Гарачыя дні ў Абу-Дабі

- 15:14World Skills

Беларуская каманда возьме ўдзел у чэмпіянаце WorldSkills Asia — Abu Dhabi — 2018, які пачнецца ў сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў ужо ў аўторак.Фота да матэрыяла: Гарачыя дні ў Абу-Дабі.Маладыя спецыялісты прадпрыемстваў і навучэнцы ўстаноў адукацыі Беларусі пакажуць сваё майстэрства ў 8 прафесійных кампетэнцыях: “Вэб-дызайн і распрацоўка”, “Графічны дызайн”, “Інжынерны дызайн CAD”, “Праграмныя рашэнні для бізнесу”, “Сеткавае і сістэмнае кіраванне”, “Электрамантажныя работы”, “Электроніка”, “Зварачныя работы”. Гэтыя кампетэнцыі выбраны невыпадкова: яны вельмі важныя для Беларусі як ІТ-краіны і ўвогуле для сусветнай эканомікі. Удзел у такіх маштабных спаборніцтвах — унікальная магчымасць абагаціцца новымі ведамі, зразумець, як развіваецца тая ці іншая галіна, выявіць сваё месца ў рэйтынгу прафесіяналаў і знайсці кропкі росту.

У беларускіх канкурсантаў будуць вельмі моцныя канкурэнты з такіх высокатэхналагічных краін як Паўднёвая Карэя, Японія, Кітайскі Тайбэй, Германія, ЗША і інш. Таму не толькі перамога, але і ўдзел у спаборніцтве — гэта каласальны вопыт для навучэнцаў устаноў адукацыі і маладых спецыялістаў.

Разам з канкурсантамі ў Абу-Дабі накіраваліся і 8 беларускіх экспертаў. Гэта вопытныя прафесіяналы, якія падтрымліваюць дзелавыя сувязі з калегамі ва ўсім свеце, разумеюць працэсы, што адбываюцца ў адпаведных галінах, ведаюць стандарты прафесійнай падрыхтоўкі, і іх меркаванне мае каштоўнасць у прафесійнай супольнасці.

“Удзел у WorldSkills дае нам выдатную магчымасць убачыць сусветныя тэндэнцыі ў галіне вэб-тэхналогій, сучасныя патрабаванні, а таксама павысіць кваліфікацыю”, — адзначыла эксперт у кампетэнцыі “Вэб-дызайн і распрацоўка” старшы выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Вольга Рабычына. На пытанне, чаго беларускія ўдзельнікі чакаюць ад конкурсу, Вольга Пятроўна адказала: “Атрымання новых ведаў, вопыту і, канечне, перамогі!”

Галіна СІДАРОВІЧ.