Гартаючы старонкі старажытнай Бібліі

- 12:29Культура

У Нацыянальнай бібліятэцы ў межах выставы “Беларусь і Біблія” адбыўся міжнародны круглы стол. Яго арганізатарамі сумесна з галоўнай бібліятэкай краіны выступілі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Група даследавання рукапісаў (ЗША).

Ключавыя аспекты размовы акрэсліваліся паступова на працягу ўсёй сустрэчы. У праблемнае поле ўвайшлі пытанні ўплыву Бібліі на культуру і філасофскую думку Беларусі ў розныя перыяды, распаўсюджвання Бібліі ў нашай краіне на працягу XIX — пачатку XXI стст., запатрабаванасці Святога Пісання на нацыянальнай мове, а таксама тэмы “Біблейскія выданні ў ВКЛ XVI—XVIII стст.” і “Біблія ў сучаснай беларускай культурнай прасторы”.

— Выстава стала вялікай падзеяй. Дзякуючы ёй, прасочваецца роля Бібліі ў жыцці продкаў беларусаў, культуры краіны. Спадзяёмся, што ў ходзе круглага стала вызначацца магчымыя кірункі для даследчай дзейнасці навукоўцаў, калег з устаноў адукацыі, культуры і рэлігіі, — выказаў надзею намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша. — Біблія была ля вытокаў беларускай кніжнасці, пісьмовай і друкаванай традыцыі. Таму зусім не дзіўна, што самыя вядомыя старажытныя рукапісы беларускага паходжання — біблейскія.

Алесь Суша заўважыў, што зараз часта друкуюцца факсімільныя выданні кніг, ідзе работа па іх даследаванні. Ён падкрэсліў, што зразумець і выказаць, навошта ўсё гэта грамадству і які ўклад робіцца гэтым у сучасную кніжную спадчыну, дапамогуць удзельнікі сустрэчы.

Дырэктар Групы даследавання рукапісаў Скот Кэрал адзначыў, што быў прыемна здзіўлены рэакцыяй людзей на выставу, рады, што сюды прыязджаюць не толькі з усіх куткоў Беларусі, але і з замежжа.

— На жаль, я мала ведаю пра Біблію беларусаў. Таму буду рады ўдзельнічаць у гэтым пасяджэнні не толькі ў якасці спецыяліста, але і як студэнт. Гэта дапаможа больш даведацца пра вашу гісторыю. Мяне цікавяць як моўныя аспекты, так і самі тэксты, што выкарыстоўваюцца для перакладу Бібліі. Пытанні, якія ўзнімаюцца намі сёння, будуць актуальны для любога народа ў іншых краінах, — падзяліўся даследчык.

Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алена Філатава звярнула ўвагу прысутных, што ў савецкія часы пазнаёміцца са Святым Пісаннем хоць у нейкай ступені можна было толькі на занятках па атэізме і толькі з нейкай нагоды.

— Нам, студэнтам гістфака, пашанцавала, бо наш выкладчык часам чытаў нам урыўкі са Старога Запавету. Як Стары, так і Новы Запавет у той гістарычны перыяд “растварыліся” ў класічнай літаратуры свету, што вельмі ўражвала.

Галоўны архівіст Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Людміла Іванова звярнулася да часоў ВКЛ, расказала, што заслуга Рэфармацыі заключаецца ў распаўсюджванні Бібліі на нацыянальных мовах.

— У XVI стагоддзі кніга ўвайшла ў жыццё ВКЛ, у мовы іншых дзяржаў. Тады нават людзі, якія былі далёка ад Бога, цытавалі Біблію, самі таго не ведаючы. Цяпер жа ў Беларусі такога няма, — зрабіла выснову архівіст.

Біблеіст доктар тэалогіі Ірына Дубянецкая расказала пра ўплыў XVI стагоддзя на беларускую культуру і кніжную спадчыну, пазнаёміла прысутных з друкарскімі традыцыямі англійскай, чэшскай, нямецкай культур.

— Калі гаварыць, што беларуская Біблія Скарыны была чацвёртым перакладам на нацыянальную мову (пасля італьянскага, чэшскага і нямецкага), трэба разумець, што іх усяго было чатыры. Францыск Скарына зрабіў тады неверагоднае, амаль немагчымае. Ён апярэджваў свой час, і час краіны, для якой ён працаваў, не паспяваў за ім, — лічыць Ірына Дубянецкая.

Перакладчык Бібліі на беларускую мову Антоній Бокун заўважыў, што Францыска Скарыну звычайна прынята называць найперш асветнікам і першадрукаром, а тое, што ён перакладчык Слова Божага, адыходзіць на другі план. Антоній Бокун перакананы, што грамадства павінна імкнуцца да таго, каб бачыць уплыў Бібліі не толькі на класічную літаратуру мінулых стагоддзяў, але і на сучасную літаратуру і культуру.

— Пасля Бібліі Францыска Скарыны наступны прызнаны яе пераклад з’явіўся праз дастаткова працяглы час, — нагадаў Алесь Суша. — Адсюль напрошваецца пытанне аб запатрабаванасці тэкстаў на беларускай мове.

