Гімназія ўстойлівага развіцця

- 12:42Людзі адукацыі

“Сучасная гімназія № 19 Мінска — утульны дом, які стварылі яе настаўнікі, навучэнцы, іх бацькі, выпускнікі, партнёры ўстановы. Гэты дом, нібы па цаглінцы, складваўся з лепшых якасцей, талентаў, спраў і стараннасці кожнага, хто вучыўся або вучыў, прыўносіў нешта сваё, непаўторнае, асабістае”, — гаворыць дырэктар гімназіі Анатоль Уладзіміравіч Мураўёў, выдатнік адукацыі, мінчанін года — 2004, ганаровы эколаг Рэспублікі Беларусь, які на працягу 24 гадоў знаходзіцца на чале ўсіх пераўтварэнняў, што адбываюцца ў гэтай установе.

За важкі ўклад у справу аховы прыроды і прапаганды экалагічных ведаў установа неаднойчы адзначалася дыпломамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Прадметна-развіццёвае і адукацыйнае асяроддзе гімназіі паспяхова праходзіць сертыфікацыю на адпаведнасць патрабаванням сістэмы экалагічнага менеджменту.

— Анатоль Уладзіміравіч, што вас натхніла на выбар педагагічнай прафесіі?

— Выхоўваўся я ў мнагадзетнай сям’і: у бацькоў было пяцёра сыноў. З-за жыццёвых акалічнасцей мне давялося прыкладаць шмат намаганняў для таго, каб выбіцца ў лю-дзі, перш за ўсё добра вучыцца. Прафесія педагога заўсёды прыцягвала мяне. Разважаючы ў сачыненні аб сваім будучым прызначэнні, у 8 класе я напісаў, што хачу быць настаўнікам, таму што ён аказвае вялікі ўплыў на дзяцей. Менавіта ад педагогаў залежыць будучыня краіны. У 9—10 класах хацеў стаць урачом, таму што ён можа вяртаць людзям здароўе. Гэтаму паспрыялі і поспехі ў хіміі і біялогіі. А ў выніку паступіў на факультэт прыродазнаўства цяперашняга БДПУ імя Максіма Танка.

Першае месца маёй работы — сярэдняя школа № 136 Мінска, дзе выкладаў хімію. Як маладому спецыялісту мне давялося адразу ж пераступіць парог 11 класа, ды яшчэ стаць класным кіраўніком выпускнога класа. Але з цеплынёй успамінаю той час. З некаторымі навучэнцамі першага выпуску дагэтуль падтрымліваю добрыя адносіны. У гэтай жа школе працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а ў 1995 годзе ўзначаліў сярэднюю школу № 113 Мінска, якая ў 2006 годзе атрымала статус гімназіі № 19. На момант атрымання дырэктарскай пасады мне было 29 гадоў. Не разбураючы станоўчыя напрацоўкі, якія існавалі ў школе, я ўзяўся за пабудову ўласнай адукацыйнай стратэгіі, за стварэнне праграмы развіцця ўстановы. Адначасова займаўся фарміраваннем станоўчага іміджу школы, вырашаў тактычныя пытанні і працаваў на перспектыву.

— Якіх прынцыпаў у рабоце як кіраўнік вы прытрымліваецеся?

— Кіраўніцкая дзейнасць вельмі спецыфічная, яна патрабуе праяўлення моцнага характару, асобасных якасцей, спецыяльных прафесійных навыкаў. У сістэме адукацыі лепшы кіраўнік — гэта настаўнік настаўнікаў. Дырэктар павінен быць прыкладам для іншых у рабоце, паводзінах, асобасным і прафесійным самаўдасканаленні — усё гэта павялічвае крэдыт яго даверу. Да кіраўніцкай пасады можна прыйсці паступова, па прыступках кар’ернай лесвіцы. Але гэтага, лічу, недастаткова. Да такой работы трэба мець здольнасці і рыхтавацца загадзя. У плане прафесійнага станаўлення ў свой час мне шмат далі курсы маладых кіраўнікоў Юрыя Загумённага.

