Гэта трэба жывым…

- 11:21Нам пішуць

Памяць. Абавязак. Гэта не проста словы для вучняў Ярэміцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, што на Карэліччыне Гродзенскай вобласці. Ярэміччына — партызанскі край. Тут у гады вайны дзейнічала шэсць партызанскіх брыгад. Маладыя і пажылыя мужчыны з усіх навакольных вёсак сталі партызанамі. А фашысты, каб задушыць барацьбу, знішчалі мірнае насельніцтва, расстрэльвалі, спальвалі жывымі жыхароў вёсак, партызанскія сем’і.

Дзяржава ўвекавечыла памяць загінуўшых. Сёння на месцы, дзе прынялі пакутніцкую смерць вяскоўцы, стаяць помнікі, а ў Сіняўскай Слабадзе знаходзяцца вайсковыя могілкі. І ні адзін з помнікаў не застаецца без увагі дзяцей і настаўнікаў. Штогод вясной, летам, восенню дзеці даглядаюць месцы пахаванняў, помнікі, абеліскі. Кожны год 9 Мая ў адной з вёсак праходзіць жалобны мітынг, а сёлета арганізавана сумесная акцыя “Ад помніка да помніка” ўстановы адукацыі, СВК імя Царука, Ярэміцкага сельвыканкама і сельскага Дома культуры. Лядкі, Пагарэлка, Новае Сяло, хутар Карніцкіх, Ярэмічы, Сіняўская Слабада, Рудзьма, Чорнае — дарослыя і дзеці наведалі кожны помнік, усклалі кветкі, схілілі галовы перад памяццю загінуўшых. Акцыя завяршылася мітынгам на вайсковых могілках у Сіняўскай Слабадзе.

Людміла ТАРАСЕВІЧ,
Ярэміцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа.