Гледачу падабаецца!

- 17:41Культура, Рознае

Незвычайнай прэм’ерай парадаваў гледачоў Брэсцкі тэатр лялек. Ніколі раней на яго сцэне не ставілі іранічны дэтэктыў з элементамі жахаў. І вось нарэшце гледачы ва ўзросце ад 10 гадоў дачакаліся! “Прывід замка Кентэрвіль” паводле твора Аскара Уайльда на працягу 55 хвілін трымае ўсіх у інтрыгуючым напружанні.

У спектаклі, які паставіла харкаўскі рэжысёр Ірына Цыпіна (Украіна), удзельнічаюць вядучыя майстры сцэны Іван Герасевіч і Юрый Цесля, а таксама маладыя артысты Канстанцін Крыштаповіч і Аксана Чывялёва. Дзеянне адбываецца ў паліцэйскім участку, дзе расследуецца шэраг злачынстваў, якія адбыліся ў Кентэрвільскім замку. Кожны следчы прапаноўвае сваю версію развіцця падзей, вывучае доказы і намагаецца разабрацца ў тым, хто ж вінаваты ў загадкавых забойствах. А тым часам пачынаюць адбывацца містычныя падзеі…
Першая версія разыгрываецца з дапамогай рознакаляровых сурвэтак, кожная з якіх выступае ў ролі персанажа любоўнага трыкутніка. У выніку “змадэляваныя закаханыя” трапляюць у шрэдар — машынку для здрабнення папер. А героямі наступнага варыянта развіцця падзей становяцца пончыкі, якімі ў амерыканскім кіно любяць ласавацца копы. Тут ужо выкарыстоўваецца тэхніка “Рука-шарык”. Трэцяя версія паказваецца з дапамогай лялек Кена (сэр Кентэрвіль) і Барбі (Барбара Моўдзіш). Апошнюю бязлітасна топіць у акварыуме злавесная кентэрвільская пачвара. Чацвёрты раз гісторыя інтэрпрэтуецца ў эстэтыцы тэатра ценяў, а ў пятым варыянце зноў вяртаецца тэатр прадмета.
Глядач можа прасачыць і развіццё ўзаемаадносін паміж служыцелямі закона. Напрыклад, старшы інспектар (Іван Герасевіч) — строгі начальнік. Інспектар (Юрый Цесля) — акуратыст і зануда. Ён канфліктуе з сяржантам (Канстанцін Крыштаповіч), які ў сваю чаргу адрозніваецца легкадумнасцю і фліртуе з дзяўчынай-стажоркай (Аксана Чывялёва).
Пасля кожнай сцэны на грудзях стажоркі з’яўляецца злавесная крывавая пляма. Акрамя гэтага, загадкавае перамяшчэнне прадметаў, іх раптоўнае знікненне… Страшна? Так, расследаванне сутыкаецца з самай сапраўднай містыкай!
Дзеці, як вядома, вельмі любяць загадкі, і юныя гледачы могуць далучыцца да работы паліцэйскіх са сваіх месцаў. Мова спектакля для іх зразумелая, бо тут мінімум слоў, усё ў асноўным тлумачыцца наглядна. Дэкарацыі таксама адрозніваюцца мінімалізмам: стол, шафа, настольная лямпа, акварыум, шрэдар, чайнік і яшчэ нешта “па дробязі”.
“Прывід замка Кентэрвіль” стаў дэбютным спектаклем для маладога папаўнення трупы. Канстанцін Крыштаповіч і Аксана Чывялёва прыйшлі сюды вясной. Маладыя спецыялісты-брэстаўчане атрымалі размеркаванне ў родны горад пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
“Рэжысёр засталася імі вельмі задаволена. Ансамблевасць з вядучымі майстрамі сцэны поўная! Усе вельмі здружыліся і працавалі з вялікім задавальненнем, — расказвае дырэктар — мастацкі кіраўнік тэатра, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Шавель. — А з Ірынай Цыпінай і мастачкай Дар’яй Кушнірэнка я сустрэўся ў Інданезіі, у Джакарце, на першым Сусветным карнавале тэатраў лялек. Яны там прадставілі спектакль без слоў, які мне вельмі спадабаўся. Я даўно хацеў, каб у нашым тэатры з’явілася пастаноўка з мінімумам слоў, таму запрасіў іх у Брэст. А калі прапануюць яшчэ нешта цікавае, няхай зноў прыязджаюць. Прыемна супрацоўнічаць з тымі, хто ўпэўнена ведае, чаго хоча! Артыстам лёгка працаваць у спрыяльнай творчай атмасферы”.
Дарэчы, “Прывід замка Кентэрвіль” — першая пастаноўка Ірыны Цыпінай і Дар’і Кушнірэнка за межамі Харкава. На мастацкай нарадзе яна атрымала вельмі добрыя водгукі.
У Брэсцкім тэатры лялек у бягучым годзе гэта ўжо другая прэм’ера (у сакавіку выйшаў спектакль “Добры Оцік-Бегемоцік”), наступная ж запланавана на восень і застаецца сюрпрызам. Акрамя гэтага, капітальна адноўлена музычная пастаноўка “Алі-Баба і сорак разбойнікаў”, якая на працягу 10 гадоў радавала юнага гледача, але апошнія 5 у афішах не з’яўлялася. Калі раней гэты спектакль ішоў паўтары гадзіны, то зараз 60 хвілін. Акрамя гэтага, істотна змяніліся яго акцёрскі склад і сцэнаграфія. Яркія касцюмы, добрая музыка, песні, танцы… Гледачу падабаецца!

 

Алена ГАРМЕЛЬ.