Добраму кіраўніку даводзіцца прымаць на сябе па меншай меры чатыры ролі: чалавека думкі, чалавека дзеяння, чалавека публікі, чалавека, які разбіраецца ў людзях. Свае прынцыпы работы магу сфармуляваць наступным чынам: думай глабальна — дзейнічай лакальна; вучыся радасці; умей бачыць толькі добрае і прыгожае; вучыся быць шчодрым, перадавай энергетыку свайго аптымізму блізкім; хвалі іншых, а прэтэнзіі прад’яўляй да сябе.

— Як складвалася сістэма навучання і выхавання ў падначаленай вам установе?

— Сістэма адукацыі ва ўстанове была закладзена намаганнямі дырэктараў, якія ўзначальвалі яе з 1968 года, і настаўнікаў, якія працавалі ў ёй з дня адкрыцця. У канцы 80-х гадоў тут дзейнічалі класы з паглыбленым вывучэннем хіміі і біялогіі, хіміка-экалагічнага профілю. Папулярнымі ў той час былі працоўныя брыгады, правядзенне акцый па пасадцы дрэў. У 1997 годзе ўстанове быў прысвоены статус школы з экалагічным ухілам, тут адкрыліся класы радыёэкалагічнага (з 1999 года — ліцэйскія класы экалагічнага профілю пры МДЭУ імя А.Д.Сахарава.), эколага-лінгвістычнага, эколага-тэхналагічнага, эколага-інфармацыйнага профіляў. Супрацоўніцтва па пытаннях развіцця экалагічнай адукацыі было наладжана з адукацыйнымі ўстановамі Расii, Літвы, Японіі, Нідэрландаў. У школе з’явіліся вучэбна-кансультацыйны цэнтр па экалагічнай адукацыі і выхаванні, прыродны сад на прышкольнай тэрыторыі, экспазiцыя мінералаў. Традыцыйныя кірункі дзейнасці (экасцежка, экапатруль) дапаўняліся новымі — клубы для школьнікаў “Крынічка”, “Зялёны парастак”, “Эком”, факультатыўныя заняткі “Экалогія”, экатэатр, фітабар. Намаганнямі педагогаў, вучняў, іх бацькоў і спонсараў была адкрыта першая ў краіне школьная эксперыментальная лабараторыя “Зімовы сад”, дзе налічваецца 220 відаў раслін трапічнай і субтрапічнай зон, у тым ліку рэдкія віды, 26 прадстаўнікоў сямействаў рыб, чарапах і земнаводных. Па калекцыі фікусаў на момант стварэння лабараторыі мы пераўзышлі батанічны сад акадэміі навук. Выпускніца школы падарыла нам унікальную калекцыю кактусаў. Не кожны акварыуміст горада можа пахваліцца такой колькасцю паўднёваамерыканскіх водных раслін, якія ёсць у лабараторыі. Тут праводзяцца ўрокі біялогіі, факультатывы, заняткі па інтарэсах, гімназісты займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю. Для навучэнцаў горада і гасцей гімназіі ладзяцца экскурсіі.

З 2000 года мы актыўна ўключыліся ў рух за ўстойлівае развіццё ў Рэспубліцы Беларусь, рэалізацыю задач “Мэт тысячагоддзя” і “Дзесяцігоддзя адукацыі для ўстойлівага развіцця”. Мы адна з першых устаноў адукацыі нашай краіны, якая распрацавала і першай апублікавала школьную мясцовую павестку (МП-21): дакумент стаў стратэгічным рэсурсам развіцця нашай установы. З гэтага моманту ключавым кірункам дзейнасці гімназіі стала адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця. У 2009 годзе ў гімназіі загадам камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама быў адкрыты рэсурсны цэнтр па адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця — першы рэсурсны цэнтр такога кірунку ў Беларусі, які сёння з’яўляецца рэспубліканскім рэсурсным цэнтрам комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця. У 2014 годзе гімназія стала адным з сузаснавальнікаў асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, у якую на цяперашні момант уваходзіць 53 арганізацыі. Стартавыя пазіцыі нашай краіны па дасягненнi Мэт устойлівага развіцця прызнаны сусветнай грамадскасцю даволі высокімі. І мы ганарымся тым, што ў гэтым ёсць і наш уклад.