Адказ на яго паспрабавала даць Ірына Дубянецкая:

— У XVIII—XIX стст. беларуская мова прыгняталася, хоць сведчанняў пра яе дакументальную забарону мы не маем. Што ўжо гаварыць пра Свяшчэннае Пісанне на ёй! А ХХ стагоддзе аб’яднала ў сабе вялікую колькасць спроб перакласці Біблію на нацыянальную мову. Вялікай праблемай у гэтым кірунку стала раздзяленне Беларусі на Заходнюю і Усходнюю, паколькі ў першай былі пытанні з перакладам, а ў другой — з наяўнасцю Божага Слова. Гэтая эпоха ў многім гераічная, таму што перакладчыкаў і выдаўцоў пры выкрыцці чакала пакаранне. Ды і па выхадзе ў ЗША Бібліі на беларускай мове (1973 г.) пераправіць яе ў нашу краіну ў той час было праблематычна, амаль немагчыма. У грамадства была вялікая патрэба ў Кнізе, але малыя магчымасці. Сёння з “Новай зямлёй” Якуба Коласа знаёмы ўсе, але мала хто ведае, што назва твора — гэта алюзія з Бібліі. Любая культура інтэгруецца ў сусветную цывілізацыю настолькі, наколькі засвойвае Свяшчэннае Пісанне.

— Зараз знайсці Біблію не праблема і ў друкаванай форме, і ў электроннай. Чаму ж тады да яе рэдка звяртаюцца ці не звяртаюцца ўвогуле? — прагучала адно з самых важных пытанняў. Аднак на гэта адказала Кніга, дзеля якой і сабраліся прысутныя:

“Да не отходит сия книга закона от уст твоих; но поучайся в ней день и ночь, дабы в точности исполнять все, что в ней написано: тогда ты будешь успешен в путях твоих и будешь поступать благоразумно”.

Своеасаблівы працяг круглага стала — наведванне выставы з такой жа назвай — “Беларусь і Біблія”. Экскурсаводам па свеце ўнікальных фаліянтаў быў дырэктар Групы даследавання рукапісаў Скот Кэрал. Наведвальнікі змаглі атрымаць адказы на пытанні з першых вуснаў.

Нягледзячы на будны дзень, людзей у выставачнай зале сабралася нямала. І гэта зусім не дзіўна, бо ўпершыню ў межах адной выставы ў Беларусі дэманструюць рарытэты, узрост якіх дасягае 5 тысяч гадоў. У склад экспазіцыі ўвайшлі 200 унікальных рукапісных і старадрукаваных помнікаў кніжнай культуры, якія адлюстроўваюць гісторыю стварэння, распаўсюджвання і захоўвання Бібліі. Геаграфія экспанатаў, дастаўленых у Нацыянальную бібліятэку, вельмі шырокая — фонды і прыватныя калекцыі ЗША, Вялікабрытаніі, Ізраіля, Карэі і іншых краін сабраліся тут у адну.

У экспазіцыі можна ўбачыць арыгіналы і копіі скруткаў Мёртвага мора, біблейскіх рукапісных тэкстаў на папірусе і пергаменце, манускрыптаў, кнігі Іаана Гутэнберга, Марціна Лютэра і Францыска Скарыны, а таксама ілюстраваныя асобнікі Свяшчэннага Пісання (сярод іх дапытлівы глядач можа знайсці выданні з гравюрамі Альбрэхта Дзюрэра і Сальвадора Далі).

Гэтую выставу будзе карысна наведаць як школьнікам і студэнтам, так і выкладчыкам і навукоўцам, паколькі ў першым выпадку экспанаты часта адсылаюць да гісторыі і літаратуры, у другім — даюць глебу для даследаванняў. Так, дзеці адкрыюць для сябе кніжную спадчыну Францыска Скарыны, яго “Біблію руску” і іншыя тры пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы, акунуцца ў свет “Іліяды” Гамера (папірус на грэчаскай мове, напісаны да нашай эры). А дарослым адкрыюцца скруткі Мёртвага мора (2 тысячы гадоў), якія захоўваюць самыя раннія тэксты большасці кніг Старога Запавету, найстаражытнейшыя фрагменты Новага Запавету (ІІ—ІІІ стст. н.э.) і біблейскія рукапісы на старажытных мовах — грэчаскай, лацінскай, копцкай, самарыцянскай, армянскай.

Трэба адзначыць, што скруткі Мёртвага мора не толькі самыя старажытныя на выставе, але і шматлікія. Па словах Скота Кэрала, большая частка з іх была знойдзена ў адным месцы. Спецыяліст расказаў, што, як правіла, старажытныя тэксты захоўваліся ў медальёнах памерлых, пад вокладкамі кніг, на муміях і нават пад іншымі тэкстамі. Апошняе даследчык патлумачыў вялікім коштам пергаменту. Ён расказаў, як з экспаната “здымаюцца” абодва тэксты і як яны ідэнтыфікуюцца, прадэманстраваў апошнія знаходкі яго каманды.

Для наведвальнікаў экспазіцыі выстава крок за крокам адкрывае новыя веды. Студэнты БДУ расказалі, што іх уразіла тэхніка выканання рукапісных твораў, рэдагаванне перапісчыкамі напісання літар у іх, спосабы выкарыстання і захоўвання Божага Слова ў іншых культурах (Тора) і якасць выканання гравюр на старадруках свету.

— Нечаканым сюрпрызам стала Біблія на кітайскай мове. Вядома, цікава было назіраць за рукапіснымі тэкстамі розных краін, але менавіта гэты рукапіс пакінуў вялікае ўражанне. Асалоду атрымалі ад знаёмства з кніжным зборам Францыска Скарыны, пра які расказала Ірына Дубянецкая. Мы адкрылі гісторыю беларускай Бібліі, пазнаёміліся з іншым Скарынам, і, канечне ж, зрабілі новыя высновы пра ролю першадрукара і перакладчыка для Беларусі. Адна справа — слухаць пра яго на занятках, іншая — бачыць на ўласныя вочы, — падзяліліся студэнткі БДУ.

Увага! Выстава “Беларусь і Біблія” праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы да 21 кастрычніка.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.