Грамадзянская адукацыя: загадка без адгадкі

- 10:25Прэс-тур

Прапанова адправіцца ў прэс-тур па тэме “Грамадзянская адукацыя” мне падалася лагічнай, бо гэты аспект — адзін з галоўных для кожнага, хто працуе ў сістэме адукацыі. Вандроўка ладзілася Беларускай асацыяцыяй клубаў ЮНЕСКА ў межах яе праграмы “Быць грамадзянінам? Можна навучыцца!” і павінна была паказаць рэальнае становішча спраў: стаць ці наглядным прыкладам вопыту на месцах, ці нагодай для больш дэталёвай распрацоўкі тэмы. Вандроўка папярэднічала трэнінгам, якія БелАЮ разам з калегамі Беларусі, Расіі і Германіі праводзілі на працягу бягучага тыдня для беларускіх педагогаў, трэнераў, якія працуюць у навучальных установах і грамадскіх арганізацыях Беларусі.

Быць грамадзянінам? Можна навучыцца!

Аргументуючы выбар тэматыкі прэс-тура, Віталь Нікановіч, намеснік старшыні БелАЮ, адзначыў: “Час перад намі ставіць новыя выклікі. Кожныя два гады веды памнажаюцца на два, і, адпаведна, нам усім трэба адаптавацца да новых умоў. Асабліва гэта тычыцца адукацыі. Не менш актуальная і тэма грамадзянскасці, уласнага стаўлення да ўсяго, што адбываецца вакол. Мы шукаем прыклады эфектыўных форм, праграм грамадзянскай адукацыі ў Беларусі і вывучаем, як гэтыя праграмы ўплываюць на маладых людзей, як яны выхоўваюць. Гэта рэвізія вопыту, каб прасоўваць паспяховыя практыкі, а калі высветляцца праблемы, то гэта нагода расставіць кропкі росту, каб рухацца ў гэтым кірунку больш эфектыўна.

Мы ў пошуку адказаў на пытанні “Ці сучасныя мы, беларусы?”, “Ці здольны мы выйсці ў жыццё, заняць дастойнае месца на рынку працы, быць канкурэнтаздольнымі, атрымліваць высокія зарплаты, ініцыіраваць новае, весці за сабой, падымаць свой рэгіён?”, “Ці дапамагаюць існуючыя праграмы адчуваць сябе ўпэўненымі на рынку працы і ці дапамагаюць разабрацца ў самім сабе, знайсці сваё месца ў жыцці?”, “Ці разумее сённяшняя моладзь, як функцыянуе грамадства, дзяржава, ці ведае, як рэагаваць на праблемы і куды звярнуцца?”, “Ці ўмее моладзь кіраваць канфліктамі, працаваць у камандзе і ці здольна будзе ствараць сем’і?”.

Усё гэта — тое, што павінны даваць праграмы грамадзянскай адукацыі. Тое, што даказвала, што мы, займаючыся з дзецьмі, не проста інвесціруем свой вольны час, а адчуваем дакладна, што наша дзейнасць мяняе жыццё нашых выхаванцаў”.

Любіць можна толькі тое, што добра ведаеш

Калі спектр пытанняў такі шырокі, то натуральна, што ў маршрут журналістаў (да беларускіх далучыліся і нямецкія журналісты) былі ўключаны разнапланавыя ўстановы і арганізацыі: установы дадатковай адукацыі і выхавання, клубы ЮНЕСКА, арганізацыі нефармальнай адукацыі дарослых.

Так, першым прыпынкам стаў клуб ЮНЕ СКА “Пегас”, што ў Слуцкім цэнтры турызму. Яго ўдзельнікі перакананы: любіць можна толькі тое, што добра ведаеш. Вось чаму тут найбольш актыўна працуюць у краязнаўчым кірунку. Яго выхаванцы вывучаюць гісторыю, культуру роднага горада і Беларусі ўвогуле. Для гэтага тут працуюць адукацыйныя праграмы. Сярод іх — праекты “Пілігрым” (9-дзённае падарожжа, якое дзеці самі распрацоўваюць і праводзяць), “Кола гісторыі” (яго ўдзельнікі выязджаюць на месцы гістарычных падзей, дзе ў інтэрактыўнай форме даведваюцца пра падзеі, якія там адбываліся) і інш. Для іх удзельнікаў далучэнне да праектаў стала матывацыяй захапіцца гісторыяй. Напрыклад, для Дар’і Лобусь выпадковы ўдзел у праекце “Сярэднявечча вачыма сучасніка”, пагружэнне ў гісторыю прывяло да таго, што яна выбрала прафесію настаўніка гісторыі і вучыцца на гістфаку БДУ.

Хаця рэалізоўваюцца дзіцячыя ініцыятывы і ў іншых кірунках, такіх як кулінарныя паядынкі, вячэрні кінаклуб, адукацыйна-прыгодніцкія квесты.

Дружба без абмежаванняў

У Гомельскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі мы зазірнулі ў клуб ЮНЕСКА “Дружба”, у якім рэалізоўваюцца ў тым ліку і маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Усе разам яны збіраюцца за чаем, абмяркоўваюць гендарныя праблемы, праблемы здароўя, абменьваюцца ўражаннямі ад сваіх сумесных вандровак па іншых гарадах, няхай сабе і рэдкіх. Але найчасцей яны тут збіраюцца за настольнымі гульнямі “Дыксіт”, “Эківокі”, “Тауэр”, “Цытадэлі” і інш.

Алена Яўсеенка, старшыня клуба, расказваючы пра гісторыю такога шырокага выбару гульняў, паведаміла: “Перад запускам праекта мы правялі апытанне сярод маладых людзей з абмежаваннямі. Аказалася, што, акрамя шахмат, шашак, даміно і настольнага тэніса, яны нічога не ведалі. Летась мы выйгралі грант у конкурсе Social Weekend, на які закупілі паўсотні настольных гульняў. Зараз усе разам у іх гуляем у клубе. Калі могуць, да нас прыходзяць маладыя інваліды, калі не — мы ладзім выязныя гульнятэкі ў доме-інтэрнаце для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Хаця часам гульня толькі нагода для сустрэч: яны, як і кожны з нас, хочуць сябраваць, развівацца, мець магчымасць падзяліцца сваімі радасцямі”.

Сацыяльныя ініцыятывы і здаровае жыццё

Пра свае праекты расказалі журналістам і ўдзельнікі абласной школы лідараў, якая была арганізавана на базе палаца. Тут сабраліся прадстаўнікі ўсіх раёнаў Гомельскай вобласці. Так, Аляксандра Ігнатоўскага з Лельчыцкай раённай гімназіі асабліва турбуе тэма здаровага ладу жыцця, таму ён арганізоўваў акцыю “Абмяняй цыгарэту на цукерку”, флэш-моб “Кідай курыць!” (гэты заклік дэманстравалі некалькі дзясяткаў маладых людзей, якія сабраліся на плошчы і кашлялі хорам). Старшыня савета старшакласнікаў Кацярына Гаўрыленка лічыць, што моладзі трэба дапамагчы выбраць занятак на будучыню, таму старшакласнікам сёлета пра рэальныя плюсы і мінусы сваіх прафесій расказвалі настаўнікі, юрысты, журналісты, урачы, кранаўшчыкі, вучоныя і інш. На вуліцах Рэчыцы ўжо 4 гады дзейнічае школа для аматараў ролікавых канькоў, што вылілася ў правядзенне фестываляў па слаламе на роліках Summerfest. А аматараў прыгожых беларускіх пейзажаў і славутасцей аб’яднаў праект Вадзіма Бялецкага з Веткаўскага раёна “Укл-выкл”, вынікам якога стаў ролік, зманціраваны з 2-секундных дэманстрацый славутасцей розных раёнаў вобласці і які ўжо набыў папулярнасць на відэахостынгу YouTube.

У Жлобіне мы ўбачылі спробу навучыць моладзь адносіцца больш адказна да свайго здароўя — фізічнага і псіхалагічнага — у цэнтры, дружалюбнага да падлеткаў, “Ветразь”. Сюды прыходзяць тыя, у каго не склаліся адносіны з бацькамі ці настаўнікамі, тыя, хто стаў ахвярай булінгу, тыя, хто трапіў у дрэнную кампанію, і інш. Псіхолаг Алеся Зянькова прызналася, што часам знайсці праблему бывае няпроста: “Аднойчы да мяне звярнулася дзяўчынка, якая камплексавала з-за вагі. Сталі разбірацца. Высветлілася, што ў падлетка ёсць і іншыя праблемы: неразуменне з бацькамі, няўменне наладзіць кантакт з аднагодкамі процілеглага полу і ў выніку нават сумненні ў сваёй гендарнай прыналежнасці. На жаль, не ўсе, каму патрэбна дапамога, знаходзяць сюды дарогу. У прыватнасці, каб вырашыць самую актуальную праблему для горада — нарказалежнасць, сюды прыходзяць вельмі рэдка”.

