Гімназічны “Эверэст”

- 14:56Навіны рэгіёнаў

Лабараторыя даследаванняў, цэнтр маладзёжнага развіцця — структуры, створаныя ў гімназіі № 1 Дзятлава, накіраваныя на развіццё ў навучэнцаў даследчых кампетэнцый. Гэтаму таксама садзейнічае інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове духоўнай і культурнай спадчыны”, які з 2016 года рэалізуецца ў гімназіі. Пра праект, мэты, якія ставяцца пры яго ажыццяўленні, расказвае намеснік дырэктара Н.П.Клімец.

— Працэс фарміравання даследчых кампетэнцый навучэнцаў павінен прадстаўляць сабой прадуманую, мэтанакіраваную, калектыўную сістэму, якая працуе ў кантэксце супрацоўніцтва дзяцей і дарослых, уключае розныя формы ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці, — гаворыць Наталля Паўлаўна. — Менавіта такую сістэму работы мы ствараем у гімназіі. Даследчая дзейнасць на ўроках ажыццяўляецца праз выкананне навучальных даследчых задач з загадзя невядомым рашэннем, накіраваных на стварэнне ўяўленняў аб аб’екце або з’яве навакольнага свету.

На ІІ ступені навучання фарміруецца здольнасць займаць даследчую пазіцыю, самастойна ставіць і дасягаць мэты на аснове прымянення элементаў даследчай дзейнасці ў рамках прадметаў вучэбнага плана. На ІІІ ступені развіваюцца даследчыя кампетэнцыі і перадпрафесійныя навыкі як аснова профільнага навучання.

Асаблівая ўвага надаецца пазакласнай рабоце. Другі год у гімназіі дзейнічае інтэлектуальнае аб’яднанне навучэнцаў і настаўнікаў “Дзятлаўшчына: мінулае і сучаснасць”. Работа вядзецца ў трох сектарах.

Сектар краязнаўчых даследаванняў “Дзятлаўшчына вачыма сучасніка” мае шырокую скіраванасць: экалогія, эканоміка, тапаніміка, культура, рэлігія, этнаграфія раёна. У асноўным тут задзейнічаны навучэнцы 9—11 класаў. У скарбонцы гімназіі — дыпломы навукова-практычных канферэнцый і конкурсаў даследчых работ навучэнцаў раённага, абласнога і міжнароднага ўзроўняў.

Даследчая работа Яўгена Лявончыка па тэме “Дзятлаўшчына ў люстэрку дэмаграфічных працэсаў” адзначана дыпломам ІІІ ступені ХІ Міжнароднай навукова-даследчай канферэнцыі маладых даследчыкаў “Адукацыя. Навука. Прафесія”, якая праходзіла ў студзені мінулага года ў Самары (Расійская Федэрацыя). Работы навучэнцаў адзначаны дыпломамі на IX Абласным конкурсе работ даследчага характару “Хрустальная Альфа” (тры дыпломы III ступені), абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскi” (тры дыпломы II ступені і адзін дыплом III ступені), VІІ раённай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Старт у навуку” (адзін дыплом I ступені, тры дыпломы II ступені, адзін дыплом III ступені).

Удзельнікі даследчага сектара збіраюць матэрыялы для пашырэння экспазіцыі гімназічнага музея “Гісторыя і культура народаў Дзятлаўшчыны”. Бюро экскурсаводаў рыхтуе навучэнцаў для правядзення экскурсій, клуб “Пошук” каардынуе дзейнасць класных пошукавых атрадаў.

У мінулым навучальным годзе рэалізаваны інтэрнэт-праект “Святыні малой радзімы”, галоўнай мэтай якога стала фарміраванне ўяўлення аб духоўнай культуры сваёй малой радзімы і выхаванне павагі да культурнай спадчыны. У цяперашні час рэалізуецца праект “Легенды і паданні Дзятлаўшчыны”. У стадыі распрацоўкі знаходзяцца інтэрнэт-праекты “Турысцкімі маршрутамі Дзятлаўшчыны” і “Славутыя людзі зямлі дзятлаўскай”.

За папярэднія гады назапашаны багаты краязнаўчы матэрыял, які патрабуе абагульнення і сістэматызацыі — да заканчэння рэалізацыі інавацыйнага праекта запланавана стварыць электронную энцыклапедыю Дзятлаўскага раёна.

Другі сектар — навуковае таварыства вучняў “Эверэст”, дзейнасць якога накіравана на развіццё пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў і павышэнне іх матывацыі да вывучэння прадметаў. Работа ў гэтым кірунку вядзецца настаўнікамі-прадметнікамі па секцыях і ажыццяўляецца з дапамогай уключэння навучэнцаў у актыўную пазакласную дзейнасць: конкурсы, фестывалі, прадметныя тыдні.

