна супрацоўнічаем з абласным ІРА і Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі. Прымаем удзел у анлайн-канферэнцыях і конкурсах. Усе мы хочам, каб нашы дзеці атрымлівалі якасную і актуальную адукацыю, а для гэтага патрэбны высокакваліфікаваныя настаўнікі. Каб падтрымліваць сваю кваліфікацыю, трэба пастаянна вучыцца нечаму новаму.

— А што ўключае ў сябе работа з маладымі педагогамі?

— У рабоце з маладымі спецыялістамі стараемся стварыць умовы для ўключэння іх у адукацыйны працэс, спрыяць іх паспяховай прафесійнай адаптацыі, развіваць прафесійны патэнцыял. За маладымі спецыялістамі замацоўваем вопытных педагогаў.

У раёне працуе школа маладога настаўніка “Першыя крокі”. Дзейнасць гэтага фарміравання плануецца на аснове дыягностыкі прафесійнага ўзроўню настаўнікаў-пачаткоўцаў, іх запытаў і патрэб. Дыягностыка праводзіцца на пачатку навучальнага года і ў канцы. Гэта дае магчымасць убачыць падрыхтаванасць маладых педагогаў да прафесіі, эвалюцыю іх уяўленняў аб настаўніцкай працы. На навучальны год плануецца правядзенне 4 пасяджэнняў школы маладога настаўніка. Формы правядзення разнастайныя: інструктыўна-метадычная нарада, семінар-практыкум, круглы стол, трэнінг і інш. Напрыклад, у кастрычніку мы праводзім семінар-практыкум па тэме “Асаблівасці традыцыйнага і асобасна арыентаванага навучання”. На гэтым мерапрыемстве запланавана наведванне вучэбных заняткаў у вопытных і ўжо дасведчаных калег, работа ў групах, трэнінг “Асобасна арыентаваны падыход на ўроках”.

У рамках работы школы маладога настаўніка з мэтай абмену вопытам, новымі прыёмамі, ідэямі штогод у красавіку праводзіцца фестываль адкрытых урокаў пачынаючых настаўнікаў. Маладыя спецыялісты — актыўныя ўдзельнікі конкурсаў прафесійнага майстэрства, канферэнцый, алімпіяд рознага ўзроўню. Так, напрыклад, малады настаўнік гісторыі Двіжкаўскай базавай школы Ельскага раёна Уладзімір Віктаравіч Манш заваяваў дыплом пераможцы Міжнароднага педагагічнага марафону “Прафесіяналізм і лідарства маладых педагогаў”.

Выхавальніца ясляў-сада № 1 Ельска Таццяна Дзмітрыеўна Назарчук стала прызёрам абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017”.

— Наколькі актыўна ўстановы адукацыі раёна ўключаны ў інавацыйную дзейнасць?

— У 5 установах дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі раёна ў гэтым навучальным годзе рэалізуюцца інавацыйныя і эксперыментальныя праекты Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У мінулым навучальным годзе завяршылі сваю работу па рэалізацыі інавацыйных праектаў Ельская раённая гімназія і Зашырская сярэдняя школа. Ельскай раённай гімназіяй распрацаваны новы інавацыйны праект на 2018—2021 гады “Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у полікультурнай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”. У Зашырскім яслях-садзе будзе рэалізаваны эксперыментальны праект “Апрабацыя праграмна-метадычнага забеспячэння даследчай дзейнасці ва ўмовах пераемнасці дашкольнай адукацыі і першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.

— Важным напрамкам у дзейнасці ўстаноў адукацыі з’яўляецца развіццё кампетэнтнасці педагогаў у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, стварэнне інфармацыйнай прасторы, выкарыстанне ІКТ у адукацыйным працэсе і ў кіраванні. Як развіваеце гэты напрамак?

— Сапраўды, гэта вельмі важна. Каб стварыць умовы, якія стымулююць развіццё прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, у раёне працуюць 8 раённых рэсурсных цэнтраў інфармацыйных тэхналогій па розных напрамках работы. Існуюць пералікі інфармацыйных рэсурсаў.

У рамках работы рэсурсных цэнтраў педагогі дзеляцца вопытам сваёй дзейнасці. Праводзяцца семінары-практыкумы, майстар-класы, групавыя і індывідуальныя кансультацыі. Усе ўстановы адукацыі раёна маюць сайты, што дазваляе наладзіць інтэрактыўную сувязь паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу.

Шырока ўжываюцца формы сеткавай актыўнасці: удзел у вэбінарах, вывучэнне інавацыйнага вопыту ў інтэрнэце, анлайн-зносіны на форумах. Актыўна ўдзельнічаем у дыстанцыйных курсах павышэння кваліфікацыі. Метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Ірына Міхайлаўна Каленчук прымала ўдзел у рэспубліканскім вэб-квесце “Пяць крокаў да метадычнай кампетэнтнасці” і была ўдастоена дыплома III ступені.

Інфармацыйныя тэхналогіі прадастаўляюць і новыя магчымасці для трансляцыі эфектыўнага педагагічнага вопыту. Так, на сайце нашага аддзела адукацыі ў рубрыцы “Рэсурсныя цэнтры” можна пазнаёміцца з інфармацыяй аб інфармацыйных рэсурсах і з вопытам педагогаў.

— Ганна Адамаўна, перадавая метадычная служба ў раёне — гэта ў тым ліку і перадавыя настаўнікі. Не сумняваюся, што іх у Ельскім раёне багата.

— Канечне, у нас многа добрых педагогаў. У прыватнасці, 4 настаўнікі ў мінулым навучальным годзе сталі пераможцамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства. 62 педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай і дашкольнай адукацыі трансліравалі свой вопыт работы на абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. 5 работ апублікавана ў навукова-метадычных часопісах і газетных выданнях. 48 педагогаў сталі ўдзельнікамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных анлайн-канферэнцый, семінараў.

У намесніка дырэктара па асноўнай дзейнасці Рамязоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Ельскага раёна Людмілы Фадзееўны Трошка дыплом III ступені і сертыфікат на суму 30 тысяч рублёў за ўдзел у абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон 2017”, намінацыя “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння”, дыплом II ступені за перамогу ў 17-й Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення!”.

У намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Двіжкаўскай базавай школы Ельскага раёна Аксаны Мікалаеўны Яцухна ў багажы дыплом I ступені за перамогу ў 17-й Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення!”, дыплом I ступені за перамогу ў абласным этапе рэспубліканскага фестывалю “Лета — пара спартыўная” ў намінацыі “Лета культуры і спорту для моладзі”; дыплом I ступені за перамогу ў абласным конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня.
Педагог дадатковай адукацыі Ельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі кіраўнік вакальнага ансамбля “Рэха” Юлія Юр’еўна Дударава разам са сваімі падапечнымі толькі за некалькі месяцаў 2018 года атрымалі дыплом лаўрэата I ступені і сталі пераможцамі XVII Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў “Каложскі звон”, дыплом лаўрэата II ступені Рэспубліканскага конкурсу харавой творчасці “Спяваем разам”; гран-пры XVI Маскоўскага міжнароднага дзіцяча-юнацкага музычнага фэсту “Гучыць Масква”.

Навучэнец Юліі Дзмітрыеўны Новак, настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Ельскай раённай гімназіі, Мікалай Паўлаў, які вучыцца ў 10 класе, стаў абсалютным пераможцам Рэспубліканскага тэлевізійнага праекта “Я ведаю!”.

Педагагічны калектыў ясляў-сада № 1 Ельска атрымаў дыплом I ступені ў абласным конкурсе “Бяспечнае дзяцінства”; гран-пры Рэспубліканскага фестывалю сярод устаноў дашкольнай адукацыі “Бяспечнае дзяцінства — 2016”, дыпломы I ступені абласнога і рэспубліканскага этапаў конкурсу даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык”.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.