Цыганскі ўсенавуч

Сваімі напрацоўкамі ў галіне грамадзянскай адукацыі, толькі ўжо сярод дарослых, падзяліліся спецыялісты рэгіянальнага рэсурснага цэнтра па развіцці дадатковай адукацыі дарослых у Гомелі. Так, праект “Адукацыя адчыняе дзверы” дазваляе асуджаным дарослым падчас адбывання пакарання ў турмах атрымліваць адукацыю па рабочых спецыяльнасцях. Такое навучанне ўжо наладжана ў 6 установах.

Ніна Кекух, дырэктар Гомельскага абласнога грамадскага аб’яднання “Сацыяльныя праекты”, расказала аб праекце “Адукацыя рома — новы погляд у будучыню”, які выхоўвае такі элемент грамадзянскай адукацыі, як талерантнасць, улік інтарэсаў людзей іншай нацыянальнасці. У Гомельскай вобласці цыганы пражываюць найбольш кампактна — тут іх каля 8 тысяч. З іх ніводнае дзіця не наведвае дзіцячы садок, 80 працэнтаў дарослага насельніцтва непісьменныя, 90 працэнтаў афіцыйна не працаўладкаваны, у тым ліку і з-за адсутнасці дакументаў аб адукацыі (толькі 5 працэнтаў прадстаўнікоў рома заканчваюць школу). Таму ў межах праекта навучанне праходзяць і дзеці дашкольнага, і школьнага ўзросту, і дарослыя. Акрамя таго, для дзяцей арганізоўваюцца летнія лагеры, ладзяцца фестывалі цыганскай культуры. Прычым аніматарамі выступаюць самі ж члены суполкі, якія прайшлі адпаведнае навучанне, — узровень даверу да іх прадстаўнікоў большы, чым да іншых.

Выхаванне пэндзлем

Пра тое, як выхоўвае грамадзяніна пэндзаль, мы даведаліся, завітаўшы ў Бабруйскую гарадскую дзіцяча-юнацкую ўзорную студыю выяўленчага мастацтва “Вясёлка”. Штогод больш за паўсотні бабруйчан ад 5 да 18 гадоў не толькі вучацца маляваць, але і быць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, у падрабязнасцях ведаючы яе гісторыю і маючы да яе сваё стаўленне. Прыклад гэтага — беларуска-расійскі праект “Нашчадкі Вялікай Перамогі”, ініцыіраваны заснавальнікам і кіраўніком студыі Ігарам Моціным.

У дзіцячых карцінах — сюжэты апавяданняў іх бацькоў і дзядоў, боль страт, пачуцці нашых продкаў.

Сам жа Ігар Моцін падчас дыскусіі аб тым, хто ж усё-такі фарміруе грамадзянскую пазіцыю чалавека, адзначыў, што гэта ў першую чаргу бацькі, а навучальныя ўстановы толькі дапамагаюць яе адточваць.

“Дзеці — люстэрка сям’і”, — перакананы Ігар Уладзіміравіч. І за 30 гадоў работы ўжо з добры дзясятак яго былых вучняў прывялі да свайго педагога ўжо сваіх дзяцей, і ён ужо бачыць у іх годнае адлюстраванне сваіх былых выхаванцаў.

“Наколькі вы завялі гадзіннік, настолькі ён і будзе працаваць, — тлумачыць мастак. — Калі педагог фармальна займаўся з дзіцем і нават забыўся, чым канкрэтна, тое, выйшаўшы з аўдыторыі, становіцца вандалам: можа намаляваць свастыку, як мы нядаўна бачылі на касцёле, можа пакатацца на скейце на плітах каля танка Бахарава. Я ж упэўнены, што ніводны з маіх 55 сённяшніх выхаванцаў гэтага не зробіць”.
А ўвесь сакрэт, па яго меркаванні, у асэнсаваным падыходзе да ідэй іх мастацкіх работ. “Навучыць маляваць можна і малпу, але думаць малпу не навучыш. Я даю дзецям не тэму, а праблему, якую яны выкладаюць пэндзлем — кожнае па-свойму”.

Пошукі выйсця з працягам

Маршрут завяршаўся, але адказ на сваё галоўнае пытанне я так і не знайшла. За пералікам сваіх праектаў і акцый мае суразмоўцы часта губляліся, калі размова заходзіла пра вынік. Канкрэтныя навыкі, якія мы абавязаны выпрацоўваць у нашых дзяцей, яны стараліся вызначыць агульнымі фразамі. А калі ёсць толькі агульныя словы, гэта гаворыць пра тое, што ў нас няма разумення, што канкрэтна нам трэба рабіць. Мы выхоўваем навобмацак.

Грамадзянін у розныя гады, эпохі павінен быць розным. З гэтым згодны ўсе. Але вось у чым павінны быць адрозненні ў падыходзе да выхавання моладзі ХХІ стагоддзя? Пра гэта я пыталася і ў педагогаў са стажам. Напрыклад, Анжаліка Шарамет, педагог Лельчыцкага РЦТДіМ, адзначыла: “Я дагэтуль расказваю дзецям, які гонар адчувала, калі насіла гальштук, як дрыжала ад хвалявання, баялася, што магу не адказаць на ўсе пытанні камісіі, калі мяне прымалі ў камсамол, што нават забылася сваю пасаду ў дружыне. Праўда, дзеці мне не вераць”. А з сучасных падыходаў адзначыла педагог узаемаадносіны з дзецьмі ва “УКантакце”: “Напрыклад, я пішу “Саша, у нас заўтра акцыя “Дапаможам ветэранам”. Збяры сваіх лідараў і арганізуй”.

Чакайце! Вы не крыўдзіцеся на сучасных школьнікаў, а проста прыміце, што яны ўжо не такія, якімі былі вы. А знаходзіць падыход трэба і да тых, у каго ўжо няма дрыжыкаў ад хвалявання, няма і такіх аўтарытэтаў, як піянерважатая, і піянерскі кліч згубіў сваю актуальнасць. Іх — не горшых, а іншых, сучасных — нам трэба выхоўваць сёння і зараз. Відавочна, што выхоўваць трэба па-новаму.

У разуменні гомельскіх педагогаў аснова асноў — навучыць дзяцей правільна сябе паводзіць падчас гучання гімна, з заплюшчанымі вачыма апісаць герб Беларусі, пералічыць расліны, якія на ім адлюстраваны.

Насцярожвае і тое, што ідзе поўная аналогія грамадзянскага выхавання з патрыятычным, тым самым абмяжоўваючы яго сэнс. Сваімі разважаннямі на гэты конт падзяліўся Віталь Нікановіч: “Я лічу, што патрыятызм — гэта ірацыянальная любоў да Радзімы, а грамадзянскасць — рацыянальная. І падчас паездкі найчасцей мы бачылі патрыятызм — безумоўную любоў: мы проста любім сваю краіну, любуемся яе прыродай, славутасцямі, але нічога не робім, каб наша краіна стала яшчэ прыгажэйшай. Вось чаму маладыя людзі, як мы высветлілі, не вяртаюцца пасля ўніверсітэта на сваю радзіму, у маленькі гарадок ці вёску, аргументуючы прынцыпам “буду там, дзе згаджуся”. Мне ж бліжэй беларускае “Дзе нарадзіўся — там і згадзіўся”. Грамадзянская адукацыя вучыць, што лепш быць першым у маленькім горадзе, чым згубіцца ў вялікім”.

Праўда, для гэтага трэба навучыць стаць першым, калі ёсць праблемы — не моўчкі на іх глядзець, а вырашаць. Дар’я Кантаева, галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама, літаральна за апошнія два-тры гады заўважыла рэзкі спад маладзёжнай актыўнасці: “Напрыклад, раней моладзь прыходзіла да нас са сваімі прапановамі па правядзенні Дня моладзі, мы пашыралі яго праграму, уключалі мноства новых нумароў. Цяпер Дзень моладзі няма з чаго зрабіць: у моладзі няма ідэй! Нашы дзверы заўсёды адчынены, мы гатовы дапамагаць рэалізоўваць любыя ідэі, але ініцыятыў няма. Магчыма, мы нешта важнае ўпусцілі, дазволіўшы дзецям быць не стваральнікамі, а найчасцей спажыўцамі”.

Праз тры дні вандровак ад горада да горада, ад педагога да педагога, ад арганізацыі да арганізацыі мяне спалохала ўсведамленне: хоць тэрмін “грамадзянскае выхаванне” мы чуем пастаянна, але што ён значыць, як і чаму вучыць дзяцей у гэтым кірунку, для многіх — загадка.

Святлана НІКІФАРАВА.