Асабліва актыўна пазакласную работу па прадмеце вядуць настаўнікі матэматыкі. Выніковым з’яўляецца штогадовы ўдзел навучэнцаў гімназіі ў дыстанцыйнай алімпіядзе па матэматыцы школы дакладных навук сярод вучняў 5—7 класаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У агульным заліку за апошнія 5 гадоў — 11 дыпломаў. Навучэнцы гімназіі адзначаны дыпломамі III і II ступені ў інтэлектуальным марафоне па матэматыцы “Школа геніяў”. Навучэнка 11 класа Марыя Каско была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені на VI адкрытай рэгіянальнай алімпіядзе па журналістыцы “Медыя і Я — 2017”.

На працягу апошніх двух гадоў на трэцім і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах нашы гімназісты стабільна маюць па 3 і 2 дыпломы адпаведна — Марыя Каско па беларускай мове (настаўніца І.У.Ванчук) і Ілья Угрын па матэматыцы (настаўніца Г.С.Урбановіч). У бягучым навучальным годзе алімп 3-га этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Грамадазнаўства” скарыўся Яўгеніі Лявончык (настаўніца А.В.Радомская).

У гэтым навучальным годзе педагогамі сумесна з цэнтрам маладзёжнага развіцця распрацаваны інтэрнэт-праект “Інтэлектуальны марафон — 2018” з прыцягненнем навучэнцаў школ горада і раёна (арганізацыя гімназічнай дыстанцыйнай алімпіяды, чытанняў па прадметах і г.д.). Праект уключыў у сябе прадметныя тыдні, якія па традыцыі завяршаюцца маштабным раённым мерапрыемствам з запрашэннем дзеячаў навукі, культуры, знакамітых землякоў. З поспехам на базе гімназіі ўжо прайшлі дні гісторыка і краязнаўца, філолага і літаратуразнаўца, матэматыка. Наперадзе навучэнцаў чакаюць не менш насычаныя дні хіміка, эколага, беларускага філолага. Заключным этапам рэалізацыі праекта стане конкурс “Інтэлектуал года — 2018”, які адбудзецца ў маі.

Школа самаразвіцця (трэці сектар) ажыццяўляе сваю дзейнасць праз функцыянаванне “Лабараторыі даследаванняў”, клуба “Што? Дзе? Калі?”, цэнтра маладзёжнага развіцця. “Лабараторыя даследаванняў” заклікана фарміраваць і развіваць даследчыя кампетэнцыі навучэнцаў, прычым асноўны ўпор робіцца на вучняў 5—8 класаў. Работа вядзецца настаўнікамі-прадметнікамі ў некалькіх кірунках. Па-першае, на вучэбных занятках па прадметах дзеці вучацца ставіць мэты і задачы, вылучаць гіпотэзы і даказваць іх, адбіраць і аналізаваць інфармацыю, выбіраць метады і прыёмы правядзення даследавання. Па-другое, на занятках “Лабараторыі даследаванняў” навучэнцы авалодваюць алгарытмамі апісання розных аб’ектаў, гістарычных падзей і асоб і г.д. Настаўнікамі распрацаваны сцэнарыі правядзення заняткаў (на сайце газеты можна азнаёміцца з заняткамі “Лабараторыі даследаванняў” па тэме “Аналіз аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны”, які распрацавала настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Алена Радомская).

Заняткі клуба “Што? Дзе? Калі?” праводзяцца штотыдзень, адзін раз у месяц — групавыя гульні. Стала традыцыйным правядзенне гульняў з удзелам бацькоў і настаўнікаў.

Работа цэнтра маладзёжнага развіцця накіравана на фарміраванне і ўдасканаленне камунікатыўных кампетэнцый, на паспяховую сацыялізацыю асобы праз ажыццяўленне сацыяльных праектаў маладзёжнага супрацоўніцтва, дзейнасць дыскусійнага клуба “Мой погляд на свет”.

У гімназіі за апошнія два гады рэалізаваны праекты “Школа энергаберажлівасці для пажылых людзей”, “Зберажом Зямлю для нашчадкаў”, “У свеце школьнага музея”, інтэрнэт-праекты “Святыні малой радзімы” і “У суботні вечар”. Галоўнымі ініцыятарамі праектаў сацыяльнай накіраванасці выступае вучнёўскае самакіраванне на чале з прэзідэнтам гімназіі і яго камандай.

Пасяджэнні дыскусійнага клуба “Мой погляд на свет” праходзяць чатыры разы на год на канікулах і тычацца такіх актуальных тэм, як міжнародныя адносіны, дэмаграфічная палітыка краіны, экалагічныя праблемы сучаснасці. У ходзе дыскусіі гімназісты вучацца выказваць свой пункт гледжання і аргументаваць яго, адстойваць сваю пазіцыю. Гэтаму мы і хочам іх навучыць.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.