Гісторыя, з’яднаная з сучаснасцю

У гэтыя дні ў Полацку асабліва цёпла: марозныя дні змяніліся сонечнымі, супакоіўся вецер, здаецца, нават убранне гарадскіх паркаў стала яшчэ ярчэйшым, святочным. Свята адчуваецца і сярод жыхароў, асабліва самых юных, якіх на вуліцах не па-кастрычніцку шмат. А нагодай стала тое, што Полацк прызнаны горадам, дружалюбным да дзяцей.

Індэкс дружалюбнасці не залежыць ад стажу

Горад над Дзвіной стаў шостым беларускім горадам, які атрымаў гэты статус. Тое, што для гэтага ён меў усе падставы, у адзін голас зазначылі прадстаўнікі розных міністэрстваў Беларусі, грамадскіх аб’яднанняў і ЮНІСЕФ у Беларусі і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, які курыруе праект у краіне, падчас пасяджэння каардынацыйнага савета, якое прайшло тут у панядзелак.
Традыцыйна перадумовамі для прыняцця рашэння сталі вынікі даследавання становішча маленькіх жыхароў на аснове разліку так званага індэкса дружалюбнасці горада і схільнасць прыярытэтаў развіцця горада ў бок інтарэсаў дзяцей. Пры гэтым улічваліся сем асноўных параметраў: удзел дзяцей у грамадскім жыцці і прыняцці рашэнняў, забяспечанасць іх жыллём, дапамога ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, бяспечнасць горада, умовы для здаровага ладу жыцця, адукацыя і развіццё, вольны час і культура. Нягледзячы на маленькі стаж Полацка ў якасці ўдзельніка міжнароднай ініцыятывы (усяго толькі два гады), пахваліцца гораду ёсць чым: па чатырох апошніх параметрах горад мае найвышэйшыя паказчыкі.

Стаўка на традыцыі

У параўнанні з суседам — маладым Наваполацкам, які стаў першым горадам, дружалюбным да дзяцей, Полацк кардынальна іншы. Яго асаблівая аўра і непаўторнасць пачынаецца менавіта з узросту, з гісторыі.
— Сучасны Полацк — гэта горад музеяў і храмаў, экалагічных фестываляў, міжнародных форумаў, свят навукі, культуры, спорту, — гаворыць Ірына Афанасьеўна Драздова, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама. — Але духоўнасць, традыцыі, культура і гісторыя горада — галоўныя аспекты, на якія мы робім стаўку і якія максімальна выкарыстоўваем пры рабоце з дзецьмі. Які яшчэ горад у Беларусі і нават у Еўропе можа ганарыцца такімі духоўнымі святынямі, як Полацк? Спаса-Праабражэнская царква, непаўторнасць Сафійскага сабора, Ефрасіння Полацкая — асветніца беларускага народа. І гэты спіс можна працягваць бясконца.
На сёння культурную галіну прадстаўляюць 11 музеяў Нацыянальнага полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, 3 палацы культуры, Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур, дзіцячыя мастацкая школа і школа мастацтваў, дзясятак бібліятэк і шмат іншых устаноў. Пра дзіцячую пашану таго, што яны маюць, гаворыць папулярнасць спецыяльнага курса “Полацказнаўства”, які ўведзены літаральна ў кожнай школе. І калі аўтарытэт горада як культурнай сталіцы доказаў не патрабуе, то яму трэба было зрабіць значныя крокі ў іншых кірунках.

Погляд у заўтра

Горад сёння — гэта больш як 52 тысячы чалавек, з іх амаль 19 тысяч — дзеці да 17 гадоў. За апошнія гады Полацк актыўна абсталёўвае сучасныя зоны адпачынку, развівае сферу паслуг, гандлю, грамадскага харчавання. Шмат змен у сістэме адукацыі і спорту: адкрыўся апошні, пяты, корпус сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай, новы дзіцячы садок, рэканструяваны спартыўны комплекс спецыялізаванай дзіцячай школы алімпійскага рэзерву, пабудавана вяслярная база.
Пры гэтым улады горада добра разумеюць, што няма нічога важней за жыццё. Вынікам вялікай прафілактычнай работы — ад абсталявання пераходаў да прафілактыкі ДТЗ літаральна ў кожнай навучальнай установе — стала тое, што ў 2013—2014 гады не было дапушчана ніводнага трагічнага здарэння на дарозе сярод дзяцей. Полацк быў выбраны і для правядзення абласнога злёту юных інспектараў руху.
У кожнай установе адукацыі дзейнічаюць клубы “Юныя сябры міліцыі”. Актыўна абсталёўваюцца навучальныя ўстановы сістэмамі відэаназірання.
Паспяхова дзейнічае праграма інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў сістэму агульнай адукацыі. Станоўчыя змены і ў дашкольнай адукацыі, якой, дарэчы, ахоплены ўсе малышы з трох гадоў. Толькі за апошні час было адкрыта 13 мацярынскіх школ, 9 груп кароткачасовага знаходжання для неарганізаваных дзяцей, 5 адаптацыйных груп.
— Для нас важна ў першую чаргу работа з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, сіротамі, дзецьмі і падлеткамі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, — гаворыць Вікторыя Анатольеўна Лазюк, каардынатар ЮНІСЕФ па пытаннях здароўя і развіцця маладых людзей. — І хочацца спадзявацца, што Полацк будзе і далей рухацца ў кірунку вырашэння іх праблем.

Хочаш жыць цікава — дзейнічай!