У цяперашні час гімназія разам з 21 установай адукацыі рэалізуе інавацыйны праект “Укараненне мадэлі арганізацыі адукацыйнай практыкі ў інтарэсах устойлівага развіцця ў мэтах фарміравання творчага патэнцыялу навучэнцаў”, які падтрыманы Міністэрствам адукацыі. Мэта праекта — распрацоўка кіраўніцкіх механізмаў укаранення гэтай мадэлі праз пашырэнне сацыяльна актыўнай дзейнасці ўдзельнікаў адкрытай гімназічнай супольнасці. У ажыццяўленні задуманага нас падтрымлівае АПА, МГІРА, каардынацыйны цэнтр “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ імя Максіма Танка.

— Раскажыце, калі ласка, пра асноўныя формы арганізацыі дзейнасці вашага рэсурснага цэнтра.

— Асноўная задача цэнтра — гэта распаўсюджанне ідэі ўстойлівага развіцця і практык адукацыі для ўстойлівага развіцця праз лекцыі і семінары, прэзентацыі і кансультацыі, выставы-агляды метадычных матэрыялаў, адкрытыя ўрокі і пазаўрочныя мерапрыемствы, майстар-класы па фарміраванні кампетэнцый асобы, якая прытрымліваецца філасофіі ўстойлівага развіцця, у тым ліку для слухачоў курсаў абласных і гарадскога ІРА. Педагогі і навучэнцы гімназіі ўдзельнічаюць у міжнародных і нацыянальных праектах, форумах, вэбінарах, адукацыйных візітах. Нашы педагогі прыцягваюцца ў якасці экспертаў ЕЭК ААН пры правядзенні аглядаў выніковасці экалагічнай дзейнасці Беларусі.

Рэсурсны цэнтр з’яўляецца актыўным удзельнікам рэспубліканскіх мерапрыемстваў: сумеснай ініцыятывы ААН і Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь “Экспрэс ААН-70 у падтрымку Мэт устойлівага развіцця”, інфармацыйнай кампаніі “Інклюзіўная Беларусь: не пакідаючы нікога ў баку ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця”, акцыі “Зробім!”. Гімназія № 19 Мінска стала ініцыятарам правядзення адукацыйных біялагічных форумаў. У сакавіку мінулага года пры падтрымцы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, МГІРА, асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” быў праведзены І адукацыйны біялагічны форум “Матыў. Развіццё. Будучыня”, які сабраў навучэнцаў і педагогаў, студэнтаў і выкладчыкаў універсітэтаў, навукоўцаў. Сярод ганаровых удзельнікаў мерапрыемства быў дырэктар МНЦП хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Алег Алегавіч Румо, які пагадзіўся ўзяць пад патранаж наш форум.

У снежні 2018 года ў БДПУ імя Максіма Танка ў рамках работы II Міжнароднага сімпозіума “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў — сацыяльны дагавор” мы прынялі ўдзел у выставе-конкурсе рэсурсных цэнтраў комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця. У студзені гэтага года прадстаўнікі гімназіі будуць абмяркоўваць нацыянальную стратэгію ўстойлівага развіцця на перыяд да 2035 года на нацыянальным форуме па Мэтах устойлівага развіцця.

— Якія канкрэтныя праекты, накіраваныя на рэалізацыю Мэт устойлівага развіцця, гімназіі ўдалося рэалізаваць?

— Сэнс канцэпцыі ўстойлівага развіцця заключаецца ў тым, каб чалавек, які клапоціцца пра забеспячэнне якасці свайго жыцця тут і зараз, думаў аб тым, каб гэтую якасць жыцця мог забяспечыць чалавек, які будзе жыць пасля яго, каб і ён меў магчымасць карыстацца цывілізацыйным багаццем планеты. Асаблівасць адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця — у міжпрадметнасці і практыкаарыентаванасці, магчымасці прымяніць атрыманыя веды ў рэальным жыцці праз удзел у праектнай дзейнасці, акцыях і ініцыятывах. Самы “зялёны” наш праект — “Планета без адходаў” — выйшаў за межы гімназіі, у яго рамках рэалізуюцца такія ініцыятывы, як “Дадзім адходам другі шанс”, “Другое жыццё пластыкавай накрыўкі”, “Школа энергазберажэння для пажылых людзей”, “Чыстая энергія, або Аперацыя “Утылізацыя”. Адным з вынікаў рэалізацыі праекта стала садзейнічанне рэспубліканскім выканаўчым органам улады ў больш хуткім прыняцці рашэння пытання аб будаўніцтве завода па перапрацоўцы выкарыстаных элементаў сілкавання і стварэнні сістэмы збору адпрацаваных батарэек у нашай краіне. У 2016—2018 гадах гімназістамі сабрана 27 614 кг макулатуры, 817 кг батарэек, 715 кг пластыку.Тым самым захавана 754 дрэвы, 1161 280 м2 глебы ад патэнцыяльнага забруджвання. Падчас рэалізацыі праекта “Перасядзь на веласіпед” удалося ўстанавіць узаемадзеянне з уладамі, прадстаўнікамі бізнесу і пабудаваць у партнёрстве на тэрыторыi гiмназii першую ў нашай краіне школьную экавелапаркоўку. Былі арганізаваны 2 велапарады і 3 велапрабегі. Праект “З любоўю і клопатам пра братоў нашых меншых” паспяхова рэалізуецца больш за 5 гадоў. За апошнія 3 гады сабраны і перададзены ў адпаведныя арганізацыі 837 кг сухога корму, 197 кг кансерваў, 29 кг цёплых рэчаў. У мінулым навучальным годзе ў гімназіі запушчаны і паспяхова рэалізуецца новы адукацыйны праект для навучэнцаў пачатковых класаў — “Дзіцячая навукова-даследчая лабараторыя “Геліёс”, у рамках якой створаны музей дажджу. Згодна з праектам “Адпачываючы, развіваемся”, які рэалізоўваўся ў гімназічным летніку на базе ДРАЦ “Надзея”, кожны дзень дзеці ўдзельнічалі ў абмеркаванні Мэт устойлівага развіцця, распрацоўвалі шляхі іх рэалізацыі.

— Ці з’яўляецца сёння экалагічная адукацыя асобным кірункам дзейнасці гімназіі?

— На пэўным этапе развіцця нашай установы экалагічная адукацыя як асобны кірунак дзейнасці гімназіі была абгрунтаванай. Экалогія — гэта сістэма ўзаемаадносін у супольнасці з усімі яе суб’ектамі. Экалогію нельга прыраўноўваць да прыродаахоўных мерапрыемстваў, атрымання сумы ведаў аб навакольным асяроддзі, неабходнасці выхавання любові і клопату пра прыроду. Кожны педагог сродкамі свайго прадмета павінен імкнуцца фарміраваць экалагічную культуру ў кожнага вучня. Пад такім паняццем варта разумець, у прыватнасці, прагназаванне наступстваў уздзеяння чалавека на навакольнае асяроддзе, якія могуць быць неадназначнымі і ўзнімаць шэраг дадатковых пытанняў. Напрыклад, калі пасадзіць дрэва на лініі каналізацыйных сістэм, карані пачнуць разбураць сістэму, хутчэй за ўсё, дрэва спіляць. Дарослыя могуць зрабіць гэта на вачах у дзяцей, і ім давядзецца тлумачыць, што гэта вымушаная мера.

