Гучыць беларуская музыка

- 14:25Навіны рэгіёнаў

II адкрыты гарадскі фестываль-конкурс беларускай музыкі “Вянок дружбы” прайшоў у сярэдняй школе № 18 Гродна.

Конкурс беларускай музыкі “Вянок дружбы” бярэ свой пачатак у 1998 годзе. Тады ў сярэдняй школе № 18 праводзіўся школьны фестываль-конкурс “Натхненне”, адзін з дзён якога прысвячаўся беларускай культуры.
Наша школа заўсёды была зацікаўлена ў развіцці беларускага мастацтва, таму з 2006 года мы праводзілі агульнашкольны фестываль-конкурс “Вянок дружбы”. Правядзенне I гарадскога фестывалю-конкурсу беларускай музыкі “Вянок дружбы” ў сакавіку 2012 года стала магчымым пры падтрымцы аддзелаў культуры і адукацыі Гродзенскага гарвыканкама. Тады ў ім прынялі ўдзел навучэнцы з Гродна і Слоніма, Гродзенскага раёна.
У ІІ адкрытым гарадскім фестывалі-конкурсе беларускай музыкі “Вянок дружбы” прынялі ўдзел 74 навучэнцы з пяці школ і гімназій Гродна. Яны выконвалі творы беларускіх кампазітараў і беларускія народныя песні і танцы ў апрацоўках. 22 творы (аўтарскія і апрацоўкі беларускіх песень) з 56 былі творамі Алы Барысаўны Фрэйнклах, якая больш за 30 гадоў працуе ў сярэдняй школе № 18 Гродна настаўніцай музыкі па класе фартэпіяна. Яе творы і апрацоўкі беларускіх песень выконваюць на конкурсах рознага ўзроўню не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і за яе межамі.
Навучэнцы дэманстравалі сваё майстэрства ў намінацыях “Сола” и “Ансамбль”. У гэты дзень гучалі раяль і акардэон, баян і гітара, цымбалы, скрыпка, балалайка.
Пераможцамі ў намінацыі “Сола” малодшай узроставай групы сталі тры прадстаўнікі гімназіі № 5 Гродна Варвара Бобікава, Кацярына Баліцкая і Канстанцін Якаўлеў, а таксама вучаніца сярэдняй школы № 18 Агата Сілава. Навучэнцы гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Аніта Рашчэўская і Васіліса Сарокіна сталі пераможцамі ў сярэдняй узроставай групе. Яшчэ адна прадстаўніца 18-й школы Надзея Бралко перамагла ў старэйшай узроставай групе. Сярод ансамбляў лепшым стаў дуэт Аляксандры Церабей і Настассі Баркоўскай з сярэдняй школы № 36 з польскай мовай навучання. Яшчэ 37 удзельнікаў адзначаны дыпломамі ІІ і ІІІ ступені.

Таццяна БАНДАРОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце факультатыўных заняткаў
музычнай і харэаграфічнай накіраванасці сярэдняй школы № 18 Гродна.