Галоўная надзея ў гэтым пытанні і на саму моладзь, якая з нядаўняга часу стала прывыкаць да павышанага даверу да яе з боку гарадскіх улад. Маладыя людзі сталі ініцыятарамі і арганізатарамі розных мерапрыемстваў, маладзёжных форумаў, круглых сталоў, фестываляў і злётаў. У тандэме з дарослымі рэалізавалі сацыяльна значныя праекты “Расфарбуй свет у яркія колеры”, “Клубок дарог”, “Музей у чамадане”, “Роўны вучыць роўнага”. Шмат ініцыятыў накіравана менавіта на асаблівых дзяцей. У маі гэтага года на фестывалі дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў “За намі будучыня!” былі прадстаўлены яшчэ 12 праектаў. Як яны праходзілі і якім бачаць развіццё горада, юныя парламентарыі рэгулярна дзеляцца з гараджанамі на старонках газеты “Полацкі веснік”.
Як развіваць заканатворчую ініцыятыву? Як выстройваць дыялог паміж моладдзю і ўладамі горада? Каб даведацца пра гэта і не толькі, пры маладзёжным парламенце дзейнічае школа маладога парламентарыя “Дзейнічай!”.
— Заняткі тут — гэта вопыт, запатрабаваны ў любой сферы дзейнасці, — гаворыць Дзмітрый Сяліцкі, актыўны ўдзельнік школы, да нядаўняга часу старшыня мала-дзёжнага парламента. — Вучоба тут праходзіць па трох адукацыйных модулях: “Журналістыка і PR-тэхналогіі”, “Заканатворчасць” і “Сацыяльнае праектаванне”. Быць больш актыўнымі ў рашэннях, якія тычацца будучыні горада, дапамагаюць сустрэчы з прадстаўнікамі гарадскіх улад. А для таго каб палітыка горада, дружалюбнага да дзяцей, стала ўваходзіць больш актыўна ў жыццё, мы плануем адкрыць дзіцячую грамадскую прыёмную.
Галоўнымі натхняльнікамі ў горадзе сталі маладыя людзі, а каардынуе іх работу Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі. У 2013 годзе ён стаў лепшым у рэспубліцы ў намінацыі “Эфектыўная арганізацыя метадычнай і інавацыйнай дзейнасці”. За кошт аддзелаў цэнтра ў розных мікрараёнах горада яго студыі і гурткі выбралі 2329 дзяцей. І пералік прапаноў пастаянна павялічваецца. Толькі сёлета адкрыты студыя журналістыкі “Медыямікс”, клуб арганізатараў правядзення вольнага часу, гурток кавальскага майстэрства, школа валанцёра, пашырыўся спектр паслуг Школы ранняга развіцця.
Асаблівасць Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі ў тым, што прыходзяць сюды звычайныя дзеці, а ўжо праз год-другі іх інакш як адоранымі не называюць. За апошнія тры гады яны заваявалі амаль паўтысячы перамог на абласных, 78 — на рэспубліканскіх і 12 — на міжнародных творчых конкурсах. Апафеозам майстэрства і таленту дзіцяці лічыцца яго персанальная выстава — не кожная ўстанова дадатковай адукацыі можа пахваліцца такімі дасягненнямі. Тут жа за такі кароткі час прайшлі ажно 23 выставы!
— Той узровень, на якім працуюць установы дадатковай адукацыі Полацка, напрыклад, Цэнтр дзяцей і моладзі, якім ганарыцца ўся краіна, дасягнуты не сёння, — гаворыць намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Кацярына Анатольеўна Кузьменка. — Гэта вынік працы не толькі сённяшніх педагогаў, якія трымаюць высокую планку, але і тых, хто ўжо не працуе ва ўстанове, у прыватнасці былога дырэктара Таісіі Іосіфаўны Багушэвіч.
Зроблена шмат, але не менш яшчэ запланавана зрабіць. Так, хутка адкрыецца пасля капітальнага рамонту гарадскі Палац культуры, пачнецца будаўніцтва яшчэ аднаго дзіцячага садка, Палаца гульнявых відаў спорту, плануецца стварыць шэраг спартыўных пляцовак у дварах, абсталяваць картадром побач з сярэдняй школай № 18 імя Ефрасінні Полацкай і шмат іншага.
Намеснік старшыні райвыканкама Пётр Мяфодзьевіч Пяткевіч прапанаваў удзельнікам каардынацыйнага савета некалькі сваіх ініцыятыў. На яго думку, можна было б стварыць садружнасць гарадоў, дружалюбных да дзяцей, і каб для кожнага горада ўваходжанне ў яго склад стала падставай для рэалізацыі новых праектаў не толькі ў гарадскім маштабе, але і рэспубліканскім.
— Гэтыя праекты, мерапрыемствы падкрэслілі б самабытнасць ці асаблівасць горада, значныя дасягненні ў пэўнай сферы, скажам, у спорце, — гаворыць Пётр Мяфо-дзьевіч. — У Полацку я прапаную заснаваць традыцыю правядзення Дня дзіцячага беларускага пісьменства.
Гэтая прапанова была прынята адзінадушна, застаецца толькі падрабязна распрацаваць праект. А калі браць пад увагу актуальнасць папулярызацыі беларускай мовы на дзяржаўным узроўні, па словах прадстаўніка ЮНІСЕФ В.А.Лазюк, вынікі горада ў гэтым кірунку могуць стаць яшчэ адным індэксам дружалюбнасці.
Так, ёсць усе падставы для ўпэўненасці, што палачане ўспрымуць набыццё горадам новага статусу не як вынік, а толькі як прыступку да новых дасягненняў. Прычым упершыню намецілася тэндэнцыя руху развіцця гарадоў не разрознена, а ў адным напрамку.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.