Экалогія ў школе не павінна быць асобным кірункам, профілем або прадметам, не можа выкладацца без узаемадзеяння з іншымі дысцыплінамі, у першую чаргу эканамічнымі і сацыяльнымі. Сістэма экалагічнай адукацыі прадугледжвае дзейнасць, накіраваную на змяншэнне экалагічнага следу, фарміраванне ўласнай экадружалюбнай мадэлі паводзін, шырокі абмен думкамі па розных праблемах: ад сацыяльных — да прагнастычных, а таксама сур’ёзную размову пра дабро і зло, справядлівасць і г.д. Зыходзячы са стратэгіі 5 гарадоў Стратэгічнага плана ўстойлівага развіцця Мінска, вобразам жаданай будучыні нашай гімназіі стаў горад Экаград — супольнасць удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Мы арганізуем такі адукацыйны працэс, які садзейнічае фарміраванню ў жыхароў Экаграда высокага ўзроўню экалагічнай культуры, актыўнай грамадзянскай пазіцыі, пэўных маральных і дэмакратычных прынцыпаў, адчуванню камфорту ў тым месцы, дзе яны жывуць, які дазваляе ім быць адукаванымі, імкнуцца да пастаяннага развіцця і ўдасканалення, праяўляць актыўнасць і ініцыятыўнасць.

— На лагатыпе вашай гімназіі пазначаны дэвіз “Чыстыя думкі, якасць ведаў, поспех у жыцці”…

— Сэнс гэтага пасылу ў наступным: мы праяўляем прафесійную адказнасць у адносінах да дзяцей і іх бацькоў, мы любім кожнае дзіця, якое прыходзіць да нас, і імкнёмся быць яму памочнікам. Мы гарантуем, што ў той сферы і ў тым кірунку, дзе дзіця захоча сябе рэалізаваць, у прадметных галінах мы даём добрую адукацыю (па запытах навучэнцаў на павышаным узроўні ў гімназіі сёння вывучаюцца матэматыка, фізіка, хімія, біялогія і англійская мова). Спалучэнне чыстых намераў і якасці ведаў дае магчымасць дзецям быць паспяховымі. За апошнія 3 гады больш за 130 нашых навучэнцаў узнагароджаны дыпломамі, граматамі за перамогі ў алімпіядным і конкурсным руху. Намаганні творчага, мэтанакіраванага, прафесійнага педагагічнага калектыву гімназіі накіроўваюцца не толькі на работу з адоранымі, высокаматываванымі навучэнцамі, а таксама на стварэнне камфортнага асяроддзя для ўсіх, на рэалізацыю прынцыпаў інклюзіўнай адукацыі, у цэнтры якой знаходзяцца дзіця і яго разнастайныя адукацыйныя патрэбы. Мы павінны гаварыць аб раскрыцці патэнцыялу і рэалізацыі адукацыйнага запыту кожнага навучэнца — і алімпіядніка, і таго, хто, напрыклад, хоча паўдзельнічаць у грамадска карыснай дзейнасці, сацыяльна значным праекце, акцыі або ініцыятыве. Наша задача — прадаставіць магчымасць кожнаму маладому чалавеку праявіць лідарскія і арганізатарскія здольнасці і, безумоўна, асабістыя якасці — дабрыню і спачуванне. Каб веды, вопыт і сілы навучэнцаў і выпускнікоў гімназіі служылі ўмацаванню і росквіту нашага горада і краіны. Мы ўдзячны кіраўніцтву раёна і горада за падтрымку нашых ідэй, якія знаходзяць водгук у сэрцах дзяцей і іх бацькоў.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.